Святлана Алексіевіч абраная віцэ-прэзідэнткай PEN International

На кангрэсе Міжнароднага ПЭНу ў Маніле Святлана Алексіевіч абраная віцэ-прэзідэнткай гэтай арганізацыі, паведаміла старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай, якая бярэ ўдзел у кангрэсе.

Апрача Сьвятланы Алексіевіч віцэ-прэзыдэнтамі былі абраныя таксама Архан Памук (Турэччына), Элена Панятоўска (Мэксыка), Люіса Валенсуэла (Аргентына), Францыска Сіаніль (Філіпіны).

Кандыдатуру Сьвятланы Алексіевіч прадстаўляла прэзыдэнтка Нямецкага ПЭНу Рэгула Вэнске, расказала Свабодзе Нядбай. Некалькі разоў з трыбуны Кангрэсу гучалі словы «Беларусь» і «беларуская пісьменьніца», хаця і з пазначэньнем, што піша на расейскай.

«Па-нашаму віцэ-прэзыдэнты — гэта інстытут ганаровых старшыняў, — расказала Нядбай Свабодзе. — Але ў нас ганаровым старшынём можна стаць толькі прайшоўшы прыступку старшыні, а ў Міжнародным ПЭНе „ганаровым“ можна стаць таксама і такім чынам — праз галасаваньне дэлегатаў Кангрэсу. Ганаровыя старшыні сваім аўтарытэтам умацоўваюць аўтарытэт арганізацыі і такім чынам таксама „прамаўляюць“, што падзяляюць каштоўнасьці і місію гэтых арганізацыяў — у дадзеным выпадку ПЭНу».

85-ы кангрэс Міжнароднага ПЭНу праходзіць у сталіцы Філіпінаў Маніле, на ім сабраліся больш за 200 чальцоў «Клюбу паэтаў, эсэістаў і раманістаў».

Сьвятлана Алексіевіч — сябра Беларускага ПЭНу ад 1989 году. У ліку ейных ўзнагародаў прэмія ад Швэдзкага ПЭНу — у 1996 годзе яе ўзнагародзілі «за адвагу і годнасьць у літаратуры». У 2015 годзе Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію «за шматгалосную творчасьць — помнік пакутам і адвазе ў наш час».


Радыё Свабода