Прынятыя ў сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў

9 чэрвеня на дыстанцыйным пасяджэнні Рады ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" была прынятая заява ў сувязі з пагаршэннем сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі. Таксама былі абмеркаваныя вынікі пасяджэння Прыёмнай камісіі СБП. У выніку галасавання ў склад арганізацыі былі прынятыя пяць новых сябраў: Вінцук Вячорка, Алесь Кіркевіч, Ганна Комар, Галіна Сіўчанка, Людміла Шчэрба. Віншуем новапрынятых!

Вінцук Вячорка (пашп. Валянцін Рыгоравіч Вячорка; псэўданімы: В. Берасьць, Мікола Сьцьвіскі, В. Б., В. Мяцеліца) нарадзіўся 7 ліпеня 1961 году ў Берасьці. Закончыў філялягічны факультэт БДУ (1983), асьпірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук (1986).

Выкладаў беларускую мову ў Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце (цяпер БДПУ, 1990–1994). У 1990–1999 выкладчык гісторыі і культуры беларускай мовы ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Выкладаў у Віленскім унівэрсытэце, выступаў зь лекцыямі ў Кіева-Магілянскай акадэміі, Карлавым унівэрсытэце (Прага), унівэрсытэце Waterloo (Канада) ды інш.

Ад 1981 году вёў курсы беларускае мовы для моладзі і для ўсіх узростаў (“Моўныя сустрэчы”, пазьней “Мова ціКава” і “Мова Нанова”), для пэдагогаў дашкольных установаў, для пісьменьнікаў згуртаваньня “Тутэйшыя”, для журналістаў і г. д. У 1980-я — 90-я гады кансультаваў у моўных пытаньнях аўтараў тэкстаў песень рок-гуртоў.

Публікаваўся ў пэрыёдыцы з 1977 (рэцэнзіі, нарысы пра дзеячоў культуры, пра беларускую мову ў „Чырвонай змене“, „Ровеснику“, „Знамени юности“, „Бярозцы“, “Нёмане”, „Добрым вечары“, „Свабодзе“ і інш.

Выдаваў пазацэнзурныя літаратурныя і палітычныя часопісы «Люстра Дзён» (1980–1981, з С. Дубаўцом і С. Сокалавым-Воюшам, 4 нумары), «Бурачок» (1986–1987, з А. Бяляцкім, С. Дубаўцом, В. Івашкевічам, 3 нумары).

З 1990 у навукова-папулярным і культурна-асьветным часопісе „Спадчына“, з 1997 намесьнік галоўнага рэдактара. Вяртаў ва ўжытак раней забароненыя тэксты эпохі беларускага адраджэньня 1-й паловы ХХ ст., публікаваў уласныя эсэістычныя тэксты пра постаці і падзеі беларускай гісторыі і культуры. Аўтар нарысаў пра нацыянальную сымболіку, у тым ліку кнігі для дзяцей “Пра герб і сьцяг” (1993) і артыкулаў у зборніках.

На Радыё Свабода ў пачатку 1990-х гадоў вёў праграму аб беларускай мове, у 1997—1999 г. быў суаўтарам культурна-асьветнага цыклю „Неабжытая спадчына“. З 2014 г. вяду сэрыю эсэ пра беларускую мову, якія ляглі ў аснову дзьвюх кніг.

Як лінгвіст вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, гісторыю і тэорыю правапісу, творчасьць лінгвістаў, імёны якіх былі пад забаронай у БССР. Публікаваўся ў штогадовіку „Беларуская лінгвістыка“, у энцыкляпэдыі „Беларуская мова“ (1994). Ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, аўтар зводаў „Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі“ (1995); „Беларускі клясычны правапіс“ разам зь Ю.Бушляковым, З.Саньком і З. Саўкам (2005).

У 1990-я намесьнік старшыні Нацыянальнай тэрміналягічнай камісіі. Кансультант і рэдактар тэрміналягічных слоўнікаў з матэматыкі, фізыкі, хіміі, харэаграфіі ды інш.

Уклаў (разам з П.Садоўскім) першыя праграмы і чытанкі для беларускамоўных дзіцячых садкоў. Аўтар праграмы „Гісторыя і культура беларускай мовы“ для ліцэяў.

Грамадзкая чыннасьць. Сузаснавальнік Беларускай Майстроўні (1980), згуртаваньня „Талака“ (1985), Канфедэрацыі беларускіх суполак (1988), Беларускага Народнага Фронту (1988), Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (1989), Цэнтру Супольнасьць (1995), Таварыства беларускай школы (1983 і 1996), Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі (1997) і інш.

