Пятру Васючэнку — 60!

Пятро Васючэнка, фота Аляксандра Таранціна Ждановіча, для budzma.by
Сёння святкуе свой дзень народзінаў беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік, драматург, эсэіст, казачнік Пятро Васчючэнка. Шчыра віншуем!

Пятро Васючэнка нарадзіўся 15 лютага 1959 года ў Полацку. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1981), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ (1984). Кандыдат філалагічных навук (1983). У 1984—1997 працаваў малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ. З 1997 — загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар літаратуразнаўчых манаграфій «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995), «Сучасная беларуская драматургія» (2000), «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм» (2004), «Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён» (разам з Л. Баршчэўскім і М. Тычынам).

Аўтар кніг прозы прозы «Белы мурашнік» (1993), «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (1997), «Прыгоды аднаго губашлёпа» (1999), «Адлюстраванне першатвора» (2004), экалагічнай казкі «Каляровая затока» (2008), зборніка п’ес «Маленькі збраяносец» (1999), кнігі паэзіі «Піраміда Ліннея» (2008), "Дзівоснае лета паноў Кубліцкага і Заблоцкага" (2018). Творы П. Васючэнкі перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы. Удзельнік навуковых канферэнцый і літаратурных фестываляў за мяжой (Беласток, Брно, Варшава, Кракаў, Люблін, Масква, Прэшаў і інш.).

Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе Пятра Васючэнку з днём народзінаў і зычыць моцнага здароўя, душэўнай трываласці, добрага настрою, натхнення на новыя кнігі!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"