1 траўня Алегу Лойку было б 85

Алег Лойка з бацькам

Апошнія гады жыцця ён правёў у родным Слоніме. Гэты горад ён называў сваім першым святлом, прасторам і любоўю. Ён так і пісаў: “Ды я не ведаю. Рос я ў горадзе ці ў вёсцы, бо з кожнай вуліцы і вулічкі гэтага лёгшага абапал Шчары гарадка відаць на ўзгоркавым небасхіле сінія лясы, відаць разлогія палі: вясною — у руні, летам — у спелых нівах, восенню — у срабрыстым павуцінні…”.

Алег Лойка з сябрамі літаб’яднання Узлёт БДУ, 1982 г.

Алег Лойка любіў Слонім, любіў людзей, якія жывуць і жылі ў ім, ці, як ён называў у “гэтай Шчаравай даліне”. Ён заўсёды ўсёй душой быў з родным горадам. Любы Слонім — ён шчыра насіў у сэрцы. А Першатравень у Слоніме для Алега Антонавіча быў найвялікшым днём, які збіраў усіх яго сяброў і сваякоў за адным сталом. Збіраў у бацькоўскай хаце на Зялёнай вуліцы, ці ў цешчынай хаце на Віленскай вуліцы.

Анатоль Кулагін, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка ў Слоніме, 1980-я гады

Пасля Мінска ён вярнуўся ў Слонім назаўсёды. Жыў у цешчынай хаце, спачатку з жонкай Ліліяй, а потым, калі яе не стала, жыў адзін:

“Мілая!.. Мілая!..”

— Дык як я тое скажу

Па-над тваёй магілаю,

Поруч якой не ляжу…

Але што я распавядаю пра сумнае, я ж пачаў пра Першатравень Алега Лойкі. Дык вось, у апошнія гады жыцця знакамітага слонімца, і мне некалькі разоў прыйшлося з ім разам сустракаць Першатравень — гэта значыць святкаваць дзень яго нараджэння. Сябра Алега Антонавіч — энцыклапедыст і літаратуразнавец з вёскі Вялікая Кракотка Янка Саламевіч таксама часта бываў у яго слонімскай хаце. А на дзень нараджэння свайго сябра спадар Янка спяваў народныя песні. А яму дапамагаў Алег Антонавіч. Як яны разам землякі-слонімцы спявалі народныя песні!.. О, гэта трэба было бачыць і пачуць! А колькі яны іх ведалі — дзесяткі, сотні… А ці мы сёння зможам за сталом праспяваць хоць адну беларускую народную песню?.. А?.. Праспяваць ад пачатку да канца… А яны спявалі бясконца — адна за адной, якія толькі прыходзілі на памяць. Я і сёння іх бачу разам, чую іх, слухаю іх, яны — перада мной, як жывыя, мае славутыя землякі…

На вялікі жаль, сёлетні Першатравень у Слоніме ўжо быў восьмым па ліку без Алега Антонавіча. Ён, бяспрэчна, — асоба вялікая не толькі ў маштабах Беларусі, але і Еўропы. Такімі людзьмі мы павінны ганарыцца, а таксама і ўслаўляць гэтае імя заўсёды. Але ў нас сёння такіх людзей не ўшаноўваюць, не згадваюць, не цэніць ні пры жыцці, ні нават пасля смерці. А чаму б не адкрыць у Слоніме ў яго гонар мемарыяльную шыльду на будынку ліцэя, дзе ён вучыўся, надаць яго імя гэтаму ліцэю. Устанавіць у Слоніме стыпендыю імя Алега Лойкі лепшым вучням школ горада і навучэнцам вучылішчаў. Стварыць у Слоніме беларускі культурны цэнтр імя Алега Лойкі, дзе наладжваліся б і праводзіліся б літаратурна-музычныя вечары і сустрэчы. Устанавіць помнік нашаму вялікаму земляку і г.д…

Прайшло восем Першатраўняў без Алега Лойкі і восем гадоў бяспамяцтва. Цяпер я разумею, чаму ён свае апошнія кнігі так і назваў: “Плач зямлі”, “Дрэва жыцця”, “Галгофа”, “Неўміручасць”, “Ушанаванне”. Алег Антонавіч быў не толькі таленавітым, але і мудрым, мужным чалавекам. Ён ўсё прадбачыў наперад, адчуваў час, і са шчырым спачуваннем хацеў нам дапамагчы:

Не дабягу, — дайду,

Не дайду, — дапаўзу

У кожную бяду,

У кожную слязу…


Сяргей Чыгрын. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім

Фота з архіва аўтара