Ірына Хадарэнка. З нардычным характарам і музыкай у душы

Яна рэдкі госць на сталічных літаратурных тусоўках. Яна плённа сумяшчае цэлы шэраг разнастайнай дзейнасці – навукова-даследчую працу, кіраўніцтва арт-праектамі, музыказнаўства, мастацкія пераклады і, безумоўна, напісанне ўласных твораў.

— Ці памятаеце Вы свае першыя літаратурныя спробы? Як гэта было і калі?

Ірына: — У тым, што я пачала пісаць, ёсць відавочная заслуга маёй бабулі па матчынай лініі, таму менавіта яе дзявочае прозвішча я выкарыстоўваю ў якасці свайго літаратурнага псеўданіма. Калі ў дзяцінстве бабуля распавядала мне розныя казкі, мне часта карцела змяніць у іх ход падзей на свой лад. У выніку казкі няўмольна пераапрацоўваліся мной ужо падчас расповеду. Гэта, мабыць, былі адны з самых першых спробаў творчай дзейнасці… Потым, прыкладна гадоў у дзесяць, пачалі стварацца першыя вершаваныя сачыненні, да якіх на той момант ніхто, нават я сама, не ставіўся сур’ёзна. А першы больш-менш значны верш, прысвечаны роднай зямлі, з’явіўся ў мяне ва ўзросце 16 гадоў.

Добра памятаю гэты момант, калі я, перад тым, як паказаць яго бацькам, у якасці жарту дадала ўнізе пастскрыптум: “Чым я горш за Петруся Броўку?”.

Бацька тады нават не паверыў, што я сама напісала гэты твор, усё пытаўся: “Адкуль ты гэта перапісала?”.

— Хто Ваш любімы беларускі аўтар?

І.: — Можа гэта прагучыць дзіўна, але я не магу вылучыць кагосьці з беларускіх пісьменнікаў як свайго ўпадабанага аўтара ці такой своеасаблівай творчай іконы. Памятаю, як некалі на адной з вечарын у Доме літаратара паэт Анатоль Сыс, які сядзеў побач, паглядзеў на мяне з сумневам і запытаўся: “А ты, такая маладая, што тут робіш? Таксама паэтка ці што?” Я толькі моўчкі кіўнула ў адказ. Тады Анатоль дастаў з кішэні выдрук аднаго з вершаў Янкі Купалы і перадаў мне з грозным загадам: “Трымай і вывучы гэта на памяць. Вось, як трэба пісаць!” Шчыра кажучы, гэты верш я так і не вывучыла на памяць (я і свае вершы з цяжкасцю запамінаю), але арыентацыя на класічныя каноны ў паэзіі ў мяне засталася і дагэтуль. Увогуле, апыняючыся ў ролі чытача, я аддаю перавагу навукова-філасофскай літаратуры і публіцыстыцы. Мастацкіх твораў апошнім часам чытаю не так шмат, як хацелася б.

— А якімі здольнасцямі, на Ваш погляд, павінен валодаць пісьменнік?

І.:  — У першую чаргу пісьменнік павінен быць пісьменным і добра валодаць мовай. Гэта ў поўнай меры датычыць і журналістаў.

Бо чалавек, які робіць вялікую колькасць памылак і не можна дакладна сфармуляваць меркаванне, выглядае жалосна.

Дарэчы, узровень гэтых меркаванняў таксама красамоўна сведчыць аб наяўнасці ці адсутнасці таленту. Людзі з прымітыўным абывацельскім мысленнем проста не ў стане стварыць нешта годнае ў літаратуры. Таму другая адметнасць пісьменніка – шырокая эрудыцыя. І трэцяя неабходная якасць – незалежнасць поглядаў, свабода думкі, здольнасць не пераўтварацца ў рупар нейкай ідэалогіі, а ствараць самабытны творчы сусвет.

— Чытаючы Вашы вершаваныя творы «Свядомаграфія», «Наша эра», «Яблык Евы», «Я памятаю чарадзейны край…», так і хочацца спытаць: які ў Вашым разуменні Бог?

