Школа пісьменніцтва W/Rights абвяшчае набор навучэнцаў!

Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае ў Школу пісьменніцтва «W/Rights». Калі табе да 35 гадоў, і ты пішаш прозу, паэзію альбо перакладаеш вершы з замежных моваў  — смела падавай заяўку.

Новы адукацыйны праект спалучае сямігадовы досвед Школы маладога пісьменніка і актуальныя патрэбы маладых літаратараў. «W/Rights» аб'ядноўвае паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў, якія падчас навучання не толькі палепшаць якасць сваіх тэкстаў, але і атрымаюць механізм рэалізацыі сваіх культурніцкіх правоў. Праект здзяйсняецца ў партнёрстве з грамадска-культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі!", праваабарончай ініцыятывай "Журналісты за талерантнасць", Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый.

Выкладанне ў Школе будзе весціся на дзвюх аддзяленнях: «Паэзія/Пераклад паэзіі» і «Мастацкая проза».

 Навучанне ў Школе — бясплатнае!

На аддзяленні прозы ў нас выкладаюць Ганна Бутырчык, Наталля Паваляева і Людміла Рублеўская, на аддзяленні «Паэзія/Пераклад паэзіі» — Ульяна Верына, Вольга Гронская, Андрэй Хадановіч.

Школа пісьменніцтва «W/Rights»  — гэта: 

- базавыя веды ў галіне культурніцкіх правоў; 

- актуальныя практыкі creative writing; 

- камунікацыя і ўзаемнае абмеркаванне тэкстаў з калегамі; 

- тэорыя прозы, паэзіі і паэтычнага перакладу; 

- навучанне асновам прамоцыі, краўдфандынга і фандрайзінга ў сферы культуры; 

- семінары па выяўленні мовы варожасці ў тэкстах; 

- воркшопы з найлепшымі паэтамі і пісьменнікамі Беларусі; 

- сустрэчы з выдаўцамі, дызайнерамі і спецыялістамі па аўтарскім праве; 

- магчымасць надрукаваць свае творы.

 

Умовы паступлення

* Узрост: 18-35 гадоў.

* Заяўка на адрас shkola.pismennika@gmail.com 


Заяўка павінна ўключаць:

1) узор уласнай прозы (для аддзялення «Мастацкая проза») альбо паэзіі/перакладу (для аддзялення «Паэзія/Пераклад паэзіі») любога жанру на беларускай мове аб’ёмам 2-5 старонак;

2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце навучацца ў Школе;

3) спіс з 5-10 кніг, якія на вас паўплывалі найбольш.

 

Правілы афармлення заяўкі:

* Тэма ліста: W/Rights з пазнакай «Мастацкая проза» альбо «Паэзія/Пераклад паэзіі».

* Вашыя тэксты, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце разам адным файлам у фармаце .docx(.doc). На першай старонцы пазначце сваё імя і прозвішча, адрас пражывання, дату нараджэння, e-mail і кантактны нумар тэлефона.

* Файл назавіце лацінкай наступным чынам ― "вашае прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, вашае імя", напрыклад:

Pashkevich_Alaiza.docx

Bahdanovich_Maksim.docx

 

*Заяўкі для паступлення прымаюцца на электронную пошту: shkola.pismennika@gmail.com да 20 верасня 2019 г.

Заяўкі не рэцэнзуюцца. Прыём паводле конкурсу. Пра вынікі прыёмнай кампаніі будзе паведамлена на пачатку кастрычніка на сайце lit-bel.org і ў паштовай рассылцы. Пры паспяховым залічэнні ў Школу вам паведамяць гэта да пачатку заняткаў па нумары тэлефона, якія вы пакінулі.

Зычым поспеху!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"