Сустракаемся з сябрамі!

Восень радавала нас цудоўнымі сонечнымі днямі. А грамадская культурніцкая кампаніія “Будзьма беларусамі!” і грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” радуюць сваіх сяброў новымі творчымі сустрэчамі.

Так, 16 кастрычніка ў Смалявіцкім раённым аддзеле адукацыі на настаўніцкім семінары, прысвечаным адораным і таленавітым дзецям, выступілі паэтэсы Людміла Паўлікава-Хейдарава і Валянціна Осіпава. Гэта была незвычайная сустрэча. Нашы творцы не толькі распавядалі пра сябе, свой творчы  і жыццёвы шлях і іх перапляценне. Але і рэфлексавалі: што дапамагло раскрыцца іх таленту, якія рэакцыі людзей, што навокал, натхнялі, рухалі напепрад, а якія – наадварот, заміналі, абражалі, прымушалі “складаць творчыя крылы”… У актыўным дыялогу з настаўнікамі спадарыні Валянціна і Людміла абмяркоўвалі стратэгіі паводзінаў настаўніка з адоранымі дзецьмі, вынаходзілі метады супрацы з імі. Выступоўцы адзначаюць, што “пры такой зацікаўленасці аўдыторыі дзве гадзіны праляцелі, што 20 хвілін. Прыемна было, што многія з настаўнікаў выказаліся пра высокі духоўны ўздым ад сустрэчы”.

Акрамя плённага дыялога Людміла і Валянціна разам з настаўнікамі паўдзельнічалі ў практыкуме доктара  педагагічных навук Надзеі Дзмітрыеўны Джыга, якая і запрасіла паэтэс да ўдзелу ў семінары. Практыка разняволення, адкрытасці, уважлівасці да таго, што адбываецца побач, да ўспрыняцця чалавека, разумення яго і раскрыцця яго лепшых рысаў –  гэта школа будучыні. Дзе веды – гэта радасць, а цікаўнасць і ўвага да выяваў і праяваў жыцця, да другога чалавека ёсць аснова педагагічнай дзейнасці.

Таксама 16 кастрычніка ў бібліятэцы № 1 г. Мінска адбылася сустрэча з музакам Ярашам Малішэўскім і пісьменніцай Аксанай Спрынчан. Творчая сям’я прэзентавала свае кнігі для дарослых і дзяцей, у неардынарнай форме шмат распавяла пра беларускую культуру, літаратуру, гісторыю і музыку. Удзельнікі сустрэчы нечакана для сябе апынуліся ў чароўным свеце  беларускай літаратуры і сакральнай музыкі: з захапленнем слухалі вершы, былі ўражаныя і купалаўскай жалейкай, і саламяным пішчыкам, і лернікам, у якога пераўвасобіўся Яраш Малішэўскі. А тыя, хто не толькі слухаў, але і змог правільна адказаць на пытанні гасцей, атрымалі падарункі ад “Будзьма беларусамі!” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў”.

17 кастрычніка адбылася цудоўная сустрэча ў Мікашэвічах. Для мясцовай гімназіі гэта дата ‒ Дзень памяці Ўладзіслава Нядзедскага, паэта, чыё імя з годнасцю носіць навучальная ўстанова. Па добрай традыцыі ў гэты дзень гімназія запрашае паўдзельнічаць у свяце беларускіх літаратараў. Сёлета гэта былі сябры “Саюза беларускіх пісьменнікаў”: Васіль Жуковіч, Алесь Камоцкі і Георгій Ліхтаровіч. Спачатку госці паасобку правялі сустрэчы з гімназістамі.

Васілю Жуковічу, як самаму старэйшаму з прысутных прадстаўнікоў цэха прыгожага пісьменства, дасталіся самыя малодшыя вучні. І не дзіўна, бо ў Васіля Аляксеевіча, творы якога можна знайсці і ў школьных падручніках, ёсць адмысловы талент пісаць для дзяцей. Пра гэта, падчас сустрэчы, пераканаўча сведчылі і ўважлівая цікавасць, і вясёлыя ўсмешкі маленькіх слухачоў.

Славуты бард Алесь Камоцкі сустракаўся са старэйшымі гімназістамі. Яго аўтарскія рамансы і песні, а таксама творы на вершы Рыгора Барадуліна не маглі не закрануць сэрцы юнакоў і дзяўчат. А дасціпная і жартаўлівая самаіронія, з якой Алесь звычайна размаўляе са слухачамі і адказвае на іх пытанні, стваралі ўтульную, хатнюю атмасферу.

Пяты клас дастаўся Георгію Ліхтаровічу. Памятаючы, што для дзяцей трэба пісаць, як для дарослых, толькі лепш, ён прачытаў некалькі сваіх чатырохрадкоўеў ‒ “ліхтарыкаў”. Гэта выклікала ў прысутных не толькі ўсмешкі, але і пытанні. Прыйшлося расказаць тое-сёе і пра “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, і пра свой шлях у літаратуру. Напрыканцы прагучала некалькі санетаў, дзе без пытанняў таксама не абышлося. Самыя актыўныя вучні атрымалі, у якасці ўзнагароды, падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Госця прыемна здзівіла чарга жадаючых атрымаць аўтограф…

Пасля ў актавай зале гімназіі адбылася вечарына, прысвечаная памяці Ўладзіслава Нядзедскага. Гімназісты чыталі яго вершы, спявалі песні. Прысутнічалі каля сотні старшакласнікаў і большасць выкладчыкаў. Па даўняй завядзёнцы ў гэты дзень дыпломамі і граматамі адзначаліся лепшыя навучэнцы. На гэты раз яны атрымалі свае ўнагароды з рук сталічных гасцей.

Васіль Жуковіч, які асабіста ведаў Уладзіслава Нядзведскага, падзяліўся з прысутнымі ўспамінамі і прачытаў некалькі сваіх вершаў…

Алесь Камоцкі паспрабаваў пасля выканання адной песні сысці са сцэны, але грамада бурнымі воплескамі не адпусціла барда…

Некалькі сваіх радкоў пра ролю і лёс паэтаў прачытаў Георгій Ліхтаровіч…

19 кастрычніка ў мінскай дзіцячай бібліятэкі № 1 адбылася сустрэча школьнікаў малодшых класаў з пісьменнікам, паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і бардам Сержам Мінскевічам. Разам з госцем хлопцы і дзяўчаты выправіліся ў вясёлае падарожжа па сусветным акіяне. Яны сустрэлі розных марскіх жывёл, пра якія апавядалася ў вершах і песнях выступоўца. Таксама юныя “турысты” адказвалі па-беларуску на пытанні пра марскую фаўну нашай планеты. У аўдыторыі была шумная, але вясёлая атмасфера. Напрыканцы выступоўца ўжо ў сваю чаргу шчыра адказаў на шматлікі пытанні: калі вы напісалі першую кнігу? дзе вы жывяце? ці вы жанаты? ці вы багаты? цяжка пісаць кнігі, песні, вершы? На памяць пра сустрэчу Серж уручыў вучням беларускамоўныя паштоўкі.

          

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!