Новыя сустрэчы з “Будзьма беларусамі!” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў

Прыгажуня-восень пануе на нашай зямлі. Яна прыносіць не толькі багаты ўраджай яблыкаў ды бульбы, але і новыя цудоўныя сустрэчы з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” ды грамадскім аб’яднаннем “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Так, 4 кастрычніка ў 2-х сталічных бібліятэках былі зладжаны творчыя сустрэчы. У бібліятэку імя Васіля Віткі  на сустрэчу з вучнямі СШ № 80 (9-10 класы) прыйшоў пісьменнік і даследчык літаратуры Васіль Дранько-Майсюк. Размаўлялі пра выдатных беларускіх творцаў, пра тое, як зрабіць так, каб нашу літаратуру ізноў пачалі б чытаць з такім жа запалам, як у 60-70-ыя чыталі творы Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна ці Васіля Быкава.  Змястоўнай і цікавай апынулася сустрэча: вучні прапаноўвалі свае варыянты пі-ара сучаснай літаратуры, а спадар Васіль прыадкрыў для школьнікаў чароўны і захапляльны свет беларускай літаратуры, сваім прыкладам паказаў, як цудоўна і цікава размаўляць па-беларуску.
 
А ў бібліятэку № 10 завітаў мастак і музыка, паэт і тэлевядучы Андрусь Такінданг. Для вучняў мінскай гімназіі № 22 гэта сустрэча стала сапраўдным сюрпрызам! Жывая размова з вядомым, але такім простым і блізкім чалавекам захапіла дзяцей поўнасцю. Прыемным жа сюрпрызам для самаго Андруся стала тое, што дзеці добра ведаюць яго песні – самыя ўлюбленыя падпявалі ўсім класам. Таксама дзеці дарылі госцю свае малюнкі і вершы на роднай мове. Сустрэча надоўга застанецца ў сэрцах маленькіх слухачоў і спадара Андрэя.
 
Яшчэ адной сустрэчай з пісьменнікам “Будзьма беларусамі!” і Саюз беларускіх пісьменнікаў парадавалі бібліятэку № 14. Сюды на сустрэчу з школьнікамі прыйшоў пісьменнік, журналіст Аляксей Шэін. Супрацоўнікі бібліятэкі так апісваюць гэтую імпрэзу:

“Наш госць (а сустрэчу мы арганізавалі ў рамках бібліятэчнага культурнага праекту “Беларусь маладая”), Аляксей Шэін, з першых хвілін авалодаў сімпатыяй падлеткавай аўдыторыі. Ён аказаўся надзіва лёгкім, прыемным суразмоўцам: вёў нязмушаны і просты дыялог з дзецьмі, задаваў ім цікавыя пытанні, за правільныя адказы ўручаў прызы-падарункі ад “Будзьмы” і СБП.
  
Дзеці пабачылі пазнавальную прэзентацыю пра фэнтазі, пачулі расповед пра тых легендарных асоб, што стаялі ля вытокаў гэтага жанру. І, сапраўды, мы ўсе нібыта павандравалі па старонках кніг знакамітых К.С. Льюіса, Дж. Р.Р. Толкіна, Яна Баршчэўскага, А.С. Пушкіна, М.В. Гогаля, Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Караткевіча і іншых.
Асабліва ўразілі дзяцей трэйлеры да галівудскіх фэнтэзі і фантастычных фільмаў, агучаныя па-беларуску”.


P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!