"Прытулак памяці". Міколу Пракаповічу — 70!

1 лістапада святкуе свой юбілей берасцейскі паэт, наш сябар Мікола Пракаповіч. ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе Мікалая Мікалаевіча і зычыць усіх дабротаў: даўгалецця, моцнага здароўя, далейшай плённай творчай дзейнасці!

Адмыслова да святочнай даты ў серыі "Кнігарня пісьменніка" пабачыў свет зборнік вершаў і паэм Міколы Пракаповіча пад назвай "Прытулак памяці" са змястоўнай прадмовай Алеся Каско, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, якую ён напісаў яшчэ пры жыцці. 

"Мне, як і ягоным чытачам, ад самага пачатку ў вершах Міколы Пракаповіча імпанавала яшчэ адна, апрача патрыятычна-багдановічаўскай, пуцяводная зорка: мройная зорка свабоды чалавека ад гвалту, прыніжэння, неабходнасці быць "вінцікам" бяздушнага грамадскага механізму. Паэт нярэдка <...> выходзіць на маштабныя філасофскія абагульненні, і ўсё ж агульналюдскія каштоўнасці і каштоўнасці нацыянальныя ў яго нед'емныя, дзве іпастасі свабоды злітныя, як святло падвойнай зоркі ў Сусвеце", -- адзначае Алесь Каско ў штрыхах да творчага партрэту свайго калегі і сябра. І гэта сапраўды так.

Журавы

Пажаўцелі сцяблінкі травы-муравы,
адцвілі верасы на ўзлессі...
Журавы, журавы,
ці сумуеце вы
пакідаючы наша Палессе?
Што шукаеце вы:
цеплыні, сінявы
у далёкіх заморскіх краінах?
Вось бы мне на крыло
і туды, на сяло...

На каго ж я матулю пакіну,
наш заснежаны дом
і раку пад ільдом,
і калядную звонкую песню?..
Журавы, журавы,
прылятайце хутчэй,
прынясіце вясну на Палессе!

Мікола Пракаповіч


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"