Ва Ўкраіне плянуюць адкрыць помнік Яну Баршчэўскаму

Чуднаўская гарадзкая рада на чарговай сэсіі ў красавіку разгледзіць пытаньне аб вылучэньні зямельнага надзелу, на якім плянуюць паставіць помнік аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яну Баршчэўскаму — ён жыў і памёр у горадзе Чуднаў Жытомірскай вобласьці.


02-10EBC3B5-7405-47C3-837B-34A302F9D368_w1597_n_r0_st.jpg

Меркаванае надмагільле Яна Баршчэўскага, знойдзенае ва ўкраінскім Чуднаве


«Цяпер мы разглядаем два магчымыя месцы для помніка Баршчэўскаму, але больш схіляемся да таго, што помнік мусіць быць пастаўлены паблізу рыма-каталіцкага касьцёлу Адшуканьня Крыжа Гасподняга», — паведаміла Свабодзе загадчыца аддзелу культуры Чуднаўскай гарадзкой рады Сьвятлана Захарчанка.

Паводле яе, ідэю такога ўшанаваньня памяці Яна Баршчэўскага падтрымалі Міністэрства культуры Беларусі, Літаратурны музэй і Фонд імя Льва Сапегі.

«Фонд прапанаваў ужо і эскіз помніка, які мае паяднаць бюст і тую надмагільную пліту, што знайшлі летась у Чуднаве. Мы хацелі б, каб гэта адбылося ў верасьні, калі мы адзначаем дзень гораду», — дадала Сьвятлана Захарчанка.


Што папярэднічала

Летась у красавіку ў Чуднаве на падворку мясцовага жыхара Анатоля Прыходчанкі знайшлі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага. Спачатку яе перадалі на захоўваньне ў мясцовы рыма-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга, а потым перавезьлі ў Жытомір і перадалі абласному аддзяленьню Саюзу палякаў Украіны.

Рэстаўраваць надмагільле яшчэ не пачалі. Знаходцы таксама пакуль не прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

У дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласьці знаходзіцца мэтрычны дакумэнт аб сьмерці Яна Баршчэўскага. Да таго дакладная даты жыцьця пісьменьніка былі невядомыя. Знойдзены дакумэнт дапаможа ўнесьці яснасьць.


Хто такі Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.

Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць як чытальнік і аўтар вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая не захавалася.

Студэнцкія вакацыі часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах навакольлямі возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.

Пісаў па-польску і па-беларуску. Сама вядомыя ягоныя вершы, напісаныя па-беларуску, — «Дзеванька» (прысьвечаны любімай дзяўчыне прозьвішчам Максімовіч) і «Бунт хлопаў».


03-964417C5-2EFA-452E-B739-D188492034CB_w1597_n_r0_st.jpg


У 1820-х пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам зь іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.

Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.

Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў, ва Ўкраіну. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Юліі Жавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр Баршчэўскі ад сухотаў.

Паводле Радыё Свабода