Ірына Шаўлякова: Сакральная рэвалюцыйнасць

Паслядоўнасць у кантэксце энергічных блуканняў беларускай літаратуры пачатку ХХІ стагоддзя міжволі ўспрымаецца як новая рэвалюцыйнасць. Быць паслядоўным для пісьменніка так званага сярэдзіннага (“поўневага”) пакалення — гэта як адначасова весці войны грамадзянскую і… сусветную. З аднаго боку, даводзіцца безупынку змагацца з унутранымі дэманамі, з іх заклікамі ахвяраваць выпакутванай індывідуальнасцю на карысць вечнай маладосці (= актуальнасці). З другога боку, мусіш без продыху адбівацца ад вонкавага ворага — цёмных сіл, якія ўважаюць паслядоўнасць за рэтраградства і без палітэсаў ацэньваюць выпеставаны пісьменнікам мастацкі сусвет як грады для вырошчвання літагуркоў.

У акрэсленай сістэме каардынат “ваярскі” патэнцыял Людмілы Рублеўскай (паэта, празаіка, драматурга, крытыка) мае роўна такую ж вагу, як і яе “пацыфізм”. Бо пра абодва даводзіцца толькі здагадвацца. Пэўна можна меркаваць адно пра тое, што ў гэтага творцы няма праблем з паслядоўнасцю. Летась з’явіўся чарговы рэчыўны доказ — кніга прозы “На Плябанскіх млынах”.

У кнігу ўвайшлі “містычная аповесць” “На Плябанскіх млынах”, “гатычны раман” “Скокі смерці”; “Старасвецкія міфы горада Б*”, “Шляхецкія апавяданні”, “Гісторыі пані” (“нявыдуманыя аповеды”, паводле аўтарскага вызначэння) і… яшчэ дзевяць твораў, аддзеленых ад папярэдніх непрэтэнцыёзнай шыльдай “Апавяданні”. Самыя раннія з датаваных тэкстаў былі мабілізаваныя ў кнігу з мінулага стагоддзя (1995); самы позні (таксама з датаваных) пазначаны 2009 годам. Нягледзячы на розніцу ва “ўзросце” і жанравым статусе (прадстаўлена поўная “лінейка” празаічных форм: раман, аповесць, цыклы аповедаў, апавяданні навелістычнага кшталту, мініпроза ў духу нонфікшн), сабраныя пад адной вокладкай тэксты ніяк не нагадваюць рэкрутаў, мусова сагнаных служыць аўтаравай мэце. Гэта, хутчэй, сойм, да ўдзелу ў якім запрошаны абраныя.

У пэўным сэнсе, “Ночы на Плябанскіх млынах” — “поўны збор” вызначальных для разумення мастацкага свету Л. Рублеўскай канцэптаў, матываў, сімвалаў, які дае магчымасць скласці досыць выразнае ўяўленне пра эстэтычныя, жанравыя, стылявыя прыярытэты пісьменніка. У кнізе ці то карункавымі, ці то прывіднымі масткамі-пераходамі звязаны ў адно і асобныя творы (“варя’цкі танец”, “дзіўны танец” у фінале “Начэй на Плябанскіх млынах” становіцца уверцюрай да “скокаў смерці” ў аднайменным рамане), і розныя часавыя пласты ўнутры твора (XV і ХХІ стагоддзі ў “Скоках смерці”). Гэту кнігу можна чытаць як “навігацыйную карту” мастацкага словасвету Л. Рублеўскай. Але каб расчытаць згаданую карту, варта ад пачатку мець на ўвазе спецыфічнасць ўладкавання аўтарскага сусвету. Ён мае мінімум (!) чатыры цэнтры. То бок з’яўляецца адначасова (i) беларушчына-, (ii) гісторыя-, (iii) рамантыка-, (iv) меладраматычна- цэнтраваным.

