Трэці пленэр Тацяны Сапач працягвае збор заявак
Дата публікацыі: 15.07.2019
4545

фота Сяргея Гапона
Адзіны ў свеце пленэр для беларускіх паэтаў у трэці раз зладзяць сябры паэткі Тацяны Сапач. Летнік пройдзе 21-25 жніўня на хутары Дубок у хатцы паэткі. Да ўдзелу запрашаюць маладых паэтаў, прагных спазнаваць і развівацца. Строгіх узроставых абмежаванняў няма.
Цягам пленэру паэты змогуць паглядзець на ўласную творчасць па-новаму разам з рэдактарамі ды сапраўднымі майстрамі слова, адкрыць для сябе незнаёмую Беларусь і творчасць іншых.
Першыя два пленэры адбываліся ў вёсцы Маркава на Маладзечаншчыне - у хаце, дзе вырасла Тацяна Сапач. Свае лекцыі, прэзентацыі ды майстар-класы для іх ладзілі Ірына Дубянецкая, Міхась Казлоўскі, Кася Камоцкая, Сяргей Верамейчык, Сяргей Дубавец, Вольга Цярэшчанка, Ларыса Сапач ды іншыя сябры паэткі Тацяны Сапач.
Удзел у пленэры бясплатны, умовы не спартанскія, але вандроўныя. Каманда камерная, атмасфера сяброўская. Заяўкі (вершы і колькі словаў пра сябе) просім дасылаць на пошту plenervyraj@gmail.com.
Паводле прэс-рэлізу