Сяргею Законнікаву — 75!

Сёння святкуе дзень нараджэння вядомы беларускі паэт і грамадскі дзеяч Сяргей Іванавіч Законнікаў. Віншуем!

Сяргей Законнікаў нарадзіўся 16 верасня 1946 г. у вёсцы Слабада Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1969). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Клетнаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна (1969-1970). Пасля - літсупрацоўнік ушацкай раённай газеты «Патрыёт» (1970-1971), сакратар Ушацкага райкома камсамола (1972-1975). З сакавіка 1975 г. - карэспандэнт, загадчык аддзела газеты «Чырвоная змена», з кастрычніка 1975 г. - карэспандэнт газеты «Звязда». З 1978 г. інструктар, з 1979 г. загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ, з 1986 г. - галоўны рэдактар часопіса «Полымя». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём. Сябра Саюза пісьменнікаў з 1977 г. Працуе аглядальнікам газеты "Свабодныя навіны".

Першы верш апублікаваў у 1963 г. (газета «Віцебскі рабочы»). У 1970 г. у калектыўным зборніку «Рунь» надрукавана падборка вершаў. Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы расейскіх, украінскіх, грузінскіх і летувіскіх паэтаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя. А.Куляшова (1982) за кнігу вершаў «Пакуль жыве мая бяроза».

Аўтар кніг «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць» (1987), «Вечная далеч» (1987) і інш.


Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Сяргея Іванавіча Законнікава з юбілеем, зычаць бадзёрасці духу, моцнага здароўя, натхнення на творчасць!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"