*

Для ўсіх без выключэння твораў, якія ўвайшлі ў кнігу “Ночы на Плябанскіх млынах”, беларушчына ёсць вытокам і вусцем. Аўтар пільна сочыць за тым, каб дэкарацыі для яе з’яўлення былі штораз адметныя, не абражалі аднастайнасцю, найперш, саму беларушчыну. Дом-востраў і адначасова дом-карабель на Плябанскіх млынах, дзе пяць палоннікаў стыхіі і рэвалюцыйнага міжчасся складаюць менскі гептамерон (“Гісторыя пра старую аптэку”, “Гісторыя пра Менскую ратушу”, “Гісторыя пра Лошыцкі прывід”, іншыя навелы ўнутры містычнай аповесці). Старавежск XV стагоддзя ў вусцішна-велічнай аблозе чумы, у абдоймах “карагода смерці”, адзінотнік на скразняках-скрыжаваннях беларускай гісторыі, — і мястэчка, што ў ХХІ стагоддзі годнае імя захавала, а годнасць нескаронага адзінотніка — не (“Скокі смерці”). Хранатоп гэтых твораў разгортваецца паводле логікі беларускага Міфа, у прасторы якога рэчы несумяшчальныя ўтвараюць адмысловае суладдзе. Бо “задача творчага чалавека — ствараць міфы для сваёй радзімы, каб рабіць яе гісторыю цікавай” (“Ночы на Плябанскіх млынах”). На ідэю мэтаскіраванагастварэння цікавай гісторыі ў творах Л. Рублеўскай працуе ўсё. Так, у згаданых аповесці і рамане аднолькава важкую эстэтычную ролю выконваюць розныя віды пафасу (трагедыйны, гераічны, рамантычны, асветніцкі, сентыментальны). У структуры вобразаў-персанажаў па прынцыпе дапаўняльнасці задзейнічаны разнастайныя прыёмы рэалістычнай тыпізацыі і псіхалагізацыі, элементы рамантычнай паэтыкі і меладраматычныя канструкты. Цікава і тое, што terror (“страх-прыцягненне”) і horror (“страх-агіда”), якія ў тэорыі класічнага гатычнага рамана супрацьпастаўляюцца, у кнізе Л. Рублеўскай рэзаніруюць, чым узмацняюць сугестыўны эфект. Універсальнымі лекамі ад страхаў розных гатункаў для герояў Л. Рублеўскай становяцца разнастайныя праявы камічнага (гумару, іроніі, радзей — сарказму). Улюбёным уборам-тропам гэтага няўрымслівага камічнага становіцца параўнанне: “Я вярнуўся ў свой катух на Францысканскай. Мой таварыш валяўся на ложку п’яны і ціхі, як фаршыраваная рыбіна. Я хадзіў з кута ў кут, быццам навязаны баранчык, і мроіў, нібы ў гарачцы” (“Ночы на Плябанскіх млынах”). Разамлелы пад промнямі зіхоткіх параўнанняў і лексічных рарытэтаў (“страхаморца”, “белагаловая”) чытач можа і не заўважыць пары-тройкі гарэзлівых пастак (“любячыя бацькі”, “выпадкова пралятаючы над могілкамі анёл”, “насустрач ідучым”).

У “Старасвецкіх міфах горада Б*” беларушчына мяняе героіка-рамантычныя строі на местачкова-старасвецкія. Дванаццаць аповедаў навелістычнага тыпу з адпаведнымі назвамі (“Артэміда і Актэон”, “Скрыня Пандоры”, “Арфей і Эўрыдыка”, “Геракл у Адмета” і г. д.) і эпіграфамі (іх ролю выконваюць кароткія пераказы старажытнагрэчаскіх міфаў) успрымаюцца як часткі адной яўна нясумнай і патэнцыяльна бясконцай гісторыі. Міфалагемы (тут запазычваюцца фабулы і “матрыцы” міфічных персанажаў) — толькі антураж для ўганаравання “турбот і дзён” жыхароў старасвецкага беларускага мястэчка. Бо любая з местачковых прыгажунь (на думку местачковых кавалераў) вартая атрымаць цэлы кош яблык з рук Парыса. Бо інтэр’ер самай сціплай крамы горада Б* належным чынам ці здолеў бы (?) апісаць і Гамер:

“У маленькай крамцы горада Б* пад вялікай зялёнай шыльдай з надпісам «Табак» найменш прадавалася тытуню. На крамных паліцах, акуратна засланых белай паперай з выцінанкамі па краях, ляжалі разынкі і арэхі, ружавела яблычная пасціла, паблісквалі шматлікія яркія «манэркі» — квадратныя бляшанкі з перцам, імбірам і чаем… На ніжніх, шырокіх паліцах грувасціліся гаспадарчыя прылады — чыгунныя прасы, бязмены, газоўкі, сякеры ды іншае нерамантычнае начынне людскога побыту. У давяршэнне ўсяго на сценах крамы былі развешаны хусткі з махрамі і ўзоры танных стракатых тканін на местачковы густ. Нарэшце, на прылаўку былі раскладзены канцылярскія прылады — стосікі сшыткаў, каляровыя і простыя алоўкі ў высокіх шклянках, гумкі, лінейкі, і запаўняла памяшканне сваім своеасаблівым водарам вялізная бочка селядцоў, што хавалася ў паўзмроку крамы” (“Нарцыс і рэха”).

Сагрэтыя знутры цёплай іроніяй, “Старасвецкія міфы горада Б*” хоць і не прэтэндуюць на разложыстасць класічнага эпасу, затое выдатна ілюструюць шырока-глыбокі адукацыйна-асветніцкі патэнцыял гісторыяцэнтрычнай беларускай прозы: “Ля плота ўзвышаўся царскі скіпетр, свяціліся дробныя кветачкі бабінага лета і чарнакораню, узбіраўся на сцены дома бружмель, калыхаў свой цёмны агонь скрыпень, трымцела пушыстае божае дрэўца і нават сядзела ля ганка нетутэйшая расліна самшыт — жалезнае дрэва…” (“Семела і Юпітэр”). Зрэшты, гэты твор ні на што не прэтэндуе так красамоўна, што менавіта тут беларушчына пачуваецца ці найбольш арганічна (калі яна адпачывае ад гераічнай долі, вядома).

*

Сапраўдную беларушчыну героі Л. Рублеўскай адшукваюць выключна ў мінуўшчыне. Гучанне кнігі “Ночы на Плябанскіх млынах” ўтварае нязмушанае сумоўе розных эпох і культурных традыцый. У аўтарскай версіі гісторыка-культурнага Вавілона здолелі паразумецца антычныя, біблейскія, стражытнаславянскія міфы, беларускі фальклор, высокая рэнесансная кніжнасць, класіка ХХ стагоддзя, гістарычныя постаці, літаратурныя героі, іх аўтары і калялітаратурныя персанажы…