І.: — Калі спрабаваць акрэсліць маё веравызнанне, я хутчэй аднесла б сябе да кагорты агностыкаў. Мяркую, што вышэйшы розум, калі такі існуе, — гэта настолькі складаная субстанцыя, якую цяжка нават прыблізна акрэсліць, не кажучы ўжо пра тое, каб неяк яе прадставіць і асэнсаваць. Мноства чалавечых фантазій наконт апісання боскіх сілаў выглядае гэтак жа недарэчна, як, напрыклад, спробы мікроба патлумачыць будову Сонечнай сістэмы, пра якую ён нават не мае згадак.

Таму ўсе рэлігійныя інстытуты, па сутнасці, спекулююць на чалавечым невуцтве і не маюць нічога агульнага з сапраўднай духоўнасцю.

А вось паэзія, музыка ды іншыя віды мастацтваў у сімвалічна-алегарычнай форме могуць сказаць значна больш за святыя пісанні.

— Мастацтва… Што гэта для Вас?

І.: — Асабіста для мяне існуе вельмі просты крытэрый адрознення мастацтва ад таго, што ім не з’яўляецца. Ён заключаецца ў наяўнасці метафарычнасці. Іншымі словамі, калі твор вельмі лінейна прэзентуе нейкую з’яву, без вэлюму загадкі, без наватарскага ракурсу, гэта проста сумна і нецікава. Разам з тым, у апошні час стала вельмі модна прыкрываць творчую бездапаможнасць так званай канцэптуальнасцю. Але канцэптуальнасць не адмяняе патрэбу ў метафарычнасці! Да таго ж, калі нейкі твор пачынае выклікаць у чалавека пачуццё агіды, пра мастацтва ў такім выпадку наўрад ці можна весці гаворку, якімі б мудрагелістымі канцэпцыямі гэтая з’ява не абгрунтоўвалася.

— Як Вы лічыце, чаго сёння не хапае айчыннай літаратуры?

І.: — Шмат чаго. Але найперш – добрага густу і глабальнасці мыслення. Большасць пісьменнікаў варыцца ва ўласным соку і думае, што так і трэба. А яшчэ беларускай літаратуры катастрафічна бракуе перакладаў на асноўныя еўрапейскія мовы.

— Апошні год быў адметны рэалізацыяй творчага праекта “Беларускі фальклор”, у якім беларускамоўныя пісьменнікі розных пакаленняў пераўвасобіліся ў ролі міфалагічных істот. Што Вы як аўтарка дадзенай ініцыятывы можаце распавесці пра яе далейшы лёс?

І.: — На бягучы момант можна казаць аб сканчэнні тэхнічнага этапу праекта па стварэнні фотаграфічных вобразаў. Часам узнікала пытанне, а чаго мы не ўзяліся за ўвасабленне такіх традыцыйных паганскіх архетыпаў, як, напрыклад, Вялес або Пярун. Але мы ўсё ж такі канцэнтраваліся не на сферы трансцэндэнтнага, а менавіта на антрапаморфных апекунах зямнога жыцця чалавека, якія адыгрывалі надзвычай важную ролю ў светапоглядзе нашых продкаў. Па-першае, хацелася б выдаць адмысловы каляндар, прысвечаны юбілею пісьменніцкага Саюза. Па-другое, з фотаматэрыялаў, якія маюцца, маглі б атрымацца прыгожыя паштоўкі. І па-трэцяе, казачныя персанажы, якіх увасобілі нашы пісьменнікі, могуць быць прэзентаваныя ў рамках мастацкіх выставаў, у тым ліку і ў замежжы. Менавіта ў апошнім кірунку я зараз і працую. Наогул, праект вельмі рухомы, таму ў любым выпадку ягоны працяг яшчэ будзе…

— Вы шмат вандруеце па еўрапейскім абшары. Гэта для Вас хобі ці дадатковы сродак паэтычнага натхнення? І якія краіны Вас найбольш уразілі?

І.: — Вандроўкі – гэта і хобі, і спосаб спазнання жыцця і азнаямлення з новымі культурамі, і крыніца натхнення, і частка прафесійнай дзейнасці. Усё адразу. Пакуль ёсць магчымасці і жаданне, трэба вандраваць. Для мяне гэта ўжо амаль як стыль жыцця – хаця б раз на год мне трэба некуды выязджаць і змяняць навакольнае асяроддзе, бо ў родным Мінску я перыядычна адчуваю нейкі дыскамфорт.

З тых краін, што найбольш уразілі, вылучыла б такія – Нарвегія, Швейцарыя, Харватыя, Славенія.

