Навіны


Штогадовы ўкраінскі “Книжковий Арсенал” з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для творчых кантактаў пісьменнікаў усяго сусвету. Сёлетні форум творцаў мастацкага і навуковага слова праходзіў пад дэвізам  “Суседства: пытанні супольнага жыцця на аснове дамоўленасцей і блізкіх каштоўнасцей”. Удзел у ім прымалі аўтары і іхнія кнігі  з Украіны,  Еўропы, Амерыкі, Канады, Азіі. Праблематыка фестывалю ахоплівала такія надзённыя пытанні, як “выўленне ўзаемадзеяння паміж культурамі, гісторыямі і палітыкамі суседніх краін, узаемаўплывы ў літаратурах, выдатныя постаці на скрыжаванні культур” і інш. Характар, дыяпазон кніжнай прадукцыі раскрывалі рэкламныя акцэнты з разгорнутымі анатацыямі, размешчаныя каля кожнай гандлёвай пляцоўкі выдавецтваў, якіх на кірмашы было блізка трох соцень.

У афармленні  майданчыка выдавецтва “Знання”, выкананым   яскрава і з густам,  была закладзена ідэя братэрскага суіснавання Украіны і Беларусі. Выразны лозунг над кніжнымі паліцамі “Знання” паведамляў: «До 95-річчя Василя Бикова». Асобны двухмятровы стэнд з ілюстрацыямі вокладак трох твораў Васіля Быкава, выдадзеных да юбілею беларускага майстра мастацкай прозы ў “Знанні”, не мог не прыцянуць увагу наведнікаў – шанавальнікаў  друкаванай кнігі. Пад надпісам “95 років від дня народження Василя Бикова” буйным фарматам рэкламавалася выданне раману “Мёртвым не баліць”. Ніжэй былі размешчаны рэкламныя  малюнкі яшчэ двух твораў Васіля Быкава – “Знак біди” і “Альпійська балада”.
 
Пагодзімся, адзначаны факт – абсалютна ўнікальны ў выдавецкай практыцы. У адным выдавецтве ў адзін час выходзяць тры кнігі аднаго аўтара, і пры гэтым важна адзначыць, што выданні – перакладныя, яны ўбачылі свет у  “вопратцы” ўкраінскай мовы! “Знак біди” – вынік перакладчыцкай працы  Д. Піліпчука, “Альпійська балада” – падаецца ў перакладзе  Г. Вігурскай. Пра выданне “Мертвим не болить” варта сказаць асобна. На стэндзе пад выявай вокладкі гэтага твора пазначана “Перше повне видання українською без цензурних скорочень  та без купюр». Спецыяльна  да юбілею Васіля Быкава пераклад гэтага найбольш аўтабіяграфічнага твора беларускага пісьменніка, што тэматычна як ні адзін іншы быкаўскі твор звязаны з падзеямі на ўкраінскай зямлі, выканала па просьбе выдавецтва “Знання” Таццяна Кабржыцкая.  

Сёння выдавецкі подзвіг “Знання” мы ацэньваем пераважна сітуатыўна. Аднак час пакажа, на каго трэба раўняцца ў гэтым складаным жыцці. І будзе дадзена па заслугах тым,  хто працуе не за страх, і не толькі з камерцыйнага разрахунку, а яшчэ і паводле голасу сумлення і той найвышэйшай справядлівасці, якая павінна быць у жыцці, ды перамагае далёка не скрозь і не заўсёды. “Знанню” тут адразу выкажам глыбокую павагу і падзяку! 

