Вялікі юбілей

Міхась Мікалаевіч Клімковіч

Нарадзіўся Міхась Мікалаевіч Клімковіч, беларускі паэт, драматург, празаік, крытык, аўтар тэксту гімна БССР «Мы, беларусы» у вёсцы Сялітранка Барысаўскага павету ў сялянскай сям'і. Адвучыўся ў Барысаўскім вышэйшым чатырохкласным вучылішчы. Працаваў настаўнікам у Барысаўскім павеце. У 1932–1934 гг. –старшыня аргкамітэта, а ў 1934–1939 – першы старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

30-я гады выдаліся складанымі для Міхася Клімковіча, была нават спроба самазабойства. Вось што ўзгадвала яго дачка Мая Міхайлаўна Клімковіч«У 1937 годзе, калі быў старшынём Саюза пісьменнікаў БССР, ён хацеў скончыць з сабою. Перарэзаў сабе горла брытвенным нажом.Таму што баяўся і быў упэўнены, што не сёння-заўтра і па яго прыйдуць. І спроба самагубства, калі дарэчы так сказаць, дапамагла бацьку. Ён перавёўся на іншую службу, менш тытульную, але таксама літаратурную – у бібліятэку. Гэта па тых часах было кшталту высылкі. Пачыналіся масавыя рэпрэсіі, і для ўсеагульнага застрашвання такую ​​стратэгічную постаць як лідар літаратараў маглі папросту абвінаваціць у чым заўгодна. Бацька баяўся за нас, дачок, і маму».

Тым не менш, у Міхася Клімковіча атрымалася перажыць страшныя часы: у 1943–1947 гг. ён быў галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве, потым у Мінску, а з 1947 па 1954 гады працаваў літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР.

Менавіта Міхась Клімковіч разам з Нестарам Сакалоўскім зʼяўляецца аўтарам гімну БССР «Мы, беларусы». Гімн быў напісаны ў 1944 годзе, але зацвердзілі яго толькі праз дзесяць гадоў, акурат у дзень смерці паэта.

Памёр Міхась Клімковіч 5 лістапада 1954 года, пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

На галоўнай старонцы выкарыстаны здымак з архіва Максіма Клімковіча: Міхась Клімковіч (Мінск, канец 40-х гадоў).


Саюз беларускіх пісьменнікаў