10 разваг і выказванняў Алеся Разанава пра паэзію

«Філязофія вяла гаворку з сутнасьцямі, паэзія вяла размову з музамі, з багінямі і багамі. Калі мы ўзгадаем клясыку, антыку, як пачынаецца Гамэрава „Іліяда“? „Гнеў, о Багіня, усхвалі Адысэя, Пелеева сына…“ Таксама ў і наступнікаў: у Вяргілія — зварот да музы. Такім чынам, мы робім выснову, што творчасьць — гэта субтворчасьць. У апошнія гады забыліся на гэта правіла, цяпер іншыя арыенціры.

Яшчэ Кант калісьці ўзгадваў: „Паэзія сярод усіх мастацтваў самая ўзьнёслая зьява“. З самай ўзьнёслай зьявы яна стала самай узьніжанай, з самай узвышанай — самай незапатрабаванай. У чым справа? З аднаго боку, сама рэчаіснасьць стала не гатовай успрымаць тое, што гаварыла паэзія, рэчаіснасьць не гатовая да размовы з тымі велічынямі, з тымі боскімі існасьцямі, зь якімі мела справу паэзія. 

З другога боку, сама паэзія стала як бы глядзець на тое, што адбываецца, на навакольную рэчаіснасьць, браць рэакцыю аўдыторыі за нейкія арыенціры…Але паэзія ўсё роўна, якой бы яна ні была, у сваіх праўдзівых выявах, творах, вершах захоўвае тое першапачатковае. Яно, магчыма, застаецца невымоўным, але застаецца».

Алесь Разанаў

«У вершы заўсёды ёсьць тое, што вымавілася, і тое, што ня вымавілася, тое, што выявілася, і тое, што ня выявілася».

«Вершы — гэта зьява неасэнсаваная, яны не асэнсоўваюцца, як асэнсоўваюцца філязофскія катэгорыі, у іх няма гэтых філязофскіх катэгорый. У іх ёсьць нешта іншае — ёсьць думка, што ўсё прамінае, як ня вартае ўвагі. А яно застаецца».

 «Верш заўсёды не да канца вымаўлены».

«Мова — зьява, якая таксама не да канца вымаўленая, і тое, што яна азначае, гэта зусім не азначае тое, што яна мусіць азначаць вось гэта. Яна таксама ў сабе мае глыбіні, памяць пра іншую рэчаіснасьць».

«Я ўвёў у беларускую літаратуру, у паэзію нейкія іншыя формы: версэты, квантэмы, пункціры, зномы, вершаказы, паэмы. Тое, пра што там гаварылася — яно сказалася, яно не мае патрэбы ў паўтарэньні. Далейшае і глыбейшае знаходзіла ўвасабленьне ў іншых выявах, іншых формах. Пункціры ці квантэмы — гэта паэмы ў скароце. Калі паэма — колас, то пункцір — зерне, яны ўзаемапрысутнічаюць, яны перацякаюць, радкі не адасобленыя ад ўсяго верша, ад усяго тэксту. Верш моцна спалучаны з кожным словам, з кожным словазлучэньнем…»

«Верш заўсёды істотны невядомай велічынёй, зь ёй ён суадносіцца. Прачытваючы верш, мы заўсёды выходзім па-за межы верша, адкрываем магчымасьць той невядомай велічыні… Таму верш чытаецца, таму не становіцца проста пройдзеным».

«Паэзія і філязофія, вымаўленьне і тлумачэньне — яны даўно хочуць сысьціся, яны ідуць разам — то сьлед у сьлед, то нехта наперадзе, нехта — ззаду, але яны выходзяць, яны выходзяць у сустрэчу Яны выходзяць у тую сустрэчу, якая ўнутры іх, памятаецца, адчуваецца, каб перастаць быць сабой. Яны зараз абмежаваныя сабою»

«Вершы не выдумваюцца, іх выдумаць нельга. Вершы здабываюцца»

 

Паводле Радыё Свабода