Сяргею Астраўцу — 60!

Сёння святкуе дзень нараджэння вядомы беларускі празаік і эсэіст Сяргей Астравец. Шчыра віншуем!

Сяргей Аляксандравіч Астравец (сапр. Астраўцоў) нарадзіўся 11.04.1959 у Мінску. Празаік, эсэіст, блогер. З 1984 года жыве ў Гродне, куды прыехаў пасля заканчэння факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.  

Школьныя гады правёў у прыгарадах Берліна, у ГДР, затым — у Літве. Жаданне пісаць з’явілася рана: убачаны зблізку выступ на Прагу савецкай вайсковай калоны ў жніўні 1968 года стаў пазней падставай для апавядання “Мытыя яблыкі”. Яно было апублікавана напярэдадні распаду СССР у адноўленай у 1991 годзе Сяргеем Дубаўцом першай беларускай газеце “Наша Ніва”. Два іншыя “нямецкія апавяданні” надрукавалі газета “ЛіМ” і часопіс “Бярозка”. У 2003 годзе пісьменнік, вярнуўшыся да падзеяў 1968-га, напісаў “Чэшскае піва. Запіскі капітана Кавалёва” (публікацыя ў часопісе “Дзеяслоў” у 2009 г.).

Літоўскі горад Шаўляй меў братэрскія сувязі з Гродна, а школа, дзе вучыўся будучы пісьменнік, — з адной з гродзенскіх. У Шаўляі існаваў помнік паўстанцам 1863 года, якімі ён тады ўпершыню зацікавіўся. Пасля заканчэння дзесяцігодкі — вяртанне ў Беларусь, служба ў Савецкай Арміі, універсітэт. 

Пастаянна працуе журналістам, у 1992-1993 гадах рэдагаваў газету “Пагоня”, затым быў рэгіянальным карэспандэнтам газет “Свабода”, “Навіны”, “Наша Свабода”. Адно з першых апавяданняў, “Нямко”, выйшла ў зборніку таварыства “Тутэйшыя”, у якім удзельнічаў. З 1993 года супрацоўнічае з Радыё Свабода. 

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюза беларускіх пісьменнікаў (1998), Беларускага ПЭН-цэнтра (1999).

Аўтар кніг “Янычары”, “Цэнзарскія нажніцы”, “Лісты да хома саветыкуса”, “Кактэйль Молатава. 19 апавяданняў”, “Каты Ёзафа Ратцынгера”, "Саргасава мора".

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць спадара Сяргея з днём нараджэння, зычаць бадзёрага настрою, моцнага здароўя, натхнення на новыя творы!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"