Сустракаем восень з “Будзьма беларусамі!” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў

Праляцела хутка лета… І першы месяц восені мінуў ужо. Творцы, сябры грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” былі рады дарыць усім свае ўсмешкі і талент.

Так, 20 верасня ў Белаазёрску прайшла паэтычная сустрэча, якая была прысвечана 75-годдзю вядомай паэткі і перакладчыцы Ніны Мацяш. Свята сабрала вялікую колькасць сяброў і прыхільнікаў яе творчасці з усіх канцоў краіны. Сярод гасцей было шмат вядомых паэтаў, якія добра ведалі Ніну Язэпаўну, і іх з радасцю прыймалі ў школах Белаазерску. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Скарына запрасіла да сябе ў гімназію берасцейскіх паэтаў Міколу Пракаповіча, Валянціну Осіпаву, Міколу Аляхновіча, Раісу Баравікову, Зінаіду Дудзюк і мінскую паэтку Веру Буланда. Госці падзяліліся сваімі ўспамінамі, прачыталі ўласныя вершы. Валянціна Осіпава і Вера Буланда правялі інтэлектуальную віктарыну сярод вучняў.  Гімназісты з вялікай увагай слухалі паэтаў і засталіся задаволенымі паэтычнай імпрэзай, доўга не адпускалі гасцей з аўтограф-сэсіі. А найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі на памяць аб сустрэчы памятныя паштоўкі, сувеніры і часопісы “Дзеяслоў”. Бонусам юбілейнай праграмы сталі беларускія народныя песні, у выкананні фальклорнага гурта "Пескаўскія весялухі", якія так любіла Ніна Язэпаўна. 

А 23 верасня ў кавярні “Грай”, што знаходзіцца ў Верхнім горадзе Мінска, адбылася паэтычная імпрэза. Перад дашкольнікамі, школьнікамі і іх бацькамі выступіў бард, паэт, перакладчык, навуковец Серж Мінскевіч. Ён прэзентаваў прысутным адмысловы паэтычны праект – кнігу “Дарога бяжыць бясконца”. У ёй сабраныя польскія вершы для дзяцей, вядомыя амаль кожнаму польскаму школьніку, перакладзеныя на мовы народаў, якія мяжуюць з Польшчаю – у дадзеным выпадку – гаворка ішла пра томік з перакладамі на беларускую мову. Серж таксама чытаў свае беларускамоўныя ўзнаўленні твораў Юльяна Тувіма, Яна Брэхвы, Дануты Вавілаў, Яаны Кульмовай, Уладзіслава Бранеўскага, Ванды Хатомскай і інш. У вершах для дзяцей часта героямі выступаюць звяры – з гэтай нагоды была праведзена паэтычная віктарына з загадкамі-блытанкамі пра жывёл. Таксама гучалі бардаўскія песні. Напрыканцы імпрэзы госць падарыў прысутным паштоўкі з серыі “Не маўчы па-беларуску”. Усе былі задаволеныя і ўзрадаваныя незвычайным адпачынкам. 

26 верасня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі ў Баранавічах – у СШ №19 і ў бібліятэцы імя Валянціна Таўлая. Баранавіцкія старшакласнікі мелі магчымасць не толькі паслухаць вершы і песні, паўдзельнічаць у бліц-конкурсе на лепшае веданне айчыннай гісторыі, але і патанчыць кракавяк і лявоніху. Беларускія народныя танцы сталіся для іх сапраўдным, ніколі не бачаным дзівам – вучні здымалі сваіх больш спрытных равеснікаў на мабільныя, узрушана абмяркоўвалі відовішча. У бібліятэку паслухаць сталічных гасцей сабраліся настаўнікі і вучні з бліжэйшых школ, а таксама баранавіцкая інтэлігенцыя ды ўдзельнікі мясцовага літаб’яднання “Святліца”. Як зазначыла дырэктар бібліятэкі, Таццяна Аляксандраўна Рудкоўская, выступы гасцей нікога не пакінулі абыякавым. А на памяць пра сустрэчу ў бібліятэчнай фанатэцы застаўся ўнікальны аўдыёдыск “Галасы паэтаў” (60 унікальных запісаў аўтарскага чытання вершаў Я. Купалдам, Я. Коласам, У. Караткевічам, Л. Геніюш, М. Танкам, П. Панчанкам, Р. Барадуліным і інш). Найбольш актыўныя слухачы атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. 

“Адчуваю сябе часткай беларускай культуры…” – пад такім дэвізам прайшла    творчая сустрэча 27 верасня ў дзіцячай бібліятэцы імя Васіля Віткі для дзевяцікласнікаў адной са сталічных школ.

Ганаровым госцем стаў Васіль Дранько-Майсюк (творчы псеўданім Васіль ДЭ ЭМ), годны прадаўжальнік вядомага літаратурнага прозвішча, мастак, рэжысёр і пісьменнік. Ен ставіў спектаклі, выконваў ролі на сцэне, выкладаў акцёрскае майстэрства. Напісаў п'есу “Пясняр”, якая і сення з поспехам ставіцца на сцэне драматычнага тэатра імя. Спадар Васіль мала казаў пра свае заслугі, больш ён намагаўся разварушыць старшакласнікаў, прымусіць іх думаць на “мове свайго сэрца”. Госць распавёў пра тое, якія моманты падштурхнулі яго самога заняцца вывучэннем творчасці Я. Коласа, У. Караткевіча, Я. Маўра, І. Шамякіна і іншых мэтраў беларускай літаратуры. Перш за ўсё, гэта былі незвычайныя і інтрыгуючыя факты з біяграфій гэтых пісьменнікаў. Васіль прапанаваў школьнікам такую гульню: прыдумаць максімальную колькасць эпітэтаў да слова "настрой" (баявы, рамантычны, сумны, вясёлы, гуллівы і г. д.). У жывой форме правёўшы ўрок роднай мовы, аўтар задаваў чытачам пытанні, распавядаў пра сваю працу ў тэатры, паказаў невялікую сцэнку са свайго спектакля. Вучні выйшлі з аўдыторыі натхнённыя і акрыленыя. І хочацца верыць, што абуджанае творцай роднае слова ўжо не згасне ў юных сэрцах.


P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!