Навіны

(пра кнігу Арнольда Макміліна.” Пісьменства ў халодным клімаце”. – Беласток, 2011)

 

Хто паверыць, што беларускае літаратуразнаўства сёння паперадзе планеты ўсёй? 

Як той казаў, не жылі багата — не варта і пачынаць.

Будзьма традыцыйна стрыманымі — і рашуча паверым, што хоць на нейкі «момант» лёсіла і нам апынуцца на адзіноце пад трыумфальнай аркай сусветнага літаратуразнаўства. Паводле прароцтва незабыўнага Астапа Бэндара, дапамагло якраз замежжа: дзякуючы прафесару Лонданскага ўніверсітэта Арнольду Макміліну маем (а іншыя — даруй, агульналітаратурная салідарнасць! — можа, і не маюць) «аўтарскую» гісторыю беларускай літаратуры апошніх чатырох дзесяцігоддзяў, (адмыслова) фундаментальную і (без агаворак) арыгінальную.  

Гэты праект А. Макміліна мэту меў, па вялікім рахунку, не пафасную: «пазнаёміць (вылучана намі. — І.Ш.) англамоўных чытачоў з малавядомай і несправядліва абыдзенай увагай літаратурай». Сціплыя (паводле айчынных сацыякультурных «стандартаў») намеры знайшлі ўрэчаўленне ў важкім (ва ўсіх адносінах!) выданні — «Writing in a Cold Climate: Belarusian Literature from the 1970s to the Present Day» (Лондан, 2010), беларуская версія якога — «Пісьменства ў халодным клімаце: Беларуская літаратура ад 70-х гг. ХХ ст. да нашых дзён» — пабачыла свет у 2011 годзе ў Беластоку. 

Кніга брытанскага прафесара ў першых жа водгуках на яе ўдзячнага беларускага чытача атрымала званне «энцыклапедыі сённяшняга літаратурнага жыцця Беларусі». Пры гэтым прысваенне звання (нават цень якога не лунаў над айчыннымі гісторыка-літаратурнымі даследаваннямі апошняга часу, безуважна да ступені іх фундаментальнасці) абгрунтоўвалася аргументамі не толькі якаснага (змястоўнага), але і колькаснага (700 імёнаў, спіс бібліяграфічных крыніц на 40 старонак) кшталту (Алег Жывень. «Арнольд МакМілін пра беларускую літаратуру», n-europe.eu, 8.11.2011).

Тутэйшага чытача, асабліва таго, што мае дачыненне да літаратурных штудый, праца А. Макміліна насамрэч уразіць, прычым шматвектарна. У першым набліжэнні — выразна нетутэйшым падыходам да «тэхналогіі» асэнсавання набыткаў мастацтва слова за пэўны прамежак часу. Выдатна абазнаны ў колішніх і сённяшніх пошуках-наробках беларускіх літаратуразнаўцаў і крытыкаў, аўтар «Пісьменства ў халодным клімаце» з аднымі палемізуе, другіх ушчувае (улюбёны апанент — складальнікі акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя»), да меркавання іншых раіць прыслухацца, але свае агледзіны сучаснай беларускай літаратуры свядома ладзіць паводле логікі, як бы табуіраванай для айчыннага літаратуразнаўчага «фундаменталізму». Адмысловасць гэтай логікі падчас похапкава-павярхоўнага прагляду кнігі толькі прадчуваецца: 16 раздзелаў працы густоўна аточаныя «Прадмовай», «Уводзінамі», «Бібліяграфіяй», «Паказальнікам імёнаў», а таксама ўпрыгожаныя «Падзякай» і дэкараваныя «Скаротамі» (з трох пазіцый). У кароткай прадмове, без агляду тэндэнцый развіцця сусветнай літаратуры (ад шумераў да постмадэрну), без высвятлення шанцаў беларускай літаратуры ў эпоху «глаКалізацыі» (а гэта вам ужо не эпоха «глаБалізацыі» і г.д., і да т.п.), без нефункцыянальнай сентыментальнасці, але з прафесійнай скрупулёзнасцю аўтар пазначае мэту і (ускосна) матывы сваёй працы над кнігай, коратка тлумачыць асаблівасці кампазіцыйнай будовы і правапісу (некаторых тапонімаў, цытат), выказвае падзякі «пісьменнікам, крытыкам, іншым калегам і сябрам». І тут важна даверыцца альбо ўласнай інтуіцыі, альбо ўласнай жа кваліфікацыі — і ад прагляду перайсці непасрэдна да чытання, бо з першай старонкі ўводзін становіцца зразумела, што на гэты раз трапіў туды, куды запрашалі: менавіта на агледзіны, а не (як сёння найчасцей здараецца) на «імпэтныя хаўтуры» па беларускай літаратуры. 

