Школа маладога пісьменніка: Граматыка фантазіі і алхімія слова

Выпуск Школы маладога пісьменніка 2017-2018

На днях быў завершаны набор у Школу, якая працуе пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. З 86 заявак, дасланых з Мінска і Міншчыны, Віцебска, Гародні і Пінска, выкладчыкі і куратары адабралі ўсяго 20. Конкурс – больш за 4 чалавекі на месца! Мяркуецца, што на другім курсе будзе 6 навучэнцаў. Першы занятак пройдзе ўжо 6 кастрычніка.

Школа маладога пісьменніка працуе з 2012 года як нефармальны адукацыйны праект, і за гэты час дзясяткі аўтараў змаглі знайсці свой шлях у літаратуру. У дэбютнай кніжнай серыі “Пункт адліку” выдаюцца таленавітыя творы, штогод па выніках Школы выходзіць калектыўны зборнік работ выпускнікоў. Кнігі навучэнцаў Школы трапляюць у фіналы літаратурных прэмій. Напрыклад, аповесць Зараславы Камінскай “Русалкі клічуць” атрымала першую прэмію “Дэбют” 2018, таксама гэтае выданне поруч з раманам Ксеніі Шталенковай увайшло ў доўгі спіс сёлетняй прэміі Ежы Гедройца.

Аднак новаабраным шчасліўчыкам яшчэ рана марыць пра галавакружныя поспехі – у іх наперадзе вялікая праца. Напярэдадні першага занятку мы спыталі ў выкладчыц Школы пра чаканні, планы і надзеі ў навучальным сезоне 2018/2019.


Наталля Паваляева, празаік, выкладчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук:

– Кожны новы год у Школе адрозніваецца ад папярэдняга – і гэта нармальна, гэта здорава. Людзі ўсе розныя, таму натуральна, што кожны год у новай школьнай групы – свой твар (дакладней, свае твары). Перадусім я чакаю, што тыя, хто адабраўся ў групу, будуць карысныя адно аднаму – як калегі, чытачы, крытыкі. Вельмі важна, каб у групе ўсталяваліся лёгкія пазітыўныя ўзаемаадносіны – мы пастараемся дапамагчы ў стварэнні спрыяльнай для гэтага атмасферы. І, канечне, усе выкладчыкі будуць радыя, калі слухачы Школы атрымаюць цягам заняткаў тое, на што спадзяваліся, падаючы свае заяўкі: матывацыю для творчасці, некаторыя тэхнічныя навыкі і пад. І яшчэ хочацца спадзявацца, што ўсе стануць больш чытаць.


Выкладчыцы Школы Наталля Паваляева, Людміла Рублеўская, Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч

Як паказвае практыка мінулых гадоў, новым навыкам для тых, хто паступае ў Школу пісьменніка, з’яўляецца навык рэгулярнага пісьма. Гэта гучыць парадаксальна, аднак гэта так. Тры заданні, якія штомесяц павінны выконваць слухачы Школы – добрая ў гэтым сэнсе трэніроўка. Другі навык, на мой погляд, неабходны для пісьменніка – навык рэгулярнага ўдумлівага чытання. Таксама будзем намагацца яго раз- і прывіваць. Што датычыцца поспехаў – тут цяжка загадваць, дый мы, выкладчыкі, ніколі не ціснем на слухачоў і не патрабуем нейкіх вынікаў. Галоўнае, каб людзі атрымлівалі задавальненне ад таго, што яны робяць, і паболей пісалі. А як усё складзецца ў далейшым – час пакажа.

Жадаю новым навучэнцам удачы ў тым, што яны самі для сябе лічаць найважнейшым.

 

Ганна Бутырчык, літаратуразнаўца, загадчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук:

– Нягледзячы на тое, што праграма школы за гады працы адшліфавалася, кожная група дадае нешта ў агульную творчую атмасферу, правакуе мяне як выкладчыка на новыя заданні, нечаканыя формы падачы матэрыялу. Кожны курс для мяне непаўторны, і я спадзяюся, што і новыя навучэнцы будуць прыемна здзіўляць неспадзяванымі паваротамі сюжэта, стылёвымі пасажамі, наватарскай кампазіцыяй, – будуць рабіць нечаканае; рабіць, як не бывае; рабіць тое, што да іх не рабіў ніхто.

Я спадзяюся, што нашыя маладыя пісьменнікі не толькі навучацца ствараць, адэкватна ацэньваць і бязлітасна правіць уласныя тэксты, але стануць адданымі чытачамі, слухачамі і шчырымі крытыкамі тэкстаў сваіх аднакурснікаў. Я зычу ўсім нам прыемнага засваення граматыкі фантазіі і спасціжэння алхіміі Слова. Навучэнцам другога года я жадаю творчай рэалізацыі прапанаваных праектаў і дэбютных кніжак.

 

Людміла Рублеўская, празаік, паэтка, літаратурны крытык, журналістка.

– Спадзяюся, як і штогод, адкрыю для сябе яшчэ некалькі маладых талентаў, якія, нягледзячы ні на якія неспрыяльныя абставіны будуць працаваць на карысць беларускай культуры. Спадзяюся ўбачыць людзей, якія ўмеюць самастойна мысліць, для якіх літаратура -- не хобі і не сродак атрымаць нейкі "сацыяльны капітал".

Будзем, як заўсёды, развіваць літаратурны слых. Углядацца ў свет, услухоўвацца ў сябе, ламаць стэрэатыпы і змагацца з сіндромам юнага генія і гіпнозам гігантаў. Жадаю скарыстаць унікальную магчымасць, якая даецца ў Школе -- чытаць, думаць і працаваць, не шкадуючы сябе, каб "на выхадзе" мець цэлы стос якасных рукапісаў і вялікія творчыя планы.

Падрыхтавала Віка Трэнас, фота Вікі Трэнас, для lit-bel.org