Скептыкі ды аптымісты: абвешчана галоўная тэма дзясятага «Кніжнага Арсенала»

Дзясяты «Кніжны Арсенал» адбудзецца 20-24 мая 2020 года ў Кіеве. У цэнтры ўвагі юбілейнага фестывалю – скептыкі ды аптымісты. Куратарам фокуснай тэмы стаў літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Расціслаў Сямкоў.

Скептыкі-аптымісты – гэта скразная тэма, якая будзе адлюстравана ў падзеях і праектах, прапанаваных куратарамі X Міжнароднага фестывалю «Кніжны Арсенал».

Вось як Расціслаў Сямкоў акрэсліў акцэнт X «Кніжнага Арсенала»: «Заўважылі? Як толькі хтосьці вакол нас стварае аптымістычны прагноз на будучыню, як адразу знойдуцца жадаючыя неадкладна яму запярэчыць. Ну, які аптымізм? Хіба мы бачым перад сабою добрыя перспектывы? Пастаянна спадзявацца на лепшае – гэта па-дзіцячы, наіўна. Зараз скептыкаў значна больш, чым аптымістаў. І тэндэнцыя гэтая таксама не аптымістычная: шэрагі скептыкаў пастаянна папаўняюцца тымі, хто ўчора быў перакананы, што з любой сітуацыі ёсць выйсце. Што гэта? Чарговы спад гістарычнага цыклу, пасля якога пачнецца новы ўздым нашай веры ў магчымасці чалавечага розуму, творчых сіл і разважлівасці? Ці самая глыбокая кропка дна, пад якой мы адчуваем яшчэ глыбейшае дно? Кажуць, што аптымісты проста дрэнна інфармаваныя, але як рухацца да мэты, калі ўпэўненыя, што яе ўсё адно не дасягнуць? Магчыма, абодва бакі – і смешныя аптымісты, і бяссільныя скептыкі – настальгічныя прывіды з мінулага?»

Расціслаў Сямкоў працуе разам з камандай X «Кніжнага Арсенала», у якую ўвайшлі:

- Сяргей Жадан, куратар Пісьменніцкай праграмы,
- Вольга Жук, куратар Праграмы дызайну кніг,
- Любоў Марозава, куратар Музычнай праграмы,
- Юлія Казлавец, каардынатар фестывалю, куратар Дзіцячай праграмы,
- Аксана Шчур, куратар Міжнароднай праграмы,
- Аксана Хмялеўская, куратар Праграм прафесійнага развіцця,
- Таня Радзівонава, каардынатар Украінскай праграмы,
- Ірына Славінская, куратар Спецыяльнай праграмы,
- Саламея Саўчук, каардынатар Мастацкіх праектаў,
- Вера Кружыліна, тэхнічная дырэктарка фестывалю.

Прыём заявак на ўдзел у X Кніжным арсенале будзе абвешчаны ў снежні 2019 года.

Міжнародны фестываль «Кніжны Арсенал» быў заснаваны Мастацкім арсеналам у 2011 годзе. Гэта штогадовая інтэлектуальная падзея ва Украіне, дзе развіваюцца і ўзаемадзейнічаюць кніжная, літаратурная, візуальная, музычная і тэатральная сцэны. Падчас фестывалю асэнсоўваюцца важныя пытанні жыцця чалавека, а таксама грамадства і культуры.

За 9 гадоў свайго існавання «Кніжны Арсенал» наведалі больш за паўтысячы пісьменнікаў, паэтаў, філосафаў, дызайнераў, ілюстратараў і экспертаў выдавецкай справы з больш чым паўсотні краін свету.

Пачынаючы з 2017 года «Кніжны Арсенал» абірае фокус-тэму фестывалю. «Смех. Страх. Сіла» стала першай тэмай. У 2018 годзе – «Праект будучыні», а ў 2019 годзе – «Суседства: адкрытае пытанне».

У рамках «Кніжнага арсенала» праходзіць конкурс на найлепшае афармленне кнігі, мэта якога – расказаць пра кнігу як арт-аб'ект і развіваць індустрыю ў эстэтычным напрамку.
Прыём заявак на конкурс «Найлепшы кніжны дызайн» будзе абвешчаны ў лютым 2020 года.

У 2019 годзе «Кніжны Арсенал» быў прызнаны найлепшым літаратурным фестывалем году на International Publishing Industry Excellence Awards

Мистецький арсенал