Творчы вечар Настассі Лазебнай у Віцебску


Днямі ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна адбыўся творчы вечар Стасі Наркевіч (Настассі Лазебнай) «У завірусе містыкі і кахання».

У час вечара была прэзентавана кніга «Прывідаў пярсцёнак» і наладжана мастацкая выстава графічных ілюстрацый аўтара да кнігі. Прывітаўшы гасцей вечарыны ля мастацкай выставы, Настасся Лазебная крыху пазнаёміла іх з містычнымі вобразамі, якія ці сустракаюцца на старонках аповесці «Прывідаў пярсцёнак», ці паўплывалі на развіццё сюжэту аповесці.

Вечарына працягнулася ў актавай зале, дзе зноў гучала тэма містыкі і чараўніцтва. Па прапанове аўтара госці сустрэчы выцягвалі з кубышкі скрутачкі з пажаданнямі таямнічай варажбіткі і з тэкстамі з твораў Стасі Наркевіч, прачытаўшы ўрыўкі з твораў, атрымлівалі падарункі. Настасся Пятроўна расказвала цікавыя выпадкі са свайго дзяцінства, з журналісцкай працы. Усіх зацікавіла гісторыя з’яўлення новай кнігі аўтара з таямнічым сюжэтам.

Артыст Беларускага тэатра «Лялька» Юрый Франкоў прачытаў урывак з аповесці «Прывідаў пярсцёнак», а артыстка тэатра Наталля Гайдук – замалёўку «Дзівак з вакзала». Сваімі ўражаннямі ад творчасці Стасі Наркевіч падзяліліся літаратуразнаўца Ірына Саматой і пісьменнік Міхась Конан. Прагучалі вершы-прысвячэнні Стасі Наркевіч, напісаныя Людмілай Сіманёнак і Уладзімірам Папковічам. У чароўны вечар, калі святкуецца Стары Новы год або Шчадрэц, а па дамах ходзяць калядоўшчыкі, Настасся Лазебная падарыла ўсім сапраўднае свята дабра, любові, чараўніцтва.

БОЛЬШ ФОТА — у фотагалерэі Віцебскай абласной бібліятэкі


ГУ "Віцебская абласная бібліятэка ім. У.І.Ленина"