Вырашальны пачатак гэтай акцыі належаў дырэктару “Знання” Уладзіміру Іванавічу Карасёву. Гэта ён выношваў некалькі год ідэю выдання знакамітага беларускага пісьменніка. Гэта  У. Карасёў  зразумеў і адчуў, што менавіта Васіля Быкава – сярод усіх творцаў колішняга Савецкага Саюза – можна з поўным правам лічыць і беларускім, і ўкраінскім пісьменнікам. Бо праблематыка яго твораў таленавіта і смела адлюстроўвае ўсё, найбольш набалелае ў грамадска-нацыянальным жыцці нашых народаў. 

b850.jpg

Таццяна Кабржыцкая ля стэнда выдавецтва "Знання" з выданнямі В. Быкава.

Калектыў выдавецтва таксама ўспрыняў выданне твораў В. Быкава як “сапраўдную Падзею”. Як адзначае галоўны рэдактар “Знання” Уладзімір Паўлавіч Разумны, найбольшая заслуга ў тым, што кнігі В. Быкава пабачылі свет на ўкраінскай мове, з украінскага боку -- У. Карасёва,  з беларускага боку -- Т. Кабржыцкай і В. Рагойшы: “Менавіта яны прыклалі шмат намаганняў, сіл і пачуццяў, каб кнігі дайшлі да чытачоў Украіны”.  
Ліст У. Разумнага, дасланы ў Мінск, перадае атмасферу сучаснага адчування ўкраінцамі праблем беларускага жыцця. Падаем гэты ліст (са згоды аўтара): “Звычайна, увага да творчасці Васіля Быкава і ўвага да яго як асобы ва Украіне ўсе гэтыя гады заставаліся пастаянна ў полі зроку  інтэлектуальнай часткі грамадства. Я не сустракаў ніводнага чалавека, які б гаварыў нешта непаважлівае на адрас В. Быкава, ці беларускай культуры, ці беларусаў як такіх. У душах украінцаў заўсёды былі для беларусаў і цяпло, і павага: такі ж шматпакутны народ, як  і ўкраінцы. Браты – іншага слова я не бачу. Гэта да таго, што выхад у свет кніг В. Быкава – не рэвалюцыя. Але ўсё-такі – гэта выдатная падзея. Я даўна не бачыў у кнігарнях твораў Васіля Быкава. І ў гэтым плане выхад з друку адразу трох кніг такога пісьменніка – гэта прарыў! Дай Бог, каб гэтыя кнігі знайшлі сваё заслужанае  месца, высокі водгук у грамадстве”. 

Дырэктар “Знання” У. Карасёў, калі і рызыкаваў, адважыўшыся на выданне адразу трох кніг В. Быкава, то ўсё-такі даказаў сваім рашэннем, што рызыка – высакародная справа. І здольныя на такія ўчынкі – толькі рыцары духу! На пацвярджэнне сказанага не давялося доўга чакаць. У межах “Арсеналу” ў зале выставачнага комплексу “Экслібрыс” адбылася прэзентацыя выдадзеных у “Знанні” твораў Васіля Быкава. Да ўдзелу ў абмеркаванні выданняў з Беларусі былі запрошаны выдавецтвам  Таццяна  Кабржыцкая і Вячаслаў Рагойша. Вельмі аўтарытэтным і прадстаўнічым на прэзентацыі твораў В. Быкава быў украінскі бок. Мадэратарам акцыі выступіў знакаміты ўкраінскі празаік Міхайла Слабашпіцкі, выдатны грамадскі дзеяч, культуролаг, выдавец, які і словам і справай неаднойчы выяўляў сваю нязменна адкрыта чэсную пазіцыю адносна Беларусі, беларускай культуры, Васіля Быкава ў прыватнасці. З уласнай ініцыятывы далучыўся да размовы пра В. Быкава  доктар філалагічных навук, прафесар Кіева-Магілянскай акадэміі Уладзімір Панчанка. Ураджэнец Кіраваградшчыны, У. Панчанка расказаў пра ўшанаванне творчасці і памяці В. Быкава ў тых кіраваградскіх мясцінах, дзе адбываліся адлюстраваныя ў рамане “Мёртвым не боліць” падзеі ваеннага часу, дзе малады вайсковец Васіль Быкаў быў цяжка паранены, адкуль прыйшла да яго маці пахаронка на сына, дзе выратавала яго з кіпцюроў смерці ўкраінская сялянка цётка Марыя, дзе стаіць абеліск, на якім, на шчасце, памылкова выбіта імя і прозвішча нашага Быкава, што “гераічна загінуў у баях за вызваленне Украіны ад фашысцкіх захопнікаў”.

