У Мінску завяршыўся фестываль "Прадмова"

У Мінску завяршыўся маштабны кніжны фестываль "Прадмова", падчас якога прайшлі прэзентацыі многіх кніг, культурніцкіх праектаў, цырымоніі ўручэння літаратурных прэмій. Падчас фестывалю Саюз беларускіх пісьменнікаў удзельнічаў у цэлым шэрагу імпрэзаў.

Чацвер, дзень адкрыцця, стаў і днём уручэння Прэміі Гедройца, найважнейшай незалежнай літаратурнай узнагароды ў галіне прозы і нон-фікшн. Сёлета лаўрэатам Гедройца стаў Сяогей Дубавец за кнігу "Тантамарэскі". ІІ месца і паездку на шведскі востраў Готланд ад Саюза беларускіх пісьменнікаў атрымаў Андрэй Адамовіч. А ІІІ месца было ўручанае Зараславе Камінскай, колішняй выпускніцы Школы маладога літаратара.

На наступны дзень у межах "Прадмовы" адбылася прэзентацыя новага нумару часопіса "Дзеяслоў" з удзелам Барыса Пятровіча, Анатоля Івашчанкі і Віктара Слінко.

IMG_5534-01.jpeg

IMG_5503-01.jpeg

Адразу пасля прэзентацыі "Дзеяслова" адбылося ўганараванне дыпломамі Школы маладога літаратара W/Rights пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. На імпрэзу сабралося шмат выпускнікоў і выпускніц. Адзін з навучэнцаў, Данііл Арыянаў (Лысенка) напярэдадні быў затрыманы і асуджаны да адміністратыўнага арышту на 15 сутак. Школьнікі прачыталі верш Данііла і заклікалі пісаць яму лісты салідарнасці.

IMG_5530-01.jpeg

IMG_5533-01.jpeg

IMG_5536-01.jpeg

Напрыканцы дня былі ўручаныя прэміі Цёткі за найлепшую дзіцячую літаратуру, а таксама своеасаблівы юбілейны "Дэбют дзесяцігоддзя", арганізаваны фундатарамі прэміі "Дэбют". "Дэбютантам" дзесяцігоддзя быў названы Віктар Марціновіч, які на самым пачатку існавання прэміі атрымаў яе за раман "Сцюдзёны вырай".

CTK20_wnrz.jpg

Лаўрэаткамі Прэміі Цёткі сталі Зараслава Камінская і Вераніка Шпак.

Таксама ў межах фестывалю адбылася прэзентацыя кніг Барыса Пятровіча "Ідзі адзін" і "Роўна і трошкі ўправа".

photo_2020-10-18_18-59-43.jpg

Фестываль завершыўся цырымоніяй уручэння Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да кнігі (сёлета прэмію атрымала Кацярына Пікірэня), а таксама прэзентацыяй кнігі ўспамінаў і матэрыялаў пра Міхала Анемпадыстава "Простыя словы".


Фота Марыны Карповіч
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"