Саюз беларускіх пісьменнікаў — на "Мовафэсце"

Кнігараспаўсюднікі Міраслаў Лазоўскі і Алесь Яўдаха каля стэнду СБП на "Мовафэсце", фота Радыё Свабода
22 лютага ў мінскім культурным хабе «ОК16» (вул. Кастрычніцкая, д. 16, к. 27) «Арт Сядзіба» арганізавала маштабнае і ўнікальнае свята «Мова Фэст» да Міжнароднага дня роднай мовы. Падчас "Мовафэсту" прайшлі некалькі імпрэзаў з удзелам прадстаўнікоў Саюза беларускіх пісьменнікаў. 

На прома-пляцоўцы «Мова, грамадства, бізнес» у малой залі кардынатарамі Ціханам Чарнякевічам і Усеваладам Сцебуракам была праведзеная прэзентацыя праекта «Школа маладога пісьменніка» ад Саюза беларускіх пісьменнікаў. Школа маладога пісьменніка — нефармальны адукацыйны праект, які спалучае вопыт і досвед спрактыкаваных майстроў пяра з актуальнымі патрэбамі маладых літаратараў. Школа аб'ядноўвае паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў, якія падчас навучання не толькі паляпшаюць якасць сваіх тэкстаў, але і атрымліваюць механізм рэалізацыі сваіх культурніцкіх правоў.

_bun_.jpg

На Адукацыйнай пляцоўцы «Годна» ў вялікай залі Банк Дабрабыт зарганізаваў і правёў адкрытую дыскусію «Беларуская мова і бізнес» з удзелам:

Алена Патаповіч, намеснік дырэктара па маркетынгу парталу Realt.by,
Аляксей Раманчук, прэс-сакратар Банка Дабрабыт,
Аляксандр Апейкін, дырэктар гандбольнага клуба «Віцязь-Леон» (Мінск),
Ала Ляцяга, кiраўнiк дэпартамента карпаратыўных адносiнаў ААТ «Пiваварная кампанiя Алiварыя»,
Мікіта Броўка, намеснік дырэктара ТАА «Сымбаль Бай»,
Усевалад Сцебурака, намеснік старшыні ГА «СБП», тэлевядучы канала «Белсат».
Вядучы дыскусіі: Арцём Гарбацэвіч, журналіст «Нашай Нівы».

Цягам усяго дня працаваў супольны стэнд Саюза беларускіх пісьменнікаў і Інтэрнэт-кнігарні Knihi.by, дзе можна было пазнаёміцца з прома-прадукцыяй Саюза, прыдбаць выданні кніжных серый нашай арганізацыі: "Кнігарня пісьменніка", "Каляровы ровар", "Пункт адліку".




Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"