А. Макмілін стварае асобасную гісторыю беларускага нацыянальнага пісьменства апошніх чатырох дзесяцігоддзяў (паняцці «асабістая», «прыватная», «персанальная», «аўтарская» і да т. п. падаюцца яшчэ менш прыдатнымі дзеля атрыбуцыі вынайдзенай ім непаўтаральнай жанравай стратэгіі). Прычым стварае не ў сцёрта-метафарычным, а ў літаральным сэнсе. Напрыклад, прапануе ўласную версію расстаноўкі  дзейных асоб унутры багатага на дзівосы тутэйшага жыццятворчага хранатопу: «Прыгоды й фантастыка: Васіль Гігевіч, Сяргей Рублеўскі, Юры Станкевіч», «Імпульс Формы: Казімір Камейша і Соф’я Шах», «Вольга Куртаніч, Алесь Бадак, Тодар Кашкурэвіч, Павал Змітрук», «Андрэй Хадановіч і чатыры паэткі будучыні» і інш. Побач з вядомымі ці хаця б пазнавальнымі дзейнымі асобамі літаратурнага працэсу без ваганняў дае перажыць свае «пяць хвілін славы» на авансцэне літбыцця персанажам… нечаканым (прынамсі, у пэўным кантэксце): так, аўтар «змрочнай паэзіі» Сяргей Патаранскі «хоць на час напісання гэтага доследу не належыць да ніводнага саюзу пісьменнікаў, але ў нейкай ступені ўяўляе грамадскую цікавасць»... Кіруючыся не варыятыўнай «праўдай» сённяшняга літаратурнага жыцця (патэнт на якую імкнуцца сёння аформіць самыя розныя суб’екты літпрацэсу, і «аднаасобныя», і «групавыя»), а сапраўднай захопленасцю беларускай літаратурай, аўтар «Пісьменства ў халодным клімаце» без літаратуразнаўчых страху і дакору выштукоўвае сваю (насамрэч індывідуальна-аўтарскую) іерархію пісьменніцкіх талентаў. Робіць ён гэта без эківокаў: «Георгій Марчук і Алесь Жук — значныя фігуры сярод старэйшага пакалення беларускіх пісьменнікаў. Напрыклад, А. Жуку адведзены цэлы раздзел у акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» (Гніламёдаў, Лаўшук, 2003, 542—567). Хоць можна сцвярджаць, што Уладзіслаў Рубанаў больш таленавіты за іх абодвух, ён за сваё нават карацейшае, чым у Міхася Стральцова, жыццё ледзь заслужыў згадкі ў гэтым шаноўным выданні» («Уладзіслаў Рубанаў»). Тутэйшы літаратуразнаўца градацыйны ланцужок «таленавіты — больш таленавіты — самы таленавіты — (патэнцыяльны) лаўрэат Нобелеўскай прэміі» без варыянтаў прамяняў бы на ўніверсальную формулу «адзін з самых таленавітых». Прафесар Макмілін, як правіла, аддае перавагу ацэнкам незавуаляваным: Віктар Казько — «сур’ёзны, нават цяжкі пісьменнік, які ставіць пытанні, а не прапануе адказы…» («Віктар Казько»); Міхась Башлакоў — «невыбітны, але палымяны паэт» («Міхась Башлакоў»), Генадзь Пашкоў — «таленавіты, досыць традыцыйны, нават кансерватыўны паэт, які заслугоўвае прынамсі некаторага прызнання, якімі б ні былі ягоныя палітычныя погляды» («Генадзь Пашкоў») і г.д. Аднак дзеля справядлівасці варта зазначыць, што ў асобных выпадках аўтар аддае даніну павагі і рытарычным традыцыям «эзопавага» літаратуразнаўства: «Юры Станкевіч — надзвычай цікавы, часам цяжкі аўтар. Яго трывога за сваю нацыю можа выклікаць занепакоенасць у прыхільнікаў ліберальных каштоўнасцяў, але, безумоўна, ён прынёс на старонкі беларускай літаратуры новую манеру пісьма і новы светапогляд» («Юры Станкевіч»).

Кнігу А. Макміліна, якую складаюць пераважна невялікія артыкулы манаграфічнага кшталту, можна чытаць як мастацкі гіпертэкст, накшталт рамана-красворда ці рамана-клепсідры Міларада Павіча. Рух па розных траекторыях чытання, праўда, не прыводзіць да радыкальна адрозных высноў («фіналаў»), але дае выдатную магчымасць убачыць таго ці іншага творцу ў розных калажавых камбінацыях, выпадковасць, адвольнасць якіх спрыяе ўзмацненню стэрэаскапічнасці ўспрымання асобы літаратара і яго твораў. 

