Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай


Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.

Крытэры для падачы кніг:

1) жанр кнігі – паэзія;
2) кніга выдадзеная ў 2019 (кніга, якая была выдадзеная ў 2018, але па нейкіх прычынах не ўдзельнічала ў мінулагодняй прэміі, можа быць пададзеная ў гэтым годзе);
3) мова кнігі – беларуская;
4) кніга павінна быць выдадзеная ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой апублікавана ў кнізе ўпершыню).
Больш падрабязна пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца з яе статуту.

Каб падаць заяўку на прэмію, запоўніце форму па спасылцы.

Таксама дашліце электронную версію выдання і вокладку кнігі ў фармаце jpeg на адрас paezija@gmail.com (пазначыўшы ў тэме пісьма назву кнігі і аўтара). Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя асобнікі (у колькасці ад 2 да 5) трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (з 11 да 18 гадзінаў у працоўныя дні, адрас: Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31, пакой 906, на дамафоне набраць 47 і званок, тэлефон +375 17 354 80 91).  Заяўкі прымаюцца да 13 лютага 2020 года.

Пераможцу вызначаць вядомыя паэты і літаратуразнаўцы, склад журы будзе абвешчаны неўзабаве.

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”. У  2019 прэмію атрымала Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў – за кнігу “Перавыбранае”, а ў 2017 – Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.  Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас paezija@gmail.com ці па тэлефоне +37544 7994047.



Паводле прэс-рэлізу