У Мінску адкрыўся Стральцоўскі фестываль паэзіі "Вершы на асфальце"

У залі рэстарана "Сёмаё неба" прайшло ўрачыстае адкрыццё Восьмага міжнароднага паэтычнага фестывалю "Вершы на асфальце" памяці Міхася Стральцова. Адкрылі вечарыну арганізатары — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч. 

Першы дзень традыцыйна мае ўрачысты характар, бо менавіта пад час адкрыцця прахоядзяць цырымоніі ўручэння дзвюх літаратурных прэмій - адной з найстарэйшых — прэміі часопіса "Дзеяслоў" "Залаты апостраф" — і адной з самых новых — імя Міхася Стральцова. Апошняя з узнагародаў, прэмія імя Міхася Стральцова, была ўпершыню ўручаная летась, калі ёй быў уганараваны паэт Алег Мінкін. Як і ў мінулы раз, усё трымалася ў сакрэце да апошняга і агучанае імя было абсалютнай нечаканасцю для ўсіх прысутных. Балазе, лаўрэатка сёлетняй стральцоўскай прэміі стала маладая паэтка з Гішпаніі Анхела Эспіноса Руіс.

Да цырымоніі паэтка атрымала шыкоўны падарунак — выдадзеную Саюзам "лаўрэацкую" кнігу выбраных твораў "Колер Крылаў", куды ўвайшлі не толькі вершы, але й эсэ, пераклады, створаныя ў апошнія гады. Нягледзячы на абсалютна нестандартнае рашэнне журы, зала вельмі цёпла прыняла й прывітала новую лаўрэатку прэміі, якая падзякавала ўсім і сказала прачулую прамову пра сваё бачанне літаратуры.

Неўзабаве былі абвешчаныя новыя лаўрэаты "Залатога апострафу". У галіне паэзіі ўзнагароду атрымаў заслужаны ветэран беларускай літаратуры, паэт Васіль Васільевіч Зуёнак. Найлепшай празаічнай публікацыяй 2018 года была прызнаная проза Уладзіміра Сцяпана. У намінацыі "Дэбют", як адзначыў галоўны рэдактар "Дзеяслова" Барыс Пятровіч, разгарнулася найбольш вострае абмеркаванне, канкурэнцыя была вельмі вялікай. У выніку прэміяй адзначылі Марыю Бадзей. Усе пераможцы былі вельмі ўсцешаныя прэміяй, і асабліва адзначылі важнасць яе ўручэння пад час Стральцоўскага фэсту, бо імя Стральцова называлася сярод найважнейшых літаратурных імёнаў у іх жыцці.

Наступны блок, пры мадэрацыі Андрэя Хадановіча, прадстаўляў уласна паэтычную творасць найлепшых беларускіх літаратараў і замежных гасцей з Літвы, Украіны і Швецыі. Перад слухачамі выступілі мінулагоднія лаўрэаты , Альгерд Бахарэвіч (прэмія "Кніга году"), Вера Бурлак (прэмія Шэрмана), Уладзімір Някляеў (прэмія Аляхновіча), Алесь Разанаў (Прэмія імя Арсенневай), Бенедыктас Янушэвічус (Літва) з перакладчыцай Сюзаннай Паўкштэла, Іда Ліндэ (Швецыя) з перакладчыцай Наталляй Паваляевай, Паўло Карабчук, Міраслаў Лаюк, Алена Сцепаненка (Украіна).

Першы дзень Стральцоўскага фэсту быў вельмі насычаным і размаітым па змесце, і прайшоў пры поўнай залі, што засведчыла цікавасць да мерапрыемства і, канечне, цікавасць менчукоў да беларускай паэзіі.

Арганізатары фестывалю: ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр". Партнёрамі фестывалю выступілі Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Амбсада Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь, Шведскі саюз пісьменнікаў, кампанія "Будзьма беларусамі!", кавярня-клуб "Грай", Літаратурны музей імя Петруся Броўкі, Літаратурны музей Максіма Багдановіча. 

ФОТААЛЬБОМ У ФЭЙСБУКУ


ПРАГРАМА ФЕСТЫВАЛЮ



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"