З Нарвегіяй у мяне ўвогуле звязаныя асаблівыя пачуцці. Я была там тройчы, нават пэўны час жыла ў паўднёвай частцы краіны. Мабыць, гэта прагучыць непатрыятычна, але калі б мне прапанавалі выбраць месца на Зямлі, дзе я хацела б нарадзіцца, гэта была б менавіта Нарвегія. Бо яе суровыя краявіды найбольш адпавядаюць нардычнаму характару і ўнутранаму ладу маёй душы.

— Ці пагадзіліся б Вы з выказваннем, што самыя шчаслівыя гады ў жыцці чалавека – гэта час студэнцтва?

І.: — У маім выпадку гэта хутчэй былі гімназічныя, а не студэнцкія гады. Шкада толькі, што абсалютная большасць маіх аднакласнікаў і сяброў па гімназіі зараз жыве далёка за межамі нашай краіны. Гэта быў вельмі яскравы перыяд, такі своеасаблівы пераход ад дзяцінства да маладосці. Разам са студэнцтвам пачалося дарослае жыццё. Яшчэ на першым курсе эканамічнага ўніверсітэта я стала супрацоўнічаць з шэрагам выданняў у якасці пазаштатнага карэспандэнта. На другім курсе я ўжо афіцыйна працавала адказным сакратаром універсітэцкай газеты. Між іншым, у сярэдзіне дзевяностых гадоў на працягу трох месяцаў мне давялося правучыцца і на факультэце журналістыкі БДУ – на спецыяльных курсах па літаратурнай рабоце.

Хоць насамрэч ніякая, нават самая выдатная адукацыя не зробіць з чалавека журналіста ці пісьменніка.

Толькі відавочныя творчыя здольнасці, высокая асабістая культура і назапашаны працоўны досвед могуць пераўтварыць яго ў прафесіянала. Дарэчы, паводле назіранняў, лепшыя журналісты звычайна маюць зусім не журналісцкую адукацыю. Відавочна, што каб добра асвятляць, напрыклад, музычныя падзеі, варта мець хаця б першапачатковую музычную адукацыю. Эканамічная аналітыка вымагае адмысловых ведаў у галіне эканомікі, падрыхтоўка палітычных аглядаў – разумення асноваў дзяржаўнага кіравання. І гэтак далей. Сумна, але ў нас журналісты нават з вялікім стажам часам працуюць настолькі неахайна, што брыдка чытаць іх опусы.

— Я чуў аб вашай паспяховай адметнасці ў якасці музычнага крытыка. А якому музычнаму жанру Вы аддаеце перавагу як слухач?

І.: — Як меламана мяне захапляюць абсалютна розныя жанры і стылі. Мяне можна сустрэць і на готык-вечарыне, і на джазавым канцэрце, і ў філармоніі, і ў Оперным тэатры. Слухаю вельмі шмат самай разнастайнай музыкі: ад індастрыэла і дарк-вэйва да этнічных спеваў.

Прасцей сказаць, што мне не надта падабаецца – гэта рэп і мюзіклы.

А вось рускамоўную папсу я проста на дух не выношу! І мяне вельмі абурае тое, што наш музычны рынак, а таксама медыйная прастора цалкам засыпаныя гэтым смеццем.

— Граеце яшчэ на фартэпіяна?

І.: — На жаль, да інструмента ў асноўным падыходжу, каб выцерці з яго пыл. Але любоў да музыкі ў мяне захавалася. І мне падаецца, што, нягледзячы на ўсе складанасці нашай рэчаіснасці, галоўнае, каб музыка працягвала граць у душы кожнага з нас.

***

Ірына Хадарэнка – пісьменніца, перакладчыца, публіцыст і навукоўца.

Нарадзілася ў 1976 годзе ў Мінску. З 1989 г. выступае ў рэспубліканскім друку. Аўтар зборнікаў паэзіі і прозы: “Лабірынты душы”, “Чорная ружа”, “Танцы на шкле”, “Свядомаграфія”, а таксама дзвюх навуковых манаграфій. Некаторыя вершы былі пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі. Удзельнічала ў шэрагу міжнародных літаратурных імпрэз і фестываляў.

Сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і Беларускага ПЭН-цэнтра. Творы перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, нямецкую мовы.

Гутарыў Пётр Варанько 

formats.by