Прэміі, узнагароды: прэмія „За сумленнае слова“ часопіса „Архэ“ (2000); узнагарода "Democracy Courage Tribute" Усясьветнага руху за дэмакратыю (2004); прэмія «За абарону прынцыпаў дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека» чэскага Інстытуту дасьледаваньня таталітарных рэжымаў (2018); мэдаль „Да 100-годзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі“ Рады БНР (2018); „Чэмпіён грамадзянскай супольнасьці“ ў намінацыі „Мэдыяактыўнасьць году“ Асамблеі няўрадавых арганізацыяў (2018).







Алесь Кіркевіч або Аляксандр Кіркевіч (нар. 9 лістапада 1989, Гродна) — былы намеснік старшыні Маладога Фронту і кіраўнік Гродзенскай філіі маладзёжнай арганізацыі. Палітвязень Беларусі. Вязень сумлення. Журналіст. Сябра БАЖ.

А.Кіркевіч нарадзіўся ў 1989 г. у Гродна ў сям’і гісторыкаў. Ягоны дзед Аляксандар быў вядомым у Гродна краязнаўцам.

Пасля заканчэння 1-га ліцэя паступіў у Гродзенскі ўніверсітэт - на гістфак, спецыяльнасць «археалогія». Сам сышоў з другога курса. Быў намеснікам старшыні “Маладога Фронту”, кіраўніком яго Гродзенскай філіі.

На сённяшні дзень працуе як журналіст-фрылансер.

2013 год - лаурэат прэміі імя Францішка Аляхновіча: «Вясна. Анталія. Вялікдзень: Філасофія турэмнага дворыка» і «Няскончаная Адысея: Беларуская турма для пачынаючых». Фіналіст Літаратурнай прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча за кнігу "Самурай".



Ганна Комар (нар. 20 сакавіка 1989БаранавічыБрэсцкая вобласць) — беларуская паэтка, пісьменніца і перакладчыца.

Скончыла факультэт англійскай мовы МДЛУБеларускі Калегіюм, Школу маладога пісьменніка, вучыцца ў Школе паэзіі і перакладу пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Наведвала Перакладчыцкую майстэрню. Працуе сакратаркай у Беларускім ПЭН-цэнтры.

Аўтарка паэтычных зборнікаў «Страх вышыні» (Мінск, 2016) і «Recycled» (Лондан, 2018). Паасобныя творы Ганны Комар перакладзены на польскую мову Богданам Задурам.

Перакладае з англійскай уласныя і чужыя тэксты. Укладальніца і перакладчыца (разам з Юліяй Цімафеевай і Наталляй Бінкевіч) зборніка перакладаў Чарлза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (2017).

Эксперыментуе ў жанры фота і відэа-паэзіі, запісвае свае тэксты з музычным афармленнем. Супрацоўнічала з беларускім электронным гуртом «Maximalism» у межах конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай-5».

Паэзія, пераклады і проза публікаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», «Паміж» і газеце «Літаратура і Мастацтва».

Брала ўдзел у паэтычных фестывалях «Вершы на асфальце» (Мінск), «Прадмова» (Мінск, Гродна, Брэст), Літаратурны тыдзень Еўразійскай творчай гільдыі (Лондан), «Час паэтаў» (Люблін), паэтычных слэмах і конкурсах («Вершы на асфальце», «Рухавік», «Дорогой поэт»), праектах «Вершаява» і «Перастварэнне» Фонда Роберта Боша і Беларускага ПЭН-цэнтра (2017—2018), творчай рэзідэнцыі ірландскага мастака Марка Дзёркана ў музеі Заіра Азгура (2018).

  • Фіналістка конкурсу «Экслібрыс» імя Рыгора Барадуліна (2015).

  • Фіналістка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2017) у намінацыі «Паэзія».

  • Лаўрэатка прэміі імя Марзіі Закір’янавай за найлепшы жаночы твор (2017, Стакгольм).

  • Фіналістка літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай (2017).

  • Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2018) у намiнацыі мастацкі пераклад за зборнік Ч. Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (разам з Ю. Цімафеевай і Н. Бінкевіч).

  • Лаўрэатка конкурсу «Першацвет».






Галіна Паўлаўна Сіўчанка, нарадзілася 5 лістапада 1983 года ў Берасці (Беларусь). 

