Святлана Алексіевіч атрымала прэмію «Ганаровы грамадзянін Цэнтральнай Еўропы»

Нобелеўская ляўрэатка ў літаратуры 2015 году Сьвятлана Алексіевіч стала першай ляўрэаткай новай прэміі, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтар.

Узнагарода заснаваная сёлета Цэнтральнаэўрапейскім форумам (CEF) — міжнароднай арганізацыяй, якая існуе 10 гадоў. У кансультатыўную Раду ўваходзяць такія вядомыя інтэлектуалы, як Адам Міхнік (Польшча), Міклаш Харасьці (Вугоршчына), Славенка Дракуліч (Харватыя), іншыя эўрапейскія дзеячы культуры і палітыкі.

«Ваша прысутнасьць на цырымоніі — гонар для народу маёй краіны», — напісаў у запрашальным лісьце прэзыдэнт Славацкай Рэспублікі Андрэй Кіска. Ён пры гэтым адзначыў «надзвычайную важнасьць справы», якую робіць беларуская пісьменьніца.

Цырымонія ўручэньня прэміі, прымеркаваная да ўгодкаў падзеяў 1989 году ў Чэхаславаччыне, прайшла ў Браціславе на плошчы Славацкага нацыянальнага паўстаньня. Падчас цырымоніі быў зачытаны ўрывак з кнігі Сьвятланы Алексевіч «Час сэканд-хэнд» у славацкім перакладзе.


Радыё Свабода