Міхайла Слабашпіцкі, які тонка адчувае нюансы роднай мовы, ацэньваючы ўкраінскія выданні В. Быкава, закрануў пытанні складанасці і спецыфікі перакладу з блізкароднасных моў.  На яго думку, раман “Мёртвым не баліць” гучыць па-ўкраінску настолькі арганічна, што дазваляе пераклад, здейснены Т. Кабржыцкай, лічыць велізарнай творчай удачай. 

Знакаміты паэт Дмытро Паўлычка, вядомы сваёй актыўнай змагарскай грамадзянскай пазіцыяй, на працягу ўсяго свайго жыцця быў гарачым патрыётам і Украіны, і Беларусі. Яго выступленні на “Арсенале” – выразнае сведчанне нязламнасці характараў і Д. Паўлычкі, і В. Быкава, якія былі  блізкімі аднадумцамі ў творчых здзяйсненнях і ў пытаннях нацыянальнага суверэнітэту. Д. Паўлычка, маючы яшчэ і салідны вопыт дыпламата-стратэга, высока ацаніўшы актыўнасць выдавецтва “Знання”  ў пракладанні гуманітарных мастоў яднання паміж Украінай і Беларуссю, заклікаў кіраўніцтва выдавецтва працягваць справу папулярызацыі творчасці В. Быкава ва Украіне. Прапанова Д. Паўлычкі прагучала цалкам канкрэтна: не выпускаць з рук ініцыятыву сучасных “украінскіх адкрывальнікаў нашага Васіля Быкава”, аднаго з лепшых майстроў не толькі беларускай, але  і ўсёй еўрапейскай літаратуры, здзейсніць  у “Знанні” ў бліжэйшы час  выданні тых яго твораў, у якіх найбольш яскрава выяўляецца супольнасць лёсу беларускага і ўкраінскага народаў. А гэта аповесці “У тумане”, “Аблава”, “Бліндаж”. Д. Паўлычка таксама  высока ацаніў прафесіянальную глыбіню  і эмацыянальную насычанасць пасляслоўя да рамана “Мёртвым не баліць”, напісанага Т. Кабржыцкай. 

Актыўнымі былі і наведнікі “Кніжнага кірмашу”. Іх цікавілі  як адметнасці ўсёй творчай спадчыны Васіля Быкава, так і агульныя пытанні развіцця найноўшай беларускай літаратуры. Асобная ўвага была скіравана на ўдзел прысутных беларускіх гасцей у развіцці міжнацыянальных украінска-беларускіх кантактаў.  Выявілася, што ўсе ўкраінскія ўдзельнікі прэзентацыі з маладых гадоў добра ведаюць Т. Кабржыцкую і В. Рагойшу, гэты сямейны і творчы саюз украінкі і беларуса, які ўспрымаецца як  рэальны доказ украінска-беларускай духоўнай еднасці. Пры гэтым мадэратар сустрэчы  Міхайла Слабашпіцкі падкрэсліў, што творчая актыўнасць беларускіх гасцей – літаратуразнаўчыя, культуралагічныя даследаванні, мастацкія пераклады з беларускай на ўкраінскую і з украінскай на беларускую і інш. -- знайшла ва Украіне афіцыйнае прызнанне. Таццяна Кабржыцкая і Вячаслаў Рагойша з’яўляюцца лаўрэатамі ўкраінскай Міжнароднай літаратурнай прэміі  імя Івана Франко. Таццяна Кабржыцкая – адзіная з Беларусі ўзнагароджана ўкраінскім дзяржаўным ордэнам Княгіні Вольгі.  Што датычыць ацэнкі канкрэтнага ўдзелу гасцей у прэзентаваныя  выданні, на гэта адказ даў галоўны рэдактар “Знання” Уладзімір Разумны. Ва ўкраінамоўнай кнізе “Мёртвым не баліць” перад раманным творам надрукаваны тэкст “Падзякі”: “Выдавецтва ўдзячнае перакладчыку Таццяне Вячаславаўне Кабржыцкай – вядомаму навукоўцу, кандыдату філалагічных навук. дацэнту, заслужанаму работніку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – за дасканалы пераклад поўнага тэкста раману ўключна з шматлікімі фрагментамі, якія былі зняты цэнзурай у папярэдніх выданнях, а таксама Рагойшу Вячаславу Пятровічу – вядомаму навукоўцу, доктару філалагічных навук, прафесару Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – за яго бескарыслівую дапамогу ў падрыхтоўцы выдання да друку”. 

