Токіа – Мінск: сустрэча праз 30 гадоў

Імпрэза, арганізаваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў, меркавалася як творчы вечар, але фармат міжволі перайшоў у сяброўскую сустрэчу. Што не дзіўна: апошні раз Вечаслаў Казакевіч быў у Мінску трыццаць гадоў таму. У родных Бялычнічах – шэсць гадоў таму.

Цяпер паэт жыве ў Японіі. Напачатку імпрэзы ён пазнаёміўся з залай: распавёў, як марыў пакінуць сумнае, як тады бачылася, мястэчка; як звальняўся з войска, атрымаўшы магчымасць аддаць увесь свой час літаратуры; як прыходзіў першы поспех, як яны разам з жонкай вандравалі, пакуль не апынуліся ў Японіі, дзе Вечаслаў доўгі час быў прафесарам у інстытуце Осака, затым – Таяма.

kazak2.jpg

У традыцыйных паэтычных чытаннях мусілі ўзяць удзел Дзмітры Строцаў і Уладзімір Сцяпан, але яны засталіся гледачамі: ініцыятыву перахапілі землякі паэта. Без перабольшання можна сказаць, што яны склалі цэлую дэлегацыю са сваёй дыпмісіяй – перадаць шматлікія прывітанні Вечаславу і даведацца ўсё пра ягонае жыццё. І пра дзівосную Японію.

І ўсё ж для творчасці час знайшоўся. Беларускаму чытачу прэзентавалі кнігі Вечаслава Казакевіча “Лунат”, “Паляванне на хрушчоў”, “Па мяне прыйдзе аднарог”. Бард Юры Несцярэнка (таксама бялынічанін) праспяваў песні на вершы Казакевіча ў перакладзе на беларускую мову. А Леанід Галубовіч трапна зазначыў: як бы ні праглася паэту экзотыкі і падарожжаў, у кожным ягоным радку нязменна бачна адно – Бялынічы.

Наста Грышчук, тэкст і фота для lit-bel.org