У Мінску развіталіся з Васілём Сёмухам

Труну з целам вялікага перакладчыка накрылі бел-чырвона-белым сцягам, верным якому Сёмуха заставаўся прынцыпова. Яшчэ ў 1990-я гады ён, найлепшы перакладчык краіны, быў выкінуты з працы ў дзяржаўным выдавецтве "Мастацкая літаратура". Лішне й казаць, што прадстаўнікі дзяржаўных структур ніяк не ўдзельнічалі ні ў арганізацыі пахавання, ні ў жалобнай грамадзянскай паніхідзе. 

Каля труны сваякі, сын і дачка, расклалі памятныя ўзнагароды, пасведчанні Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-Цэнтра, медалі Франіцішка Скарыны і нямецкія культурніцкія медалі. Нямецкія ўстановы памятаюць пра тое, што здзейсніў Васіль Сёмуха для папулярызацыі культуры Германіі ў Беларусі: спачувальны ліст даслаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол ФРГ у Беларусі Петэр Дэтмар, кветкі ад Гётэ-Інстытута ў Мінску прывезла на развітанне супрацоўніца Інстытута Вера Дзядок. 

siom1.jpg

Родныя й блізкія спачылага арганізавалі й невялікую, але надзвычай красамоўную выставу кніг, перакладзеных Васілём Сяргеевічам. Адно сказаць, што ўсе яны не змясціліся на стале: дзясяткі й дзясяткі аўтараў Германіі, Латвіі, Аўстрыі, Польшчы, ад класікаў -- Гётэ, Шылера, Грымельсгаўзена, Гофмана, Томаса Мана да больш сучасных Патрыка Зюскінда, Фрыдрыха Дзюрэнмата, геніі мадэрнісцкай літаратуры, найвыдатнейшыя паэты і паэткі Латвіі Візма Бэлшавіца, Аляксандр Чакс, Ян Райніс. І, канечне, Кніга Кніг — Біблія, перакладзеная Сёмухам ад пачатку да канца.

siom4.jpg

siom7777.jpg

Жалобную паніхіду адкрыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, які выказаў спачуванні дзецям і сваякам Васіля Сяргеевіча ад усёй пісьменніцкай арганізацыі. Барыс Пятровіч узгадаў шматлікія працы ў галіне перакладу, здзейсненыя Васілём Сёмухам, а таксама неацэнны ўнёсак у беларускую культуру — узгадаванне новага пакалення перакладчыкаў, якое згуртавалася вакол яго і пазней утварыла новую школу перакладу: Лявона Баршчэўскага, Змітра Коласа, Сяргея Шупу. Усе згаданыя прыехалі аддаць даніну павагі Майстру і сказалі нямала прачулых слоў, успамінаў пра сустрэчы і супольныя справы.

siom9.jpg
Барыс Пятровіч зачытвае спачуванні ад амбасадара Германіі Петэра Дэтмара

siom99.jpg
Перакладчык і выдавец Зміцер Колас

Зміцер Колас, які з'яўляецца не толькі вучнем, але й асноўным выдаўцом Васіля Сёмухі ў апошняе 10-годдзе, паабяцаў, што справа выдання таго, што створана Сёмухам будзе працягвацца, будуць новыя кнігі, прэзентацыі, бо далёка не ўсё яшчэ апублікавана. Ад імя Беларускага ПЭН-Цэнтра выступіла кіраўніца арганізацыі Таццяна Нядбай, якая зачытала верш "Душа" Карласа Шэрмана ў перакладзе Васіля Сёмухі. Абодва яны, і Шэрман і Сёмуха, напрыканцы 1980-х былі заснавальнікамі Беларускага ПЭНа.

siom899.jpg
Перакладчык Сяргей Шупа

Пра любоў Васіля Сёмухі і веру ў добрую будучыню беларускай справы распавёў Уладзімір Някляеў. Ён гаварыў, што Васіль Сяргеевіч надзвычай глыбока перажываў той прыгнечаны стан, у якім знаходзіцца цяпер беларуская культура, і да канца верыў, што пералом павінен вось-вось адбыцца. Ад вернікаў выступіў пастар Царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў, прагучала Біблія ў перакладзе спадара Васіля.

Выказаць спачуванні і аддаць належную пашану выдатнаму літаратару прыйшлі многія беларускія пісьменнікі і перакладчыкі: Леанід Дранько-Майсюк, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Яўген Бяласін, Леанід і Вера Галубовіч, Людміла Паўлікава-Хейдарава, Алесь Пашкевіч, Усевалад Сцебурака, Марына Шода, Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута, Уладізмір Ягоўдзік і шмат хто яшчэ.

Пасля заканчэння грамадзянскай паніхіды адбылося адпавянне па ўніяцкім абрадзе. 

Неўзабаве пасля крэмацыі пахаванне адбудзецца на Радзіме перакладчыка — Пружаншчыне.


Ціхан Чарнякевіч