Сяргей Календа і Міхал Бараноўскі: новыя выпускі праграмы "Кантэкст"!



Нягледзячы на перашкоды, робім сваю працу: ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" працягвае свой відэапраект — цыкл літаратурных гутарак "Кантэкст". У кожным "Кантэксце" вас чакаюць інтэрв'ю з вядомымі беларускімі літаратарамі, а таксама іх аўтарскія чытанні.

Рады прадставіць вам выпуск з выдаўцом, празаікам, дзіцячым пісьменнікам Сяргеем Календам. Вядоўцы "Кантэксту" Усевалад Сцебурака і Ціхан Чарнякевіч гутараць са спадаром Сяргеем пра асаблівасці літаратурнай біяграфіі, заснаванне і рэдагаванне часопісаў "Макулатура" і "Мінкульт", пра сучасны літаратурны свет і якім чынам у ім можна заявіць пра сябе.

Сяргей Календа нарадзіўся 15 сакавіка 1985 года ў Капылі. Скончыў БДУ (факультэт міжнародных адносінаў; спецыяльнасць “культуролаг-гебраіст”), вывучаў філасофію і літаратуру ў Беларускім Калегіуме. Стыліст міжнароднага класу. Аўтар кніг “Помнік атручаным людзям”, “Казкі. Гісторыі (не) пра нас”, “Іржавы пакой зь белымі шпалерамі”, “Трохлітровая проза”, “Кантынэнтальны сьняданак”, "Балтыйскія шкарпэткі і інш.




У новым выпуску "Кантэксту" вядоўцы Анатоль Івашчанка і Усевалад Сцебурака гутараць з паэтам, музыкам, кіраўніком філіялу "Літаратурны музей Максіма Багдановіча" Міхалам Бараноўскім.

Міхал Бараноўскі нарадзіўся 1 снежня 1984 года. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Служыў у войску. Стварыў гурт “Нельга забыць”, з якім у 2012 годзе атрымаў Гран пры фестывалю “Бардаўская восень”. Галоўны ініцыятар і каардынатар суполкі “Вежа міру”, якая перыядычна ладзіць розныя культурніцкія імпрэзы. Зараз працуе загадычыкам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Лаўрэат прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча.


Будзьце ў "Кантэксце" і не забывайце падпісвацца на наш канал y Youtube!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"