21 сакавіка — Сусветны дзень паэзіі. Віншуем!

Сёння, 21 сакавіка — Сусветны дзень паэзіі. Упершыню гэтае свята, зацверджанае ЮНЕСКА 15 лістапада 1999 года, было адзначана ў 2000 годзе ў Парыжы. Гэты дзень садзейнічае развіццю паэтычнага слова, падтрымлівае моўную разнастайнасць і традыцыі паэтычных чытанняў, актуалізуе вершаванне поруч з іншымі родамі літаратуры і відамі мастацтва. Шчыра віншуем усіх творцаў і аматараў паэзіі, жадаем натхнення ў напісанні і ў чытанні вершаў!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Паэзія

Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае суровыя законы
He для забаў, не для гульбы —
А пошук ісціны да скону.

Ты — рай, паэзія. Ты — рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
I толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.

Ты — жаль, паэзія. Ты — жар.
Я па тваім хаджу вуголлі.
Чыя не прагнула душа
Твайго зняволення і волі?

Ты — сум, паэзія. Ты — суд
I мрояў нашых, і здзяйсненняў.
Хай душы шчырыя нясуць
Высокі лад тваіх памкненняў!

Ты — яд, паэзія. Ты — сад
З адзіным яблыкам спакусным.
Над ім — каторы год падрад! —
Мае збалела смягнуць вусны...

Ты — боль, паэзія. Ты — бой.
Ты — праўды непрыступнай вежа.
Я — праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..

Леанід Галубовіч

 

Прэсавая служба СБП