Марафон паэзіі салідарнасці: прайшоў другі дзень Стральцоўскага фэсту

Удзельнікі круглага стала Уладзімір Лянкевіч, Дзмітрый Строцаў, Таццяна Нядбай, Уладзімір Някляеў, мадэратарка Ганна Севярынец
13 лютага ў Мінску прайшоў другі дзень фестывалю "Вершы на асфальце". У праграме -- выступы дзясяткаў беларускіх і замежных паэтаў, круглы стол пра актуальную беларускую паэзію, прэзентацыі кніг і праектаў. 

Распачаўся новы дзень фестывалю мерапрыемствам, прысвечаным патрону, Міхасю Стральцову. Удава пісьменніка, Алена Дзмітрыеўна, не першы год наведвае фэст, заснавала Літаратурную прэмію Стральцова, заўсёды ўдзельнічае ў цырымоніі ўзнагароджання. Але сёлета ў праграме была менш афіцыйная падзея: гутарка, успаміны пра Стральцова. Правёў інтэрв'ю Ціхан Чарнякевіч.

Следам за ўспамінамі пра мінулае прыйшла чарга новай літаратуры: пачалася прэзентацыя Школы маладога літаратара пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Паэтычныя чытанні спалучылі і выпускнікоў Школы, і сённяшніх навучэнцаў. У чытаннях паўдзельнічалі Крысціна Бандурына, Мікіта Варанцоў, Артур Камароўскі, Яўген Кунцэвіч, Ніна Лістота, Павел Любецкі, Ірына Мікулан, Вікторыя Трыфанава, Фрыдрых С. Мадэравалі імпрэзу выкладчыкі Вольга Гронская і Андрэй Хадановіч.

Паўзай у паэтычным марафоне дня стаў круглы стол “Пісьменства ў халодным клімаце”, які мадэравала пісьменніца Ганна Севярынец. Удзельнікі: Дзмітры Строцаў, Уладзімір Лянкевіч, Таццяна Нядбай, Уладзімір Някляеў -- усе ў свой час, хтосьці ў 2006-м, 2010-м, хтосьці летась, у 2020-м, зведалі турэмны досвед, пераслед за сваю творчую дзейнасць. Праблема, радасць і адчай існавання творцы ў час, калі дзеецца пастаянны гвалт над грамадскім рухам, парушаюцца правы чалавека -- былі асноўнымі пытаннямі круглага стала. Заходзіла размова і пра тое, як досвед маніфестацый можа пераплаўляцца ў мастацкія тэксты.



Лагічным працягам круглага стала прэзентацыя новага праекту паэта Дзмітрыя Строцава "Беларусь перакуленая". Вершы, напісаныя пад уражаннямі пратэстаў 2020 года, прагучалі ў аўтарскім выкананні і ў перакладзе на беларускую мову Андрэя Хадановіча.

Далей фестываль завершыўся маштбанымі паэтычнымі чытаннямі: быў прэзентаваны вынік конкурсу "Неба з сабой", які збіраў найлепшыя рукапісы паэтычных зборнікаў да юбілею Уладзіміра Караткевіча. Пераможцамі сталі Марыя Бадзей, Ганна Шакель, Ілля Кульбіцкі і Цімур Буйко, якія і выступілі на Стральцоўскім фэсце. Мадэравала прэзентацыю Марыя Мартысевіч. "Чытанні салідарнасці", якімі завершыўся фестываль, аб'ядналі такіх розных паэтаў і паэтак, як Валянціна Аксак, Маргарыта Аляшкевіч, Марыя Бадзей, Георгій Барташ, Ксенія Галіцкая, Уладзімір Глазаў, Анатоль Івашчанка, Стась Карпаў, Уладзімір Лянкевіч, Марыя Мартысевіч, Таццяна Нядбай, Ганна Отчык, Таццяна Светашова, Андрэй Хадановіч.

Усе трансляцыі Стральцоўскага фестывалю даступныя на каналах "Саюз пісьменнікаў" і "Годна" ў ютубе. А таксама па выніках дзесяці прамінулых фэстаў плануецца кароткі дакументальны фільм, над якім праца пачнецца ўжо неўзабаве. Сачыце за нашымі абнаўленнямі!


 

  

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"