Пятру Кошалю — 75!

Пётр Кошаль
Пётр Агеевіч Кошаль нарадзіўся ў 1946 годзе ў Слуцку ў сям’і чыгуначніка, былога партызана. У 1952 г. сям’я з’ехала на Сахалін, дзе скончыў школу. Пасля жыў у Паўднёва-Сахалінску, Навасібірску, Малдове, Мінску. Працаваў у газеце, на заводзе, настаўнікам у вясковай школе на Магілёўшчыне.

У 1978 г. скончыў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага. У 1982―1995 гг. вядучы рэдактар выдавецтва «Савецкі пісьменнік», курыраваў перакладную паэзію Украіны, Беларусі, Малдовы, Паўночнага Каўказа.

Дэбютаваў у друку ў 1963 годзе. Вершы публікаваліся ў часопісах «Нёман», «Новы мір», «Юнацтва», «Знамя», «Дружба народаў», «Літаратурнай газеце», «Літаратуры і мастацтва» і інш. Шматлікія гістарычныя нарысы ў розных маскоўскіх выданнях.

Пераклаў на рускую мову збор твораў Цёткі, паэмы В. Дуніна-Марцінкевіча, анталогію беларускіх паэтаў 1920—1930 гг. «Час ветровея», анталогію беларускай дзіцячай літаратуры «Чароўная крынічка», анталогію беларускай байкі «Асёл на святкаванні дня нараджэння»; пераклаў шэраг вершаў Максіма Танка, Міколы Купрэева, Уладзіміра Някляева і інш.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жыве ў Маскве.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Пятра Агеевіча з нагоды юбілею, зычаць яму моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення і плёну ў працы!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"