Сустрэчы, якія натхняюць

Мінулы тыдзень таксама не абышоўся без цудоўных сустрэч, арганізаваных кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і грамадскім аб’яднаннем “Саюз беларускіх пісьменікаў”.

У панядзелак 7 траўня распачаў школьны тыдзень гісторыі казачнік, драматург, літаратурны рэдактар часопіса “Вясёлка”  Васіль Дранько-Майсюк. У сярэдняй школе № 54 г. Мінска першы ўрок быў незвычайным: спадар Васіль разам з прадстаўніком кампаніі “Будзьма беларусамі!” праводзілі гістарычную віктарыну, інтэрактыўную літаратурную гульню, правяралі школьнікаў на ўменне кантраляваць і выказваць свае эмоцыі і шмат іншага. За правільныя адказы ў віктарыне дзеці атрымалі падарункі і, галоўнае – веды па гістарычных і культурных артэфактах роднага краю. Па выніках літаратурнай гульні вучні склалі цудоўнае апавяданне пра Янку Купалу, чароўную папараць-кветку і выкананне жаданняў. Спадар Васіль абяцаў надрукаваць яго ў “Вясёлцы”. Напрыканцы сустрэчы адбылася спантанная аўтограф-сесія з Васілём. ВІДЭА

Наступным днём спадар Васіль Дранько-Майсюк па просьбе супрацоўнікаў бібліятэкі завітаў у дзіцячую “маленькую вялікую” бібліятэку № 17. Там на творчую сустрэчу чакалі вучні 111-ай сярэдняй школы г. Мінска. Дзеці разам з настаўніцай і бібліятэкарамі апынуліся ў чароўнай краіне творчасці Янкі Маўра. Пад тонкім кіраўніцтвам спадара Васіля вучні ўзгадалі ўсё, што ведалі пра знакамітага пісьменніка, а па ходзе гэтых узгадак абагаціліся новымі ведамі. Затым дзеці называлі любімыя творы Янкі Маўра, а незвычайны госць тут жа ўплятаў іх сюжэты ў інтэрактыўныя гульні. Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі сталі стваральнікамі новай рэальнасці… Падрабязней можна пачытаць тут. ВІДЭА  

10 траўня ў Вялікай харальнай сінагозе г. Гродна ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” адбыўся дабрачынны канцэрт вядомага выканаўцы Алеся Камоцкага. Некалькі дзясяткаў прысутных з задавальненнем слухалі песні спадара Алеся, адказвалі на гістарычна-літаратурныя пытанні (за што атрымлівалі падарункі), задавалі свае. Атмасфера гэтым вечарам у сінагозе панавала цёплая і прыўзнёслая.

Таксама ў гэты ж дзень вучні Дварышчанскай сярэдняй школы прымалі актыўны ўдзел у шоу Беларушчыны. Вядучы знакамітага шоў Кірыл Шык завітаў нарэшце і сюды. Цікавыя пытанні, нечаканыя адказы, прыемныя падарункі, цёплыя ўсмешкі і жаданне ведаць больш пра родную гісторыю і культуру – такім быў вынік гэтай сустрэчы.

Пятніца, 11 траўня, была насычана творчымі сустрэчамі: на курсах “Мова Нанова” у г. Бабруйску выступаў вядомы паэт Віталь Рыжкоў, у Мінскую бібліятэку № 16 завітаў актор, драматург Васіль Дранько-Майсюк, а ў дом культуры вёскі Новіны Бярэзінскага раёна прыехалі бард Андрэй Мельнікаў і рыцары-рэканструктары Юрый Усціновіч і Андрэй Дундукоў.

Наведвальнікі 16-й бібліятэкі з вялікім задавальненнем пад кіраўніцтвам спадара Васіля знаёміліся з творчым і жыццёвым шляхам караля беларускай дзіцячай літаратуры – Янкі Маўра. Разам высвятлялі: чаму творы  Маўра былі (ды застаюцца па сённяшні дзень) такімі папулярнымі, чаму імі захапляюцца, у чым іх сакрэт. Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі самі паспрабавалі сябе ў ролі пісьменнікаў – разам стваралі фантастычнае апавяданне пра самога Янку Маўра. І, канешне ж, гульні, акторскае майстэрства, пытанні і нечаканыя адказы, шчырыя ўсмешкі і абуджэнне цікавасці да роднае мовы і літаратуры.

А жыхары Новінаў адарваліся ад сваіх спраў, каб прыйсці на творчую сустрэчу з сябрамі культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” – спадаром Андрэем Мельнікавым і сапраўднымі шляхцюкамі Андрэем Дундуковым і Юрыем Усціновічам. Імпрэза арганічна спалучыла ў сабе музычна-літаратурны і гістарычны элементы. Патрыятычныя песні спадара Андрэя дапаўняліся расповедам пра зброю і даспех нашых продкаў, з дапамогай якіх мужныя ваяры не раз адстойвалі свабоду роднай старонкі. А рамантыка вобраза слаўнага рыцара падтрымлівалася лірычнымі творамі вядомага барда. Усё гэта перамяжалася пытаннямі па гісторыі і культуры Беларусі. Выступоўцы былі прыемна здзіўлены дазнанасцю гледачоў у літаратурнай спадчыне – і дзеці, і дарослыя з лёгкасцю назвалі шмат беларускіх пісьменнікаў.

Пад канец імпрэзы спадары Юрый і Андрэй паказалі, што маюць не толькі тэарэтычныя веды пра ўзбраенне нашых продкаў, але могуць і на практыцы паказаць, як ім карыстацца. Завяршылася сустрэча фотасессіяй, прымеркай даспеху і нават спробамі фаланкіравання пад кіраўніцтвам дасведчаных рэканструктараў. ВІДЭА                   

Паэтычная сустрэча са спадаром Віталём праходзіла падчас бабруйскіх курсаў "Мова Нанова", дзе слухачы курсаў пазнаёміліся не толькі з паэтычнай творчасцю Віталя, але і з яго прозай. Пасля амаль гадзіннага чытання твораў, госць курсаў адказаў на шматлікія пытанні, павіншаваў усіх са стагоддзем БНР, а таксама агучыў ідэю літаратурных майстар-класаў у Бабруйску, нагадаўшы пра слоган "Разам да справы!"