Для герояў Л. Рублеўскай пагружэнне ў даўніну ўтрымлівае адзіную магчымасць руху наперад. Пошук (як няспынны рух) становіцца вызначальным прынцыпам самаідэнтыфікацыі герояў Л. Рублеўскай. Матыў пошуку паслядоўна выяўляецца ў творчасці гэтага пісьменніка, але ў кнізе “Ночы на Плябанскіх млынах” яму надаецца роля структураўтваральная: пошукі Радзімы як умовы асобаснага існавання неаддзельныя ад пошукаў агульнага сэнсу быцця — і наадварот. Цыкл “Шляхецкія апавяданні” да ўласна гістарычнай прозы можна залічыць з істотнымі агаворкамі, а вось да ўзораўгісторыяцэнтрычнай прозы — без аніякіх. Хранатопы сямі з васьмі аповедаў (“Слова гонару”, “Кветка вераніка”, “Лікантроп”, “Гайвароны”, “Хлебазоры”, “Цені забытага карнавалу”, “Дом з драўлянымі львамі”) так ці інакш суадносяцца з нацыянальна-вызваленчымі паўстаннямі ХІХ стагоддзя. Героям усіх твораў (акрамя апошняга — “Экскурсавода”) лёсіла несці праз сваё нядоўгае або, наадварот, пакутліва доўгае жыццё “крыж інсургенцтва”. У асобных выпадках згаданы “крыж” урэчаўляецца, перапрашаем за каламбур, у выглядзе містычнага выраку: напрыклад, пан Леанард Варгун літаральна перакідваецца ў ваўкалака, каб расправіцца з чужынцамі-прыхаднямі (“Лікантроп”). Створаныя паводле канонаў беларускага неарамантызму, вобразы інсургентаў-мужчын, як правіла, псіхалагічна матывуюцца, раскрываюцца з дапамогай вобразаў дзяўчат і жанчын — самаахвярных, бясстрашных, рашучых, непахісных і разам з тым вытанчаных, далікатных, чуйных: Андрусь і яго каханая Анэля (“Слова гонару”); Алесь Вайтыла і яго сястра Галена (“Гайвароны”), Вінцэсь Севярыніч і яго жонка Марыя (“Хлебазоры”). У “шляхецкіх аповедах” (паводле шэрагу змястоўных і стылёвых прыкмет іх можна ўважаць за жанравую мадыфікацыю гістарычнага апавядання) асабістым шчасцем ахвяруюць на карысць годнасці ці радзімы (зрэшты, для герояў Л. Рублеўскай гэта паняцці тоесныя). Каханне тут не змагаецца з абавязкам: любоўныя калізіі ад пачатку асуджаныя аўтарам на трагічныя развязкі (у лепшым выпадку — на адкрыты фінал). Бо шлях да Радзімы ў гэтым мастацкім свеце — шлях змагарны. Без варыянтаў. Без happy end’аў.

*


Агульнае адчуванне ўпушчаных гістарычных шанцаў на паверхні паўсядзённасці ўсплывае пенай калізій, эмоцый, паводзін, учынкаў меладраматычнага тыпу. Самота па часах, калі ўсё было сапраўдным — шляхетнасць, высакароднасць, святасць, вызначае не толькі “экзістэнцыйны пейзаж” ((с) В. Трэнас) жаночых вобразаў кнігі “Ночы на Плябанскіх млынах”. “Тытульныя” героі-мужчыны аповесці, рамана, “Шляхецкіх апавяданняў” Л. Рублеўскай не здолелі б (вы)жыць па-за межамі яе прозы. Бо ў хранатопе, не цэнтраваным на беларушчыне і цікавай гісторыі (апрацаванай па тэхналогіі нацыянальнага Міфа), яны былі б проста адбіткамі рамантычных жаночых уяўленняў пра ідэальных мужчын. Але ў творах Л. Рублеўскай тытульныя героі як бы “аўтаматычна” надзяляюцца шляхетнасцю і адзнакамі рыцарства. Гэтыя канцэпты з двух бакоў ахоўваюць мужчынскую годнасць, законаў якой важна трымацца не толькі ў справах ваярскіх, але і ў “бітвах” сардэчных. Як зазначаў (па-мойму, не без спачування) Дз. Бугаёў у артыкуле “Беларускі дэтэктыў Людмілы Рублеўскай” (2005), “з каханнем у рамане (“Золата забытых магіл”. — І. Ш.) нейкая нескладуха творыцца скрозь. Крутыя вузлы атрымліваюцца”.

Гісторыяцэнтрычныя раманы і аповесці Л. Рублеўскай у айчынным крытычным дыскурсе часам суадносяцца з “меладраматычнымі інтэрпрэтацыямі” мастацкіх ідэй У. Караткевіча. Аўтар кнігі “Ночы на Плябанскіх млынах” не толькі не хавае, але рознымі спосабамі (наўпроставымі згадкамі імені і твораў, эпіграфамі, рэмінісцэнцыямі і інш.) падкрэслівае маштаб асобы і спадчыны У. Караткевіча: “Ненавіджу тых, хто спрабуе прадставіць нашага вялікага рамантыка слабавольным п’яніцам. Вы напішыце столькі, колькі ён, без наяўнасці, акрамя таленту, сталёвай волі! А ўтрымайце столькі энцыклапедычных звестак у прапітых мазгах! Як там у Пушкіна… «Врёте, он и низок не так, как вы…»” (“Скокі смерці”). Між тым у межах кнігі “Ночы на Плябанскіх млынах” самахоць “фармулюецца”, “згушчаецца” адно цікавае ўражанне: У. Караткевіч нястомна аднаўляў Беларусь як шляхецкую Атлантыду; Л. Рублеўская імкнецца занатаваць паэтыку Альбарутэніі як свету-мяжы, па форме — тую ж “цудоўную, неспазнаную беларускую Атлантыду”, але па сутнасці — Вавілон (этнічны, ідэалагічны, гісторыка-культурны і г.д.), што быў (ёсць? будзе?) на скрыжаванні скрыжаванняў.

