Уладзіміру Арлову – 65!

Уладзімір Арлоў

Пятнаццаць гадоў таму, пагодным жнівеньскім днём, калі ўсе фармальнасці і мітрэнгі, звязаныя з засяленнем першакурсніка ў інтэрнат, былі выкананыя, я скіраваўся не абы-куды, а ў Дом літаратара – Уладзімір Арлоў святкаваў, пры сціжме людзей незлічонай, сваё 50-годдзе.

Для мяне, смаркача, усё было дзівам: і метро, і зялёна-жоўтыя дрэвы парку Горкага, здаравенны авіяносец Дома літаратара з вінтавой каменнай лесвіцай на другі паверх, заваленыя пад завязку сталы хапугаў-букіністаў у холе, дзе за вялікія грошы можна было купіць усё, што заўгодна, бабулькі на раздачы ўлётак КХП і рознага іншага кшталту баявых лісткоў, урэшце – агромністая зала, дзе месцы былі занятыя відавочна даўно, хоць вечарына толькі пачалася, і людзі стаялі ў праходах ад сцэны да самых дзвярэй. Такая процьма народу пасля Пінску, дзе чалавек, загаварыўшы па-беларуску, ураз адчувае сябе прадстаўніком іншай расы сярод белых людзей, падалася мне прадвесцем нейкага адраджэння, і няўцям было, што і сам будынак “дээла” даўно адпісала сабе на баланс Канцылярыя Кафкавага Замку, што надоечы была разагнаная “Крыніца”, а сам Уладзімір Арлоў праз нейкі час надоўга страціць магчымасць выступаць на такіх буйных пляцоўках.

Гэта быў час папяровай літаратуры, калі яна ў нейкім сэнсе знаходзілася ў кантэксце некалькіх эстэтык – на газетнай шэрані загалоўкаў раптам выступаў свабодны верш, які можна было піць як віно, альбо сярод розных даволі нудных рубрык выскоквала падарожнае эсэ, якое разрывала тваё ўяўленне пра самі магчымасці пісьма і нават магчымасці дазволенага.

Што б гэта ні было, які б ні быў жанр – імя Уладзіміра Арлова гарантавала якасць тэксту. І, на мой погляд, галоўнаю якасцю тут была свабода.

Я маю на ўвазе, што калі ты чытаў Арлова, заўсёды з’яўлялася адчуванне: гэта напісаў свабодны чалавек. І ты сам станавіўся свабодным.

Ты ўдыхаў гэтую атмасферу раскаванага выказвання, нязмушанага жарту і іроніі з усяго наваколля, якое пыхкала на цябе абсурдам і злобай. Арлоў мог з гэтага нязмушана пасмяяцца, кінуць пару вызначэнняў і метафар, ад чаго ты сам не тое што пасміхаўся, а мог і памерці ад рогату, лежачы пад сталом, ложкам, канапай, ці дзе ты там знаходзіўся ў той момант.

Ты мог захлынуцца ад кахання, як захлынаўся галоўны герой Арлова, захапіцца распаведзенай гісторыяй, фрагментам “Вялікай Гісторыі З Падручніка” больш чым самім падручнікам, бо крыху больш пачынаў разумець што там здарылася ў Горках у 1863-м. Погляд Арлова ўваходзіў у цябе як кроў адной з табой групы, і, мабыць, нават калі ён шмат што прыдумаў тады, хто цяпер можа даць рады падзяліць сваё ўяўленні на “да” і “пасля”? Я дык нават і не хачу.

Важна, мабыць, тое, што ты набываў для сябе досвед жыцця ў яго прыгажосці, дурасці і ўсёй сваёй смакаце. І ў гэтым і ёсць надзённасць і, як той казаў, “непераходнае значэнне” кніг Уладзіміра Арлова.

І можа ў гэтым ёсць сэнс літаратуры сучаснай. Мы ўвеь час блытаемся ў нейкіх мярэжах – не абавязкова сацыяльных, але міжасобасных, эканамічных, палітычных, стамляемся ў адпачынку, ненавідзім прачынацца і засынаць.

Кнігі Арлова даюць адчуванне лёгкасці – нават калі гэта двухкілаграмовая “Краіна Беларусь”.

З імі неяк прасцей перажываць тое штодзённае навакольнае беспрасвецце, пра якое ўжо і гаварыць усім абрыдла.

Уладзімір Арлоў – гэта свята, якое заўжды з табой. І калі табе пашанацавала адчуць тое свята дзіцём, падлеткам, юнаком, то яно, напэўна, да канца дзён застанецца з табой. І напэўна, перадасца тваім дзецям.

Бо кнігі, якія дапамагаюць стаць свабодным, займець надзею і адчуць лёгкасць быцця, пастарэюць не хутка.

Ціхан Чарнякевіч


Рада і Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” шчыра віншуюць Уладзіміра Арлова з юбілеем і зычаць творчага настрою, добрага здароўя і натхнення на новыя творы.