Ірына Багдановіч прэзентавала кнігу перакладаў з Габрыэлі Пузыні

Спадарыня Ірына прачытала радкі з верша графіні Габрыэлі Пузыні, якія тая прысвяціла Адаму Міцкевічу. Прыхільніца творчасці вялікага рамантыка, пані Габрыэля аднойчы вырашыла паслаць у Парыж паэту не толькі свой верш, але флакончык вады з Нёмана і букет кветак. Яе даручэнне выканала пані Катажына з Ліпіньскіх, якая наведала Парыж і сустрэлася з вялікім выгнаннікам, які таміўся ад настальгіі па Радзіме. Пазней з дакументаў стала вядома, што вадою з Нёмана быў ахрышчаны малодшы сын паэта, а засохлы букецік кветак застаўся з творцам да яго апошніх дзён.

Габрыэля з Гюнтараў нарадзілася 13 жніўня 1815 года ў Вільні і памерла ў 1869 годзе ў Гарадзілаве. У ХIХ стагоддзі яна была прызнанай пісьменніцай. З-пад яе пяра выходзілі апавяданні, вершы, п’есы, успаміны. Яна была малодшай з трох дачок графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў. У 1851 годзе Габрыэля пабралася шлюбам з князем Тадэвушам Пузыням і з таго часу месцам яе жыхарства стаў маёнтак мужа Гарадзілава. Там неаднойчы гасцявалі шматлікія прадстаўнікі культурнай эліты, пісьменнікі, мастакі, акторы, з якімі Габрыэлю Пузыню звязвала творчае і чалавечае сяброўства. Сярод іх былі Тамаш Зан, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка. У чатырохрадкоўі, прысвечаным яе шлюбу, Ігнат Ходзька назваў яе “музай нашай зямлі”, якая “міртам упрыгожвае свае скроні”.

У 1850-тыя гады Габрыэля Пузыня стала знаным драматургам і празаікам. Уся яе творчасць была прасякнута краёвым ліцвінска-беларускім патрыятызмам. Літаратурная вядомасць, арыстакратычнае паходжанне ў яе асобе спалучаліся са сціпласцю і пабожнасцю жанчыны-хрысціянкі. Госці літаратурна-музычнай імпрэзы з цікавасцю пазнаёміліся з новай кнігай, падрыхтаванай Ірынай Багдановіч, якая прадставіла творчасць Г. Пузыні і распавяла пра ўплыў на яе творчасць Адама Міцкевіча.

“Сёлета мы святкуем круглую дату з дня нараджэння Адама Міцкевіча разам з польскімі, літоўскімі і ўкраінскімі сябрамі, - прамовіў ксёндз-пробашч Чырвонага касцёла Уладыслаў Завальнюк. - Яшчэ ў 1908 годзе пры касцёле існавала бібліятэка “Міцкевічаўка”. Пасля разрабавання храма яе не стала, але мы адрадзілі яе ў 1998 годзе. З польскага боку ў дар было перададзена 6,5 тысяч кніг польскай класікі, у тым ліку, творы Адама Міцкевіча, і зараз у ёй каля 40 тысяч кніг.»

На літаратурна-музычнай вечарыне прагучалі патрыятычныя і лірычныя радкі Адама Міцкевіча на польскай і беларускай мовах з паэмаў: ”Свіцязянка”, “Гражына”, “Пан Тадэвуш”. Іх выканалі Уладзіслаў Трыпуз, Вікторыя Ермалёнак і Кацярына Каленік з Грамадскай паланійнай школы пад кіраўніцтвам выкладчыцы Бернарды Івановай.

На мерапрыемстве выступіў гурт “Тутэйшая шляхта” пад кіраўніцтвам Вольгі Махнач, які выконвае музыку ў сармацкім стылі, стварае песні на вершы Рыгора Барадуліна, Паўлюка Труса, Алеся Пісьмянкова. Велікодныя спевы прагучалі ў выкананнні касцёльнага хора “Cantus Cordis”.

Э. Дзвінская, фота аўтара