*

Дзіўна было б марыць пра спакойнае жыццё ў Вавілоне. Дзіваком быў бы чытач Л. Рублеўскай, калі б спадзяваўся на ўтульна-размераны шпацыр па “Начах на Плябанскіх млынах”. Пасля гісторыяцэнтрычных (містычна-гатычных) аповесці і рамана, пасля старасвецкіх міфаў і шляхецкіх апавяданняў “нявыдуманыя гісторыі” “Гісторыі пані” можна ўважаць жа даніну павагі літаратуры non-fiction, а можна — за паслядоўнае імкненне аўтара не даваць чытачу спакою, штурхаць яго нязменна ў новым кірунку. Мастацкія ўзнаўленні-аповеды “нявыдуманага” жыцця адной пані — падкрэслена самаіранічныя, напоўненыя нейкай заліхвацкай энергічнасцю, некаторыя з іх бесклапотна хаўрусуюцца ці то з гумарэскамі, ці то з фельетонамі (“Як я вазіла транзістары і рэзістары”). Але гэтая бесклапотнасць даволі хутка згасае пад згукамі той непаўторнай і адначасова ўсюдыіснай самоты, якую адчуваюць усе, але аднавіць-прамовіць можам толькі мы, яе спадчынныя носьбіты (“Я і штучныя кветкі”, “Я, ангельская каралева і белыя пальчаткі”).

Жанрава-стылявы неспакой ўласцівы і апавяданням, не аб’яднаным у межах кнігі ў цыклы. Для аднаўлення сучаснай апавядальніку рэчаіснасці (“Іслачскія імпрэсіі”) ці пазначэння контураў свету вусцішна-містычнага (“Дыярыуш пані”) скарыстоўваецца вобразна-выяўленчы інструментарый імпрэсіянізму і экспрэсіянізму. Тэма вынішчэння ў часы сталінскіх рэпрэсій нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі (якая з цягам часу становіцца для аўтара, здаецца, усё больш балючай) увасабляецца ў кнізе “Ночы на Плябанскіх млынах” у сацыяльна-псіхалагічных аповедах (“Кветка малайскага лёну”, “Шклянка цемры з прысмакам крыві”)…

Сярод гэтага няспыннага руху-пошуку пэўным застаецца адно: у кнізе Л. Рублеўскай паразуменне розных рэчаў і сутнасцяў (тыпаў “маўлення”, адбіткаў-аскепкаў культур ды часоў, узнёсласці і сарказму, аптымізму і трагізму) адбываецца без гвалту з боку пісьменніка і высілкаў з боку чытача. Такой жа нязмушанай бачыцца здольнасць аўтара кнігі “Ночы на Плябанскіх млынах” выдатна ўсведамляць:

(і) самотную карму беларушчыны;
(іі) наступствы жыцця на скразняках роднай гісторыі;
(ііі) нефарматнасць беларускай версіі (неа)рамантызму;
(iv) перспектывы меладраматызму ў тутэйшым, перапрашаем, літдыскурсе.

І пры гэтым быць палядоўнай. Насуперак усім “дэманам” і “цёмным сілам”. Насуперак веданню, што “рамантычны светапогляд спараджаецца менавіта безнадзейнасцю” (“Дом з драўлянымі львамі”). Такуюпаслядоўнасць варта ўшаноўваць як рэвалюцыйнасць. Адметную. Спадчынную. Сакральную.