Уладзіміру Ягоўдзіку — 65!

Уладзімір Ягоўдзік. Фота: novychas.by
Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік (таксама Ягаўдзік Уладзімір), нарадзіўся ў вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах, у 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1978-1982 гг. працаваў карэспандэнтам Берасцейскай абласной газеты «Заря», рэдактарам Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. З 1982 г. жыве ў Менску. У 1982-1990 гг. - супрацоўнік штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1990 г. - рэдактар газеты «Дзеці і мы». Сябра СП СССР з 1985 г.

Дэбютаваў у друку вершамі ў 1972 г. (газета «Гродзенская праўда»). 

Напісаў для дзяцей п'есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні, «Залатое зярнятка» (пастаўлена ў 1983), «Сонейка, свяці!» (надрукавана і пастаўлена ў 1985), «Пякла баба калачы» (з А.Шкілёнкам, пастаўлена ў 1987), «Сакрэты Вогніка» (пастаўлена ў 1987), «Усміхніся, прынцэса...» (надрукавана і пастаўлена ў 1990).

Выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык, а таксама з мастацтвазнаўчымі артыкуламі пра самадзейных і прафесійных мастакоў рэспублікі.

Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў асобныя творы Л.Лявонава, В.Астаф'ева, Ю.Бондарава, М.Віграноўскага.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць спадара Уладзіміра з нагоды юбілею, зычаць яму моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя творы і ўдзячных чытачоў!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"