Тамара Аўсяннікава: «Завітаюць вершы – шлю падзяку небу»


З літаратуразнаўчымі нарысамі, вершамі, апавяданнямі Тамары Аўсяннікавай знаёмыя не толькі чытачы Магілёўшчыны, дзе яна жыве цяпер. Нарадзілася на Гомельшчыне, скончыла філфак БДУ, працавала настаўніцай, бібліятэкаркай, інжынерам, метадыстам, загадчыкам крамы. Атрымала другую вышэйшую адукацыю эканаміста.

Сённяшняя гутарка з ёю – асобай, чулай да хараства роднага слова і чалавечай душы.

 

– Спадарыня Тамара, азіраючыся назад, што найбольш цешыць?

– Цешыць тое, што моладзь мае больш магчымасцяў, чым было ў майго пакалення. Цяпер межы адкрыты, ёсць высокатэхнічныя сродкі для самаадукацыі і самаўдасканалення. Цешыць, што я яшчэ запатрабаваная, працую, магу падзяліцца сваім досведам з моладдзю, поруч з якой не адчуваю свайго ўзросту.

– А што засмучае?

– А засмучае тое, што час надта імклівы, не толькі ў нас, на ўсёй планеце, і за гэтай імклівасцю мы не заўсёды заўважаем асобнага чалавека, кожны заняты сабою. Засмучае, што мы страчваем сваю нацыянальную адметнасць. Максім Багдановіч у лісце да простых людзей «Хто мы такія?» ставіў пытанне аб ідэнтыфікацыі беларуса. Мінула стагоддзе, а пытанне актуальнае… Дабрыні і павагі стала менш, дрэнных звычак больш.

– Радзіма для вас – гэта ўся Беларусь ці хутчэй Лоеўшчына?

– Радзіма – гэта ўся Беларусь. У вёсцы Сяўкі, што на Лоеўшчыне, я пражыла 17 гадоў. Потым быў Мінск, Мёршчына, Магілёў. Я не прымаю выразу «малая радзіма». Родны дом, мясціны, дзе нарадзіўся, дзе прайшло дзяцінства, назаўсёды ў сэрцы і памяці, гэта так. Але я не дзялю Радзіму на малую і вялікую, як нельга падзяліць на часткі «любоў». Ты альбо любіш, альбо не.

– Якія творы і якіх аўтараў вам хочацца чытаць і перачытваць?

– Я перачытваю добрую паэзію, якая дорыць слёзы радасці. Аўтараў не называю – іх многа. Летам звярнулася да паэзіі Уладзіміра Караткевіча і да яго празаічных твораў: «Ладдзя роспачы», «Старая легенда». А яшчэ так многа непрачытанага!

Маімі настольнымі кнігамі з’яўляюцца слоўнікі, кнігі па вершаскладанні і літаратуразнаўстве, Біблія, паэзія – беларуская, руская, англійская, японская, кітайская…

– Вы пачалі пісаць ужо ў сталыя гады. Хто альбо што падштурхнула да гэтага?

– Кожны прыходзіць да творчасці ў свой час. Схільнасць была. Любоў да паэзіі перадалася ад мамы, якая многа ведала на памяць вершаў, многа чытала. Яна не завучвала са мной вершы, не вучыла мяне любіць паэзію. Звычайна вечарамі, за кудзеляю ці за іншаю манатоннаю працаю, у святочныя дні, чытала вершы. Хутчэй для сябе – такая ў яе была патрэба. А я слухала. Мне і сёння многія вершы гучаць голасам мамы. Адпаведны ўплыў зрабілі ўмовы, у якіх выхоўваюцца вясковыя дзеці.

Мае набыткі невялікія. Найбольш важнае – гэта заняткі з моладдзю ў літаратурных клубах «Творчая гасцёўня» і «Святліца», а таксама чатырохтомнае выданне «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі», над якім мы працуем разам з кандыдатам філалагічных навук Святланай Калядка. Выйшлі ўжо тры тамы.

