Рэпрэсаваныя літаратары: чэрвень



На гэтым тыдні прыгадваем сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў, якія знаходзяцца ў зняволенні альбо зазналі новую хвалю рэпрэсій у нядаўні час.

Павел Севярынец — год у зняволенні


З 7 чэрвеня 2020 года за кратамі знаходзіцца сябра нашай арганізацыі, палітык і пісьменнік, эсэіст Павел Севярынец. Неаднаразова адсядзеўшы адміністрацыйны арышт, Севярынец быў быў пераведзены ў статус падазраванага па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. 25 траўня 2021 года ў Магілёўскім абласным судзе абвясьцілі прысуд: 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Адрас для лістоў Паўлу Севярынцу. Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.


dscn0672.jpg

Аляксандр Фядута — два месяцы ў чаканні суду


Пра навіны ад Аляксандра Фядута паведамляе ягоная жонка, выдавец Марына Шыбко:

"Фэйсбук нагадаў, што ў 2020 годзе, у дзен нараджэння Пушкіна я з АІФам была ў Негарэлым і мой пушкініст дапамагаў паліваць кветкі і змагацца з кратом. Сёлета я паліваю кветкі і змагаюся з кратамі адна, а пушкініст цяпер змоўшчык і чытае лекцыі пра Пушкіна ў СІЗА, пра што паведаміў у лісце... чытаў таварышам па няшчасці лекцыю пра Мураўёва-Віленскага, гадзіна пятнаццаць хвілін, слухалі з усёй увагаю. Папярэдні раз распавядаў пра Тамаша Зана. Потым буду яшчэ пра філаматаў-філарэтаў, народу падабаецца. Канечне, мусіў быць на сімпозіуме па Лялевелі, у Беластоку выступаць, у канцы траўня, дык выступае цяпер у камеры... Расказаў пра кнігі А. Бахарэвіча (па просьбе чытачоў), каментаваў "Мае дзевяностыя", людзі збіраюцца набываць. Купіў Густава Маўрынка і Яўгенія Вадалазкіна. Энцыклапедыяй "Караткевіч" незадаволены, у працы не дапамагла. Не ведае, ці аддадуць мне напісанае [у турме]. (у 2010 годзе перадавалі). Усіх "замежных" сяброў прасіў у пісьмы ўкладаць канверты з наклеенымі маркамі, а то не атрымаюць адказ. Усім вялікае прывітанне. Вельмі перажывае за калег з TUT.BY, сам жа думае, бліжэйшыя гадоў дзесяць будзе ў "творчай камандыроўцы". Вось такія навіны ў нас, усім дзякуй, хто піша і памятае. Цярпення нам і здароўя".

Палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута абвінавачваецца ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам". У красавіку ён быў затрыманы ў Маскве і вывезены ў Беларусь.

Адрас для лістоў: 220050. Мінск, Галоўпаштамт,  а/с 8, Фядута Аляксандр Іосіфавіч.  



199052775_1857069304454759_2994877190427877414_n.jpg

Мікола Папека: два гады "хіміі" з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу


У судзе Брэсцкага раёна 8 чэрвеня вынеслі прысуды чарговай "партыі" па "карагоднай" крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. На тэрміны да 2 гадоў "хіміі" 12 берасцеўцаў асудзіў старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак. Сярод асуджаных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт, тры палітзняволеных, якія былі вызвалены ў залі суда. Суддзя прызначыў менавіта такое пакаранне, якое прасілі пракуроры Ярошык і Плышэўскі.


Спадар Папека згадвае, што адказалі яму на патрабаванне азнаёміць з матэрыяламі справы на роднай яму беларускай мове: «Пракурор Саўчук напісаў, маўляў, Вы ж ведаеце, мы замежнікаў судзім, яны беларускай мовы не разумеюць. Таму карыстаемся ў судах рускай».

Суд не ўлічыў, як індывідуальны прадпрымальнік Папека зарабляе сабе хлеб надзённы. Фактычна, гэта выльецца ў дадатковае пакаранне — забарону на прафесію пчаляра, банкрутаванне бізнесу. «Пчольнік два гады бадай што не вытрымае без сталай увагі, — разважыў паэт-пчаляр. — Але я пазмагаюся. Абскарджу, да ААН дайду».



198969117_1858511384310551_4778787067650099262_n.jpg

Звальненне Віталя Еўмянькова

З Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова звальняюць выдатнага выкладчыка, літаратара, філолага, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Віталя Еўмянькова. 

Атэстацыйная камісія, якая скончыла працу 31 мая, пастанавіла, што некаторыя выкладчыкі МДУ імя Куляшова павінны быць звольненыя. Па звестках «Нашай Нівы», "у час працы атэстацыйная камісія засяроджвалася не столькі на прафесійнай дзейнасці выкладчыкаў, як на тым, што яны пісалі ў сацыяльных сетках ці як выказваліся публічна. На гэтай падставе і выносіліся рашэнні".

Віталь Еўмянькоў больш як 20 год быў ва ўніверсітэце. З 2008 па 2015 гг. — дацэнт кафедры журналістыкі УА «МДУ імя А. А. Куляшова». З 2015 — дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый. У 2010 г. атрымаў вучонае званне дацэнта. З 2009 па 2012 — рэдактар сайта Магілёўскага гарвыканкама (city.mogilev.by) і гарадскога партала «Мой горад» (mycity.by). З 2014 — рэдактар сайта МДУ імя А. А. Куляшова (msu.mogilev.by). Узнагароды: граматы упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама (2004, 2005 гг.). Грамата галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі (2013 г.).


Кнігі Віталя Еўмянькова можна спампаваць у інтэрнэт-бібліятэцы "КАМУНІКАТ".




Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"