Уладзіміру Ліўшыцу — 75!

Уладзімір Ліўшыц, Мікола Яцкоў (справа). Фота: horki.info
Уладзiмiр Лiўшыц нарадзiўся 1 лютага 1946 года ў г. Красны Кут Саратаўскай вобласцi ў сям'i служачых. Бацькi – ураджэнцы Беларусi.

Бацька Маiсей Хаймавiч, iнвалiд па зроку, добраахвотнiкам абараняў Ленiнград, мацi – Соф'я Давыдаўна, была з дачкой эвакуiравана ў г. Красны Кут. З чэрвеня 1946 года сям'я жыве ў г. Горкi Магілёўскай вобласцi.

У 1964 годзе скончыў Горацкую СШ №2. Год працаваў на вытворчасцi. У 1969 годзе з адзнакай скончыў гiстарычны факультэт Магiлеўскага педагагiчнага iнстытута, у 1980 годзе – завочна аспiрантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсiтэта. Кандыдат фiласофскiх навук (1980), дацэнт (1981). З 1969 года працаваў выкладчыкам гiсторыi ў Панкратаўскай сярэдняй школе Горацкага раёна, служыў у Савецкай Армii, працаваў iнспектарам РАНА Горацкага райвыканкама, асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам кафедр навуковага камунiзму, фiласофii i палiталогii, маркетынгу і права, гiсторыi дзяржавы i права Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii, рэдактарам часопiса "Вестник БСХА". З 1988 па 2005гг. працаваў дырэктарам Горацкага гiстарычна-этнаграфiчнага музея.

Першы артыкул надрукаваў у часопiсе "Маладосць" у 1970 годзе. Цяпер аўтар 50 кнiг і брашур, больш як 600 артыкулаў па гiсторыi, краязнаўству, этнаграфii, лiтаратуразнаўству, фiласофii, сацыялогii, палiталогii, праву, гiсторыi аграрнай адукацыi i педагогiцы. Пiша на беларускай i расейскай мовах.

Сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". З 2007 года жыве ў Ізраілі ў г. Нацрат Іліт, займаецца лiтаратурнай i навуковай працай.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Уладзіміра Ліўшыца з нагоды юбілею, зычаць яму моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя творы і ўдзячных чытачоў!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"