«Слова „геній“ зусім не выглядае перабольшаньнем».


Сёння Беларусь развіталася з Алесем Сцяпанавічам Разанавым. Радыё Свабода папрасіла літаратараў ацаніць уплыў творчасьці і асобы паэта.



Уладзімер Някляеў, паэт і празаік:

«Ня стала аднаго з найвыбітных паэтаў Беларусі. Ня толькі найвыбітнага паэта сучаснасьці, але і ўсёй нашай літаратурнай гісторыі. Вельмі вялікая страта для літаратуры, для культуры.

З раніцы ў мяне дагэтуль баліць сэрца. Ён быў унікальны ня толькі ў творчасьці, але і ў жыцьці, ён не любіў таго, што завецца „тусоўкамі“, ня надта любіў кампаніі. Дарэчы, ніколі не выпіваў. Ён быў проста як ніхто, бадай, з нас адданы паэзіі. Мажліва, па той прычыне, што адчуваў сваю пакліканасьць.

Мы працавалі разам у рэдакцыі часопісу „Крыніца“, разам з Валянцінам Акудовічам, Уладзімерам Арловым, гэта былі часы, пра якія я ўспамінаю як пра найлепшыя.

Я ўдзячны яму за тое, што ён быў, што ён ня толькі пісаў, але і ствараў вакол сябе беларускую высокую аўру. І шмат-шмат на каго паўплываў ня толькі з паэтаў, але і з грамадзянаў нашай краіны.

Пухам яму наша родная зямля!»


Уладзімер Арлоў, літаратар, гісторык:

«Асоба Алеся Разанава мела не адно вымярэньне і ўвасабленьне, але найперш ён, стваральнік новых жанраў і наогул новай паэтыкі, застанецца геніяльным паэтам, які заслугоўваў Нобэлеўскай прэміі.

Хмельным глытком кіслароду, для нас, маладых літаратараў, сталася на пачатку 1970-х першая ж ягоная кніга «Адраджэньне».

Тры гады таму «Сон у купальскую ноч» на сцэне Купалаўскага тэатру, калі Шэксьпір загучаў у перакладзе Разанава, навёў, напэўна, ня толькі мяне на думку пра сувымернасьць гэтых творцаў.

Пра яго казалі: «Жыхар неба», але ён заўсёды заставаўся і жыхаром нашай беларускай зямлі. У студэнцтве быў выключаны з унівэрсытэту за ліст з патрабаваньнем выкладаць па-беларуску. У сьнежні 2010-га паставіў свой подпіс пад лістом генэральнаму пракурору, калі мы ня ведалі жывы ці мёртвы яшчэ адзін выдатны паэт — кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. Алесь ня проста падпісаў ліст, а быў сярод тых, хто прыйшоў у генэральную пракуратуру. Памятаю, як мы ішлі туды і сыходзілі амаль што пад канвоем людзей у цывільным.

Я ня ведаю, ад чаго памёр Алесь, але ўпэўнены, што ягоны сыход не магла не прысьпешыць сёньняшняя задушлівая нясьцерпная атмасфэра, дзе крамольным улада лічыць само слова «свабода».

Але я ведаю: творы Алеся Разанава — з тых цаглін, якія не дадуць зьнішчыць ні гмах беларускай літаратуры, ні саму Беларусь».



Андрэй Хадановіч, паэт і перакладчык:

«Алесь Разанаў — адзін з найлепшых паэтаў за ўсю гісторыю беларускай літаратуры. (І адзін з найлепшых перакладчыкаў у гісторыі беларускага перакладу.)

Фэнамэнальны аўтар, які яднаў у сваёй творчасьці, здавалася б, непаяднальнае.

Бліскучы наватар, які карыстаўся й найлепшым, што існуе ў традыцыі.

Вынаходнік словаў і цэлых паэтычных жанраў.

Лірык, які на некалькі дзесяцігодзьдзяў апярэдзіў свой час (калі такія рэчы наагул паддаюцца вымярэньню).

Самотнік, што як бы мімаволі стаў стваральнікам паэтычнай школы (а магчыма, і некалькіх розных школаў).

Рэдкі выпадак, калі слова „геній“ зусім не выглядае перабольшаньнем».



Наста Кудасава, паэтка:

«Мой першы ў жыцьці аўтограф ад Алеся Разанава зьмяшчаў усяго два словы: „Удзельніцы падзеі“. Дваццаць гадоў мінула з той сустрэчы, а я так і засталася агаломшанай удзельніцай сустрэчы са Словам. Бо тое, што ён быў тут, сярод нас, і ёсьць Падзеяй. Магчыма, найгалоўнейшай для гісторыі ўсёй нашай літаратуры.

Я зусім не ведала яго як чалавека. Хоць мы і сустракаліся пасьля не аднойчы. Але кожны раз гэта была нейкая надчалавечая сустрэча, сустрэча з самой Паэзіяй. Як быццам ён ужо даўно зрабіўся вечным, па чыстай выпадковасьці застаючыся ў зямным абліччы. Таму я не адчуваю смутку сёньня, бо вечнасьць не памірае. Я маю толькі ўдзячнасьць за тое, што мне давялося нарадзіцца ў адной краіне і ў адзін час з ім. Гэта добры знак для ўсіх беларусаў, гэта значыць — Беларусь будзе жыць».



