30-томны збор твораў Стругацкіх рыхтуецца да друку

Самае вялікае і падрабязнае выданне твораў братоў Стругацкіх, класікаў сацыяльнай фантастыкі і найбуйнейшых фігураў рускай літаратуры дваццатага стагоддзя, рыхтуецца да публікацыі групай даследчыкаў творчасці Стругацкіх “Людены”, паведаміў каардынатар гэтай групы Уладзімір Барысаў.

Ён расказаў, што сёння групе даступны практычна ўвесь архіў пісьменнікаў, як Аркадзя, так і Барыса, цяпер ён аблічбаваны, адсканаваны, і беражліва захоўваецца; менавіта па ім рыхтуецца 30-томны збор твораў, уключаючы перапіску і публіцыстычныя матэрыялы. У гэтым выданні плануецца выпусціць варыянты неапублікаваных тэкстаў, а таксама тэкстаў, якія публікаваліся ў істотна змененым выглядзе. Таксама туды ўвойдуць кнігі братоў, напісаныя не ў суаўтарстве, пад псеўданімамі С. Вітыцкі і С. Яраслаўцаў. 

Складальнікі плануюць надаць значную ўвагу перапісцы — не толькі паміж аўтарамі, але і лістам да іншых пісьменнікаў, да выдаўцоў і перакладчыкаў. Таксама ў зборніку плануецца выдаць амаль усю публіцыстыку Стругацкіх, якая выходзіла на рускай мове. “Гэта будзе збор твораў, набліжаны да поўнага”, — кажа Уладзімір Барысаў. Цяпер, паводле яго словаў, у рабоце знаходзяцца тамы з сёмага па дзявяты. Абмяркоўваецца пытанне, хто стане выдаўцом шматтомніка. 

Асноўную працу па складанні вядуць галоўны каардынатар групы “Людены” Юрый Флайшман (ён працуе з архівамі АНС) і сябры групы Святлана Бандарэнка і Віктар Курыльскі (на іх плечы легла рэдактарская і тэксталагічная апрацоўка). 

Раней зборы твораў Стругацкіх выдаваліся менш поўнымі варыянтамі. 14 тамоў выйшла ў выдавецтве “Тэкст” у 1991—1994 гадах, выдавецтва “Эксмо” выпусціла дзесяцітомнік у 2007—2008 гадах, кніжная серыя “Сусветы братоў Стругацкіх” выходзіла з 1996 году спачатку ў фірмах Terra Fantastica і АСТ, затым перайшла да ўкраінскага выдавецтва “Сталкер”. Гэта быў праект “Невядомыя Стругацкія”, і на верасень 2009 году ў гэтай серыі было выдадзена 28 кніг.

ПрайдзіСвет