rad3.jpg

Сустрэча на "Кніжным Арсенале" з Дмытром Паўлычкам. Побач (злева направа): Вячаслаў Рагойша, МІхайла Слабашпіцкі і Таццяна Кабржыцкая


Беларускія выступоўцы, у сваю чаргу, асобна спыніліся на адносінах Васіля Быкава да Украіны. Сам Васіль Быкаў неаднойчы выказваў  “захапленне геніем украінскага народа”, выяўляў “глыбокую павагу да гістарычнай мінуўшчыны ўкраінцаў, веру ў іх натхнёную і светлую будучыню”. На пасяджэнні ў “Арсенале”, пры абмеркаванні новых украінамоўных выданняў  твораў беларускага пісьменніка, агучаныя яго словы былі асабліва да месца. “Як і заўсёды, -- гаварыў Васіль Быкаў, -- калі мая кніга выходзіць на мове братняга ўкраінскага народа, мяне перапаўняе  пачуццё вялікай адказнасці за тое, што выказаў у ёй, за тое, як гэта ўдалося зрабіць. Бо вельмі хочацца, каб быў зразуметы ва ўсім…”
 
Агульны пафас разгледжанай прэзентацыі, што адбылася 24 мая  на “Кніжковым Арсенале 2019”, выявіўся ў прызнанні заслуг выдавецтва “Знання” як смелага і годнага папулярызатара творчасці Васіля Быкава ў сучаснай Украіне. Беларускі пісьменнік быў прадстаўлены перад украінскімі чытачамі як таленавіты, разнастайны, шырокі па спосабах адлюстравання праблем і па выяўленні свайго разумення рэчаіснасці майстар мастацкага слова, як грамадзянін выключнай мужнасці і сілы духу. 

Тэма “Васіль Быкаў – наш сучаснік” з падачы “Знання” была падхоплена журналістамі ўкраінскага нацыянальнага радыё. Кіраўнік радыёпраграмы “Культура” пісьменніца Леся Вароніна, жонка знанага ў Беларусі пісьменніка Яўгена Гуцала, арганізавала 25 мая прамы эфір, прысвечаны творчасці Васіля Быкава.  Удзельнікі яго – Таццяна Кабржыцкая, Вячаслаў Рагойша, Леся Вароніна, Дмытро Паўлычка, Уладзімір Разумны. Да ўдзелу ў перадачы праз телефон далучаліся і радыёслухачы. На працягу гадзіны – менавіта столькі доўжылася гутарка пра знакамітага беларуса, імя якога шануецца сёння далёка за межамі славянскіх краін,  -- было пастаўлена і абмеркавана шмат праблем і творчага, і агульнагуманітарнага парадку. Гэта і складаная гісторыя публікацый твораў Васіля Быкава, і абумоўленасць звароту пісьменніка да аўтаперакладу, і сучасны стан беларускай мовы. І хаця Вячаслаў Рагойша валодае ўкраінскай мовай, вядучая папрасіла яго як госця з Беларусі выступіць па-беларуску, каб беларуская мова, мова Васіля Быкава,  прагучала ў жывым і натуральна аўтэнтычным сваім гучанні. 