У 2001 годзе скончыла англійскі профіль берасцейскага гададскога ліцэя № 1, у 2006 годзе скончыла факультэт замежных моў Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна з дыпломам з адзнакай (спецыяльнасць “лінгвіст, выкладчыца англійскай мовы, нямецкай мовы, беларускай мовы і літаратуры).

У 2007 годзе скончыла магістратуру, а ў 2011 годзе – аспірантуру філалагічнага факультэта БДУ (спецыяльнасць “тэорыя мовы”).

У 2006-2007 і 2012 гг. працавала выкладчыцай англійскай мовы на факультэце замежных моў БрДзУ імя А.С. Пушкіна. З 2008 да 2016 супрацоўнічала з выдавецтвамі “IDEAnomix” (Менск) і “Питер” (Расія) як перакладчыца навукова-папулярнай літаратуры з англійскай мовы на рускую. У 2016–2017 навучальным годзе працавала настаўніцай англійскай мовы ў сярэдняй школе №23 г. Менска. 

З 2017 года займаецца рэдагаваннем і карэктаваннем беларускай мастацкай літаратуры (Ч. Букоўскі “Чытво”, рэдактар; Наталка Харытанюк “Казкі старога Адамкова”, карэктар; К. Ісігура “Не адпускай мяне”, рэдактар). 

Піша вершы па-беларуску з 2017 года. Друкуецца ў перыядычных выданнях з 2018 года. Аўтарка кнігі вершаў “Зоў звычаю” (Менск, Медысонт, 2018), якая была ўзнагароджана прэміяй “Дэбют” імя Максіма Багдановіча (намінацыя “Паэзія”). З 2018 года адбыліся прэзентацыі кнігі ў Менску, Полацку, Віцебску, Берасці. 

Удзельніца праграмы “Рэзідэнцыя маладога літаратара” (Вільня, 2017). Брала ўдзел у фестывалі “Вершы на асфальце” імя Міхася Стральцова, фестывалі інтэлектуальнай кнігі “Pradmova”.

 

Роман "Уладар рыбаў" переносит читателя в белорусское духовное пространство.


Шчэрба Людміла Віктараўна, нарадзілася 29.05.1973 г. у г. Мінску. 

Скончыла музычную школу па класе цымбалаў, філфак БДУ, аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Працавала ў часопісе “Першацвет”, газеце “Сям’я”, зараз літаратурны рэдактар газеты “Камсамольская праўда” ў Беларусі, вядучы рэдактар літаратурны “Беларускага гістарычнага часопіса”.

Паэзія і проза публікаваліся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Знамя юности”, “Чырвоная змена”, “Сям’я”, часопісах “Маладосць”, “Першацвет”, “Верасень” і інш., журналісцкія і даследчыя матэрыялы – у “Першацвеце”, “Сям’і”, “Камсамольскай праўдзе” ў Беларусі, на tut.by і інш., навуковыя артыкулы – у выпуску “Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта”. У школьныя гады ўдзельнічала ў літаратурнай перадачы паэта Міколы Чарняўскага “Першыя сцяжынкі”, у студэнцкія – сябра літаб’яднання “Крыніцы” і “Першацвет” пісьменніка Алеся Масарэнкі. Госця перадач на “Беларусь 3” (“Суразмоўцы”, Н.Гальпяровіча), “БелСат” (“Мова нанова”, Г.Лабадзенкі), “Радыё Рацыя” (“Жыццё з літаратурай”, А.Аркуша) і інш., удзельніца імпрэз Паэтычнага тэатра “Арт.С” (А.Спрынчан) і інш.

У 2016 г. на платформе kniharnia.by электроннай кнігай выйшаў поўны варыянт рамана “Уладар рыбаў” (2003 г., час. “Маладосць”). У 2017 г. – раман “Урб@н.М. Адзін дзень не майго жыцця” (“Выдавецтва “Янушкевіч”, шорт-ліст літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес – 2017”). У 2020 г. у выдавецтве “Кнігазбор” – зборнік паэзіі “Я пакідаю сонца тут…”.

Аўтар новых жанравых форм – раман-фільмаслоў (“Уладар рыбаў”), нанараман-правакARTцыя (“Урб@н.М”, пабудаваны па прынцыпе лапікавай коўдры) – і тэрміна “лапікавая коўдра” (у дачыненні да мастацкага тэксту), які прыжыўся ў беларускай літаратуры і літаратуразнаўстве. Таксама аўтар і выканаўца песень.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"