– Падчас працы над гэтым выданнем што было для вас самым цяжкім?

– Завочная праца з родзічамі, настаўнікамі, аднакласнікамі. Даводзілася па тэлефоне запісваць іх успаміны, потым апрацоўваць і зноў жа па телефоне узгадняць. З некаторымі блізкімі цяжка наладжваўся кантакт. Былі цяжкасці і ў зносінах з некаторымі пісьменнікамі, але гэты бок працы няхай застаецца са мною.

– Як настаўніца маладых талентаў скажыце, ці адрозніваецца сучасная творчая моладзь ад сваіх папярэднікаў?

– Моладзь заўсёды моладзь. Адрозніваецца тым, што гістарычныя, эканамічныя і культурныя ўмовы розныя. Час і тэхнічны прагрэс накладвае адбітак. Яны больш прагматычныя. Але не ўсе. Творчы чалавек ва ўсе часы няўтульна сябе пачувае ў грамадстве і ва ўсе часы адзінокі. Мне ёсць чаму павучыцца і ў іх.

– У параўнанні з пачаткам пісьменніцкага шляху ці змяніліся вашы творчыя перавагі, праца над якімі формамі і жанрамі найбольш даспадобы цяпер?

– Я не аддаю перавагу нейкім жанрам. Раблю тое, што павінна рабіць. Трэба завяршыць пачатае выданне па творчасці Яўгеніі Янішчыц. Трапіла мне ў рукі анталогія беларускай паэзіі на рускай мове «Дыхание времени» ў перакладах Івана Бурсава – і не пакінула абыякавай: напісала артыкул. Запрасілі прыняць удзел у Куляшоўскіх чытаннях – з’явіўся яшчэ адзін артыкул. Завітаюць вершы – шлю падзяку небу. Не сакрэт, што паэзія патрабуе адпаведных абставін і настрою. Калі хутка бегчы, можаш не пачуць яе голасу. Я не той пісьменнік, які жыве толькі пісьменніцкаю працаю і лічыць патрэбным кожны дзень пісаць...

– Якія крыніцы жывяць ваша натхненне?

– Прырода, кнігі, людзі, падзеі. Пушкін некалі казаў, што натхненне – гэта ўменне настроіць сябе на працоўны лад.

– Што на вашу думку шкодзіць, а што ідзе на карысць пісьменніку-пачаткоўцу?

– Дрэннаму танцору і ногі перашкаджаюць. Калі сур’ёзна – тое, што на карысць, тое і перашкаджае. Адсутнасць тэарэтычных ведаў літаратуры пачаткоўцу шкодзіць, але і дапамагае, бо ён піша разняволена, не азіраючыся. Набыўшы адпаведныя веды, вопыт, ён страчвае юнацкія амбіцыі, рамантычны запал. Па вялікім рахунку таленавітаму чалавеку ўсё павінна ісці на карысць, асабліва няўдачы.

– Літаратура будучыні... Якой яна бачыцца вам?

– Што літаратура будзе, я ўпэўнена. А якой яна будзе – будучыня і пакажа.

–Найлепшы адпачынак – гэта…

– Калі ты сам-насам з прыродаю. І – каля мора.

– І на фотаздымках, і ў рэальным жыцці вы заўжды выглядаеце прывабна і шляхетна. Адкрыйце сакрэт вашай маладосці і прыгажосці, калі, вядома, гэта не таямніца?

– На такія кампліменты я звычайна адказваю: «Павінна ж і ў мяне быць штосьці добрае». З гадамі мы ўсё больш становімся падобнымі на сваіх бацькоў... (Задумалася). Сакрэта ніякага няма, проста калі выходзіш у людзі, трэба пераапрануцца, крышку прыўкрасіць сябе, але галоўнае – узяць з сабою добры настрой.




Гутарыла Таццяна Барысік