У агульным дыскурсе радыёперадачы галоўнай лініяй прайшла думка пра глыбінную гуманістычную скіраванасць твораў беларускага празаіка. Бо Васіль Быкаў, хаця і вядомы пераважна як пісьменнік ваеннай тэматыкі, ніколі не быў простым фіксатарам ваеннага часу, летапісцам армейскага быту.

Гаворачы пра партызанскія аповесці Быкава, выступоўцы адзначылі найперш іх беларусазнаўчую аснову. Закранаючы стан беларускай вёскі ў перадваенны і ваенны час, Быкаў імкнуўся паказаць менавіта “нацыянальнага чалавека”.  Кожны з абраных для твораў  матэрыял пісьменнік выкарыстоўваў для пазнання душы чалавека, што трапіў у экстрэмальную сітуацыю і знаходзіцца перад балючай неабходнасцю зрабіць у жыцці свой уласны выбар. Філасофскі гуманізм Васіля Быкава быў праілюстраваны і на звораце пісьменніка ў яго творах да тых біблейскіх запаветаў, што не страчваюць сваёй  актуальнасці ўжо на працягу тысячагоддзяў…

Далей падаем два вершы Дмытра Паўлычкі, прысвечаныя Васілю Быкаву, у перакладзе Вячаслава Рагойшы. Першы з іх быў напісаны дзесяць гадоў назад у Мінску. Другі – нарадзіўся непасрэдна пад уздзеяннем уражанняў ад прэзентацыі выданняў В. Быкава, здзейсненых выдавецтвам “Знання”, на што ўказваюць радкі “Кніжкі Твае перачытваю, што жыцьмуць вякі, Іх Кіеў пасябраваў з украінскаю моваю…” і дата напісання верша – 24 мая 2019 г. 

НА МАГІЛЕ ВАСІЛЯ БЫКАВА

 На магіле Васіля Быкава
Камень з белаю жылаю, 
Быццам бліскавіца застыгла ў ім,
Грымнуўшы з неба. 

Я дакрануўся, а яна пячэ,
Гэта не з неба, а скрозь камень
Агонь вялікага беларускага болю цячэ,
З сэрца зямлі, дзе Васіль Быкаў спачывае.

Беларусь, тваё сэрца
Нават пад каменем не памірае,
А ў руку маю б’ецца,
Б’ецца ў маё сэрца.

  6.ІІ.2009 г. у Мінску.

                           +   +   +
Васіль, дарагі, сумна-тужлівы браце мой,
Сэрца Твайго агонь не згасне ніколі.
Я ўжо сівы, але зноў і зноў выходжу на бой
За Украіну і Беларусь, за нашу і вашу волю.

Кніжкі Твае перачытваю, што жыцьмуць вякі,
Іх  Кіеў пасябраваў і з украінскаю моваю.
А ў Еўропу прастуюць новыя Салаўкі,
І што ж нам рабіць з Еўропаю безгаловаю?!

Я ўсё добра помню, і нікога ўжо не баюся,
Думаю пра Цябе, зачытаны ізноў Табою.
Я долю сваёй Украіны і Тваёй Беларусі
Бараніць буду вечна бессмяротнаю любоўю!

  Кіеў, 24.V.2019 г.

       Як бачна, зерне чалавечай і мастацкай праўды Васіля Быкава, засеянае ва ўкраінскую глебу “Знаннем”, пачынае даваць новыя плённыя ўсходы. Хай жа калосіцца і прыносіць свой багаты ўраджай мастацкая ніва і беларусаў, і ўкраінцаў.


  

Вячаслаў Рагойша, Таццяна Кабржыцкая
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------