Шведскія літаратары пра смерць, Нобеля і Курапаты

Грэта Рутбёль і Ёрген Гасілеўскі
У Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася сустрэча са шведскімі пісьменнікамі Грэтай Рутбёль і Ёргенам Гасілеўскі.

Калі Ёрген Гасілеўскі ўжо быў у Беларусі, то Грэта наведала нашу краіну ўпершыню. Па словах Гасілеўскі яго надзвычай уразіла разнастайнасць нашага культурнага ландшафту. Асаблівае ўражанне на гасцей зрабіла паездка ў Курапаты, дзе ляжаць расстраляныя ў часы савецкага тэрору пісьменнікі.

Смерць і дзіцячая літаратура

Грэта Рутбёль вядомая дзіцячая пісьменніца ці не першая ў Швецыі наважылася напісаць пра смерць у кніжцы для дзяцей. Яе кніга «Jon har ett svart hål i sitt röda hjärta» («У Ёна ёсць чорная дзірка ў яго чырвоным сэрцы») сталася сапраўдным парушэннем табу. Пісьменніца нават хадзіла да псіхолага, каб параіцца: ці варта такія тэмы падымаць у дзіцячай кнізе. І цяпер кажа ўпэўнена:
«Не важна, для каго кніга, тэму смерці трэба прамаўляць і для дарослых, і для дзяцей».



Тры бяды сучаснай літаратуры

На думку Грэты сучасная літаратура не можа даць рады некалькім праблемам. Па-першае, гэта дыгіталізацыя. Перавод кніжак у лічбавы фармат ставіць адразу некалькі пытанняў: формы і грошаў. Малюнкі (а для дзіцячых кніг гэта асабліва важны момант) папросту не могуць існаваць у аўдыёкнізе. Да таго ж паўстае пытанне платы за літаратуру, якая можа распаўсюджвацца цалкам бескантрольна.

Другая праблема: людзі сталі значна менш чытаць. Апошнім часам у Швецыі зачынілася чвэрць бібліятэк, а тыя, што засталіся стаяць паўпустыя.

І нарэшце, свабода слова.

DSC01367.JPG

Цяпер падтрымліваць Хандке – гэта падтрымліваць генацыд?

Не абмінулі на сутрэчы і пытанне апошняй Нобелеўскай прэміі. Грэта кажа: «Калі Хандке атрымаў прэмію, я ўзрадавалася. На мяне ён у свой час вельмі паўплываў. Я пачала пісаць больш свабодна і смела».

Станоўча ацэньвае пісьменніка і Ёрген Гасілеўскі. Аднак, тая хваля негатыву, якая паднялася вакол Хандке ў СМІ не падабаецца літаратарам: «Праз тое, што цяпер пішуць СМІ, выглядае, што падтрымліваць Хандке, тое самае, што падтрымліваць генацыд. Нам гэта не падабаецца».

«Хто я такі, каб ацэньваць падзеі ў Руандзе?»

Апошні раман Ёргена Гасілеўскі «Hastigheten» («Хуткасць») прысвечаны разні ў Руандзе ў 1994 годзе. Сам пісьменнік вельмі асцярожна падышоў да выбару расказчыка ў сваім рамане. «Хто я такі, каб пісаць пра падзеі ў Руандзе? Белы еўрапеец не можа перадаць падзеі, што перажылі ў Афрыцы» Таму Ёрген зрабіў галоўнай гераіняй 19 гадовую дзяўчыну і праз яе назіранні, спрабуе пераказаць увесь жах той масакры.



Анталогія кожныя 10 год

Ёрген кажа, што цяперашняя шведская паэзія выглядае як сплаў мадэрнізму з сацыяльнай накіраванасцю і праблемнасцю. Гэтая тэндэнцыя трымаецца ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Цешыць, што апошнім часам у шведскую паэзію прыйшло шмат жанчын.

Між іншым, у Швецыі кожныя дзесяць год выдаецца новая літаратурная анталогія, якая становіцца арыентырам не толькі для чытачоў, але і падчас стварэння школьных праграм. 

Саюз беларускіх пісьменнікаў