Стась Карпаў — пераможца Фэсту аднаго верша

17 лютага ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшоў Фінальны вечар Фэста аднаго верша, ужо адзінаццатага па ліку. Аўтарам было прапанавана напісаць верш на зімовую, калядную або навагоднюю тэматыку. Восемдзесят пяць чалавек з Беларусі і Ўкраіны даслалі свае работы, з іх пяцьдзясят патрапілі ў фінал.

Дзесяць сяброў журы выбралі па дзесяць найлепшых вершаў, не ведаючы пры тым імёнаў удзельнікаў. У склад журы сёлета ўвайшлі Вольга Базылёва, Адам Глобус, Вольга Гронская, Віктар Жыбуль, Сяргей Пукст, Людміла Рублеўская, Дзмітрый Строцаў, Сяргей Сыс, Андрэй Хадановіч, Віктар Шніп.

Георгій Барташ — арганізатар і вядоўца — адзначыў, што сябры журы былі надзіва салідарныя ў сваім выбары, але, тым не менш, ў кожнага знайшлося некалькі вершаў, якія выбралі толькі яны.

Свае вершы зачыталі Сяргей Ваганаў, Інэса Ганкіна, Валерыя Данілевіч, Дзяніс Кандрацьеў, Ігар Кулікоў, Ніна Лістота, Таня Скарынкіна, Таццяна Светашова ды іншыя.

Прызёрамі адзінаццатага Фэста сталі Дзіяна Ганчарык, Артур Камароўскі, Мікола Пракаповіч, Галіна Сіўчанка і Рыгор Фурсаў. Пераможца атрымаў прызы ад Адама Глобуса, Сяргея Пукста, Людмілы Рублеўскай, Андрэя Хадановіча і Віктара Шніпа. Ім стаў Стась Карпаў. У чытацкім галасаванні перамагла Ірына Ляшкевіч.


Антон Уласенка, тэкст і фота для lit-bel.org