6 сустрэч ад «Будзьма беларусамі!»

24 красавіка ў канцэртнай залі сталічнай СШ № 37 з эстэтычным ухілам прайшла літаратурна-музычная сустрэча з гуртом “Балцкі Субстрат”. Музыкі прадставілі адмыслова складзеную з кампазіцый паводле беларускіх народных песень і тэкстаў беларускіх паэтаў праграму. Акрамя актыўнага слухання школьнікі змаглі паўдзельнічаць у музычна-гістарычнай віктарыне на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Напрыканцы ўсе ахвотныя змаглі асабіста пазнаёміцца з музычнымі інструментамі, якія гучалі цягам сустрэчы.

25 красавіка ў рамках курса “Мова нанова” у Берасці адбылася прэзентацыя кнігі “Самурай” Алеся Кіркевіча і дыскусія на тэму “журналістыка і літаратура” (лакацыя – Краязнаўчы музей, вул. К. Маркса, 60). Паколькі аўтарам кнігі з’яўляецца журналіст, прэзентацыя апынулася дарэчнай у кантэксце тэмы занятку. Паразмаўлялі з берасцейцамі, навошта патрэбная беларускамоўная журналістыка, у чым “кейсы” і асаблівасці, калі журналіст, а не пісьменнік, стварае літаратуру, ці важна апісваць ды рэфлексаваць у літаратуры сучаснасць ды інш. Напрыканцы сустрэчы выдавецтва “Кнігазбор” прэзентавала свае выданні. Цёплая сяброўская атмасфера панавала гэтым разам на занятках “Мовы нанова” – абаяльны малады журналіст-пісьменнік поўнасцю захапіў увагу наведнікаў курсаў.

Наступным днём у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы ў межах праекта “Давай пагаворым” выступіла пісьменніца Людміла Рублеўская. Спадарыня Людміла пазнаёміла дзевяцікласнікаў з цікавым светам беларускай гісторыка-прыгодніцкай літаратуры, распавяла пра свае захапленні і тое, што натхняе пісаць. Больш падрабязна пра сустрэчу можна пачытаць тут

Гэтым жа днём у гарадской бібліятэцы імя У. Корбана г. Оршы выступаў Уладзімір Арлоў. Аўдыторыя цёпла прымала знакамітага пісьменніка. Тут спадар Уладзімір прэзентаваў свае кнігі “Айчына”, і “Танцы над горадам”.

27 красавіка пісьменнік завітаў у Віцебскі паб “Торвальд” з прэзентацыяй “Айчыны”, “Танцаў над горадам” і “Пяцікніжжа”. Падчас сустрэчы спадар Уладзімір абвясціў конкурс на самае арыгінальнае пытанне – было абрана 5 пераможцаў, якія атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

У суботу напярэдадні “вялікіх” выходных адбылася яшчэ адна цудоўная сустрэча – паэт Віктар Сямашка і музыкі з Мінску выступілі ў Мазыры. Выступ адбыўся ў культурнай прасторы “Даліна Анёлаў” пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Канцэрт рыхтаваўся цягам ажно двух гадоў. Па словах мазырскіх арганізатараў “Даліна Анёлаў” збірае рамантыкаў, якія “гатовыя рваць свой мозг дзеля ідэі і мастацтва”. І гэты канцэрт стаўся адпраўным пунктам для цэлага шэрагу падобных выступаў. Гасцей суботняй вечарыны чакала мэладэкламацыя вершаў ад паэта Віктара Сямашкі, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Глыбокі сімвалізм паэтычных радкоў падтрымалі музычнай імправізацыяй Уладзь Лянкевіч (бас), Дзяніс Кудраўцаў (гітара), Яўген Булдык (бубнач) і Максім Іўкін (клявішы).

Па водгуках слухачоў, у музыкаў атрымалася стварыць незвычайную, “касмічную” атмасферу, у якой прысутныя з лёгкасцю адказалі на пытанні віктарыны, датычнай гісторыі і культуры Мазыра, на прызы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!