Шведскія калегі падтрымалі Саюз беларускіх пісьменнікаў


18 жніўня з'явілася афіцыйная заява Шведскага саюза пісьменнікаў у абарону СБП:

"Беларускія ўлады працягваюць сістэматычныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці краіны. На дадзеным этапе пастаянна ліквідуюцца недзяржаўныя арганізацыі. Праваабарончыя НДА, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр ужо зазналі рэпрэсіі з боку ўладаў. Цяпер прыйшла чарга Саюза беларускіх пісьменнікаў. Незалежная пісьменніцкая арганізацыя 17 жніўня атрымала ліст ад Вярхоўнага суда. У ім сказана, што 24 жніўня суд пачне справу па пытанні ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў як юрыдычнай асобы. Запыт на ліквідацыю паступіў з Міністэрства юстыцыі.

Шведскі саюз пісьменнікаў разам са сваімі сябрамі з партнёрскай пісьменніцкай арганізацыі змагаецца за свабоду слова і правы чалавека.

"Мы з жахам глядзім на тое, як усё большую і большую колькасць нашых калег прымушаюць маўчаць альбо знікаць з краіны. Мы патрабуем неадкладна спыніць усе формы пераследу СБП, усіх пісьменнікаў, усіх беларусаў, якія абараняюць дэмакратыю ў краіне", - кажа Грэта Ротбёль, старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў".



Шведскі саюз пісьменнікаў