Барыс Пятровіч, празаік, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:

«Апошнім часам мы даволі часта сустракаліся з Алесем Сьцяпанавічам.

Мне ён здаваўся такім маладым, энэргічным, поўным сілаў, поўным ідэяў і задумаў. Ніколі-ніколі ня скардзіўся на сваё здароўе, не казаў пра свае асабістыя праблемы. Заўсёды цікавіўся справамі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і клопатамі, якія ёсьць у Саюзе, асабліва ў апошні час, улічваючы тое, што адбываецца з нашай арганізацыяй.

Нам будзе вельмі не хапаць ягонага сяброўскага слова, сяброўскай падтрымкі. І ягоных твораў, вядома, якія засталіся цяпер ужо зь ім.

Ад першых сваіх крокаў у літаратуры, ад першай публікацыі ў „ЛіМе“, якая адбылася, калі яшчэ Алесь Сьцяпанавіч быў школьнікам, ён заявіў пра сябе як пра адметнага, яркага, самабытнага, непадобнага да іншых творцу. Ён такім быў праз усё жыцьцё.

Праз усё жыцьцё ён адкрываў новыя шляхі ў літаратуры, новая жанры, новыя пуцявіны. Ня толькі пра сябе, але і для моладзі, якая старалася ісьці за ім, старалася быць падобная да яго — найперш у тым, каб не баяцца адкрыцьцяў, не баяцца новага, не баяцца быць сьмелым, не баяцца быць іншым і не падобным да іншых.

Нам будзе вельмі не хапаць Алеся Сьцяпанавіча. Але ён адышоў у вечнасьць і заўсёды будзе з намі. З намі будзе яго творчасьць, з намі будуць ягоныя словы.

Дзякуй, дарагі Алесь Сьцяпанавіч за ўсё, што ты зрабіў для нас і для беларускай літаратуры».



Алесь Аркуш, паэт і выдавец, заснавальнік літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес»:

«Хіба што менавіта Алесь Разанаў прывёў мяне і да беларускай мовы, і да беларускай літаратуры. У пачатку свайго літаратурнага шляху мне здавалася, што беларуская літаратура архаічная, вясковая, нецікавая, ненаватарская, ніякая. Але неяк у СМІ я прачытаў артыкул пра Алеся Разанава. Тады я вучыўся ў наргасе і хадзіў у літаб’яднаньне Валерыі Маргуліс. Назаўтра прыйшоў у «Цэнтральную кнігарню» і запытаўся пра кнігу Разанава. І якраз трапіў на паэтку Святлану Каробкіну, якая там працавала, яна і патлумачыла, што кнігі Разанава зьнікаюць з паліцаў кнігарняў імгненна і цяпер нічога прапанаваць ня можа. І параіла, што мне варта наведаць абʼяднаньне «Крыніцы» пры «Чырвонай зьмене». Кнігу Разанава «Вастрыё стралы» я знайшоў у сваёй жодзінскай кнігарні.

З гэтага ўсё і пачалося.

Ня ведаю ніводнага паэта, які пачынаў свой творчы шлях у другой палове 80-х — пачатку 90-х, які б не зазнаў уплыву Алеся Разанава. Вельмі любіў Разанава Анатоль Сыс. Ён дарэчы і прывёз мне зь нейкай местачковай кнігарні і «Каардынаты быцьця» і «Шлях-360».

Не сказаць, што ў мяне было шмат сустрэч і гутарак з Разанавым. Хіба што адна з памятных — падчас творчай нарады маладых літаратараў у Доме творчасьці ў Іслачы, здаецца, было гэта ў 1988 годзе. Тады Алесь Сьцяпанавіч напісаў мне на праграмцы нарады «Сустрэнемся на барыкадах!!!». Відавочна, маючы на ўвазе літаратурныя барыкады ў справе абнаўленьня беларускай літаратуры.

І яшчэ памятна, як мы, тэвээлаўцы, уручалі любімаму паэту сваю літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Узнагародай мы адзначылі кнігу «Паляваньне ў райскай даліне», якая выйшла ў 1995 годзе. Урачыстасьць была наладжана перад спэктаклем «Галава», які тэатар «Вольная сцэна» паставіў па пʼесе тэвээлаўца Ігара Сідарука. Алесь Сьцяпанавіч з удзячнасьцю прыняў узнагароду. І падчас уганараваньня прачытаў урывак са сваёй паэмы «Гліна». Мы слухалі яго, і мурашкі беглі па сьпінах.

Апошні раз мы бачыліся, здаецца, чатыры гады таму на фэстывалі «Вершы на асфальце». Сфатаграфаваліся, я падпісаў яму сваю кнігу вершаў «Песьні ля Замкавай гары», назваўшы паэта сваім гуру. Такім ён сапраўды быў і застаецца.

Быў! Ёсьць! І будзе!"



Радыё Свабода