Спадар Свабода: жыццё і смерць Ігара Герменчука


Радыё Свабода пачынае публікацыю новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».

“Спадар Свабода” — драматычны аповед пра нашага сучасніка, якога параўноўваюць з Кастусём Каліноўскім. Гісторыя беларускай незалежнай прэсы — гэта шлях ад “Мужыцкай праўды” Каліноўскага да газеты “Свабода”, якой прысвяціў сябе герой кнігі Ігар Гермянчук (1961-2002). Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў назваў яго самым гераічным рэдактарам самай гераічнай беларускай газеты.

“Свабоду” прыдумаў Вацлаў Іваноўскі ў 1902 годзе. А разгарнуў у папулярнае выданне, якое часам дасягала 100-тысячнага тыражу, Ігар Гермянчук праз 90 гадоў. Ён рэдагаваў газету з 1991 да 1997-га, калі яна была закрыта судом. Гэта была пастаянная праца пад прэсінгам. Увесь агонь рэдактар прымаў заўсёды на сябе. Гэта была барацьба за свабоду слова.

Як узнікла газета з такой назвай у нашы часы? Такое выданне задумаў яшчэ пры СССР Сяргей Дубавец: першы нумар выйшаў 25 сакавіка 1990 года. Праз год ён перадасць рэдактарства Ігару Герменчуку, у той час дэпутату Вярхоўнага Савета БССР, удзельніку парламенцкай фракцыі БНФ.

Сяргей Дубавец, Ігар Гермянчук і аўтар кнігі “Спадар Свабода” Сяргей Астраўцоў разам вучыліся на факультэце журналістыкі БДУ. Апошні (Астраўцоў) абараніў дыпломную працу пра “Свабоду” Вацлава Іваноўскага, пазней будзе працаваць рэгіянальным карэспандэнтам “Свабоды” Герменчука ў Гродне і ведае кухню газеты, перыпетыі, праз якія яна прайшла.

Чаму і як закрылі “Свабоду”, як яна стала выходзіць з іншай назвай, чаму і як сам рэдактар быў звольнены з фармулёўкай “за непрафесіяналізм”? Аб гэтым — у кнізе.

Пра аўтара: Сяргей Астраўцоў — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, піша апавяданні і аповесці, выдаў каля дзесяці кніг, прозу падпісвае псеўданімам Сяргей Астравец. Жыве ў Гродне. Кніга пра Ігара Герменчука — першы яго досвед у біяграфічным жанры. Раней ён надрукаваў кнігу эсэ, зацемак, мемуараў “Лісты да хома саветыкуса” (2003), якая была прысвечана памяці Ігара Герменчука.


Радыё Свабода