У Мінску абвясцілі пераможцаў прэміі "Дэбют" імя Багдановіча
Дата публікацыі: 26.03.2019
3502

Пераможца ў намінацыі "Паэзія" Галіна Сіўчанка і сябра журы прэміі Адам Глобус
Сёння ў мінскай кавярні "Грай", якая нярэдка прытульвае беларускія культурніцкія імпрэзы, прайшла цырымонія ўручэння штогадовай прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча. Арганізатарамі прэміі традыцыйна выступілі дабрачынны фонд "Вяртанне" і яго нязменны фундатар Павал Бераговіч, а таксама Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Выступае фундатар Літаратурнай прэміі "Дэбют" імя Багдановіча Павел Бераговіч

Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Таццяна Нядбай

Першы намеснік старшыні ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Алесь Пашкевіч
На гэты раз узнагароды ва ўсіх трох намінацыях узялі выключна жанчыны: у намінацыі "Пераклад", якая абвяшчалася першай, найлепшай прызналі перастварэнне Паўлінай Вітушчанкай рамана "Віленскі покер" Рычарда Гавяліса (Логвінаў, 2018), у галіне прозы найлепшай была прызнаная кніга Дар'і Трайдэн "Крыштальная ноч" (Кнігазбор, 2018), што выйшла ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў "Пункт адліку". У намінацыі "Паэзія", якая, паводле сябраў журы была найскладанейшай для кампрамісу, першае месца атрымала кніга "Зоў Звычаю" Галіны Сіўчанка (Медысонт, 2018). Усе лаўрэаткі атрымаюць ад дабрачыннага фонда "Вяртанне" чэкі на 4200 беларускіх рублёў.

Сябра журы Вера Бурлак абвяшчае чатыры заахвочвальныя прэміі
Заахвочвальныя прэміі ў памеры 1000 беларускіх рублёў сёлета атрымалі Стась Карпаў за зборнік "Канцылярыя розных спраў", Алесь Замкоўскі за кнігу "Наступны прыпынак", Алесь Кіркевіч за кнігу апавяданняў "Самурай" і Стэфан Корф за "Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага".

Прызёры прэміі "Дэбют" Стась Карпаў, Алесь Кіркевіч, Стэфан Корф, Алесь Замкоўскі і вядоўца цырымоніі Усевалад Сцебурака
Шчыра віншуем усіх пераможцаў!
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"