Сержу Мінскевічу — 50!

Серж Мінскевіч, фота: https://naviny.by/
Сёння — дзень народзінаў у вядомага беларускага паэта, перакладчыка, барда, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Сержа Мінскевіча. 

Серж Мінскевіч нарадзіўся 12 лютага 1969 скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (1995). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Працуе ў Інстытуце літаратуры НАН Беларусі (цяпер Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры). Кандыдат філалагічных навук.

Займаўся бардаўскай песняй, выдаў альбом «Жах-хі-хі / Шля-хі-хі» (1997). Разам з паэтам Алесем Туровічам у канцы XX ст. маніфеставаў «шлях мастацтвавання» — транслагізм. Удзельнічаў у літаратурна-мастацкая акцыі «Пасля сцяны» (Стакгольм 1999), «Пісьменнікі супраць глупства» (Лахты, Фінляндыя 2001). Стыпендыят Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы «Gaude Polonia» (2007).

Зрабіў поўны пераклад паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» (1999), пераклаў яго «Крымскія Санеты» (2004). Перакладаў з польскай Славацкага, Івашкевіча, Галчынскага, Маслоўскую, з англійскай Шэлі, Лангфэла.

Аўтар кніг «Праз галеРэю» (паэзія, 1995), «Менскія санэты / Мінскія санэты» (2002), «Прыгоды Какоса Маракоса» (вершаваная казка, 2006), «Я з БУМ-БАМ-ЛІТа» (вершы, проза, крытычныя артыкулы, успаміны пра літаратурныя і мастацкія рухі канца ХХ — пач. ХХІ стагоддзя, 2008), «Сад замкнёных гор» (фантастычны раман, фантастычная аповесць і апавяданні, 2011), «Чароўная крыніца, ці як навучыць дракона чысціць зубы».

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць юбіляра з днём нараджэння, зычаць добрага здароўя, творчых поспехаў, натхнення на новыя кнігі!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"