Аднак сама наяўнасць згаданага стэрэаскапічнага эфекту не залежыць ад тэхнікі чытання. Ён, хутчэй, з’яўляецца вынікам дасканалага супадзення (у большасці артыкулаў кнігі) шэрагу «стратэгічных» чыннікаў індывідуальна-творчага стылю даследчыка. Маецца на ўвазе супадзенне: мэты (гл. прадмову); кампазіцыі («выбіральна-дазіраваныя» аўтабіяграфічныя звесткі, зварот да якіх матываваны перадусім творчасцю літаратара; падмацаваны шчодрым і заўсёды ўдалым цытаваннем бліц-аналіз найбольш важных, на думку аўтара кнігі, твораў, асноўная ўвага надаецца сюжэту і дамінантным рысам стылю пісьменніка; высновы, дзе рэзюмуюцца папярэднія набыткі таго ці іншага літаратара і выказваюцца больш ці менш аптымістычныя спадзяванні на плённасць далейшага шляху); стылю выкладання (празрыстага, але без ценю легкаважнасці; эмацыйна-экспрэсіўнага, але без манументальнага пафасу ці грувасткай іроніі).

Зусім не выпадковая сустрэча згаданых чыннікаў у артыкулах, прысвечаных хрэстаматыйным тэкстам і постацям беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, дазваляе расчытваць «без ценю саладжавасці і аніводнай фальшывай ноты» («Міхась Стральцоў») не толькі творы, але і лёсы. 

 «Пісьменства ў халодным клімаце» нельга наўпрост суаднесці (ідэнтыфікаваць) ні з кананічнымі ў нас гісторыка-літаратурнымі даследаваннямі, ні з белетрызаваным літаратуразнаўствам, ні з публіцыстычнай ды культурасофскай эсэістыкай на ваколлітаратурныя тэмы. І разам з тым, іх адзнакі (элементы) без асаблівых цяжкасцяў адшукваюцца ў межах аднаго артыкула. Набываючы веер выгодаў, аўтар мусіць быць падрыхтаваны да таго, што як мінімум утрая можа павялічыцца колькасць хібаў (наяўных і ўяўных) — у залежнасці ад таго, чытач якой «спецыялізацыі» блукае па кнізе. 

Так, «літаратурны журналіст» не будзе шнарыць па бібліяграфічным спісе, каб у экстазе вышукаць сярод твораў Андрэя Федарэнкі «Літоўскага ваўка» Алеся Наварыча, а ў артыкуле «Алесь Наварыч» — памылку ў сапраўдным прозвішчы законнага гаспадара «…ваўка» (дзе той, дарэчы, займае належнае месца). Ён па-хуткаму будзе раскручваць тэму «Леанід Галубовіч — жанчынаненавіснік», ігнаруючы аўтарскі кантэкст і правілы карэктнага цытавання (унікаючы гэтага, раім наўпрост звярнуцца да артыкула «Леанід Галубовіч»). У сваю чаргу, прыхільнік літаратуразнаўчага традыцыяналізму будзе скептычна ўзважваць «лёгкую інтанацыю» ў «Баладзе пра стайню» Міхася Скоблы, высочваць, якім шляхам Уладзімір Карызна трапіў у «барды» («Эдуард Акулін i iншыя Барды»), вохкаць над «тэмай смалення свініны», да якой, паводле А. Макміліна, «звярталася шмат беларускіх пісьменнікаў і паэтаў» («Міхась Стральцоў»). Зрэшты, ціхага свята паразумення прычакае і ён — напрыклад, у раздзеле «Рыгор Барадулін: паэт на ўсе часы», дзе аўтар апелюе да шырокага кола літаратуразнаўчых прац ды крытычных публікацый, няспешна аглядае набыткі «творцы надзвычай размаітага, насамрэч неверагодна шматбаковага, з велізарным наробкам».

Увогуле ж, шанец паразумецца на грунце кнігі А. Макміліна «Пісьменства ў халодным клімаце» маюць практычна ўсе чытачы, неабыякавыя да беларускай літаратуры як квінтэсенцыі беларушчыны, незалежна ад ступені «кваліфікаванасці» і грамадска-палітычнага тэмпераменту. У адрозненне ад істотнай часткі прадстаўнікоў сённяшняй беларускай літаратурнай супольнасці, А. Макмілін на пытанне: «Ці вартая чаго-небудзь беларуская літаратура?», якое яму шмат хто задае за межамі Беларусі, «заўсёды адказвае перакананым «так». Умова ўсяго адна — дачытаць кнігу да апошняй старонкі, дзе фінальная ода маладым беларускім пісьменнікам пераходзіць у гімн усёй беларускай літаратуры, якая «на пачатку ХХІ ст. можа з годнасцю вытрымаць параўнанне з любой іншай». Узнагародай будзе кароткатэрміновае, але шчасце, хісткага, але поўнага ўзаемаразумення. 

Ёсць, аднак, катэгорыя чытачоў, якім «Пісьменства ў халодным клімаце» рашуча супрацьпаказанае. Калі ад упэўненасці прафесара Лонданскага ўніверсітэта ў годнай будучыні беларускага мастацтва слова кепска будзе (накрые хваля раздражнення, здарыцца выкід вербальнай жоўці ці нават метафізічныя канвульсіі і да т.п.), прыміце неадкладныя меры — дарма (!) перадайце кнігу каму-небудзь іншаму.

І выздараўлівайце...

 

Надрукавана ў "Літаратурнай Беларусі" № 64

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------