Ірына Багдановіч і яе "Душа лістападу" – 19 снежня

19 снежня 2012 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13) адбудзецца прэзентацыя кнігі Ірыны Багдановіч “Душа лістападу”.

Ірына Багдановіч – вядомая паэтэса, перакладчыца, літаратуразнаўца. Аўтар зборнікаў вершаў “Чаравікі маленства” (1985), “Фрэскі” (1989), “Вялікдзень” (1993), “Альбом першакласніцы” (для дзяцей, 2003), “Сармацкі альбом” (2004), “Прыватныя рымляне: вершы і пераклады” (2006); манаграфій “Янка Купала і рамантызм” (1989), “Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння” (2001).

Новая кніга Ірыны Багдановіч “Душа лістапада” выдадзена ў 2012 г. у выдавецтве “Кнігазбор” у серыі “Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. У кнізе вершаў – паэтычны роздум аўтара аб сутнасці творчасці і чалавечага быцця ў няпростым і зменлівым часе, аб тых вечных духоўных арыенцірах, якія задаюць высокі нябёсны вектар зямному чалавечаму існаванню, аб незгасальных патрыятычных ідэалах, што асвячаюць сувязь чалавека з роднай зямлёй і яе гісторыяй. Вядучыя матывы кнігі дапаўняе адмысловы раздзел перакладаў “Старапольскае рэха Беларусі”, які складаюць творы знакамітых аўтараў беларуска-польскага культурнага памежжа канца ХVIII–XIX стагоддзяў, знакавыя ў сваім часе і актуальныя для разумення культурнай поліфанічнасці айчыннай літаратуры азначанага перыяду.

У праграме – выступленні вядомых літаратуразнаўцаў, удзельнікаў гуртка маладых паэтаў “Альтанка”, вакальнага ансамбля Архікафедральнага хора, спявачкі Таццяны Беланогай і інш.

Пачатак у 17.00. Уваход вольны

Прэсавая служба СБП